25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алена Захаранка: «Мы ведаем, калі быў выкрадзены бацька, але не ведаем, калі і як ён памёр...»

13

9 гадоў таму - 7 траўня 1999 года - недалёка ад сваёй хаты быў гвалтоўна выкрадзены экс-міністр унутраных справаў Юры Захаранка.

Сёння праваахоўныя органы разглядаюць адразу тры справы адносна Юрыя Захаранкі. Аднак ні ў воднай з іх за гэтыя дзевяць гадоў не пастаўлена кропка.

"Самая першая справа - гэта крымінальна-вышуковая, якую расследуе ГУУС Мінгарвыканкама, - кажа ў інтэрв'ю "Народнай волі" прадстаўнік сям'і Юрыя Захаранкі, былы следчы пракуратуры Алег Воўчак. - Гэта справа закрываецца толькі тады, калі чалавек аб'яўляецца, яна ніколі не перапыняецца.

Другая крымінальная справа распачата пракуратурай Менска па артыкуле "Забойства", яна падоўжана па 24 чэрвеня. Фактычна, следства за гэтыя дзевяць гадоў перапынялася толькі аднойчы - на тры месяцы. Але разглядаецца яна чыста фармальна. Следчы Кухаронак не паведамляе ні сваякам, ні іх прадстаўнікам, як прасунулася следства, якія версіі адпрацоўваюцца. Мы толькі атрымліваем кароткую паперку пра тое, што справа ізноў падоўжана на тры месяцы, аб выніках будзе паведамлена дадаткова. За гэтыя дзевяць гадоў мы ўсё, што маглі, далучылі да матэрыялаў справы: усе часопісы, усе публікацыі. У аператыўнікаў і следчых досыць інфармацыі, каб выклікаць і дапытаць у якасці падазраваных высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

І трэцяя справа - гэтая цывільная справа аб прызнанні Юрыя Захаранкі памерлым. Гэта справа было перапынена нібыта ў сувязі з тым, што не разгледзена крымінальная справа, таму суд не можа вынесці адпаведнае рашэнне. Хаця насамрэч адно другому не замінае. На маю думку, улада проста баіцца прызнаць Захаранку памерлым. Вольга Барысаўна з дочкамі нават не могуць прадаць кватэру, якая засталася ў іх у Менску.

Дарэчы, тэрмін іскавай даўніны па артыкуле "Забойства" - 25 гадоў. А ўжо мінула дзевяць…

Хачу звярнуцца да сведак знішчэння Захаранкі, да следчых і аператыўнікаў, якія вядуць яго справу. Набярыцеся мужнасці, распавядзіце людзям усю праўду аб выкраданні Юрыя Захаранкі. Пасля можа быць позна…"

Сям'я Юрыя Захаранкі апошнія гады жыве ў Нямеччыне - жонцы, дзвюм дачкам і ўнуку генерала далі палітычны прытулак.

- 7 траўня для нас - трагічны дзень. У гэты дзень імгненна перавярнулася ўсё наша жыццё, - сказала "Народнай волі" старэйшая дачка экс-міністра Алена Захаранка. - Раней, згадваючы бацьку, заўсёды плакалі, а цяпер ужо няма слёз. Мы бо тут і так ледзь не штодня плачам… Настальгія па роднай краіне, роднай хаце, былога шчаслівага жыцця - нажаль, гэта ніяк не лякуецца…

Мы ведаем, калі быў выкрадзены бацька, але не ведаем, калі і як ён памёр. Не ведаем, што з ім рабілі пасля выкрадання: як і дзе над ім здзекаваліся, катавалі…

Нядаўна паказвала сыну відэазапіс, дзе ён маленькі ляжыць на жываце ў дзеда. Тата кажа яму: "Вырасцеш, Кіруша, дык хоць прыйдзеш да дзеда на магілу, крапіву якую вырвеш…" А у нас жа няма нават магчымасці на магілку схадзіць. Ды і дзе яна, тая магілка? Усё ж калі чалавек хавае свайго блізкага, бачыць яго ў дамавіне, развітваецца з ім, праз пэўны час сэрца неяк супакойваецца. А мы ж не развіталіся з бацькам. Ён для нас паміж небам і зямлёй. Гэта самае страшнае… Я, дарэчы, дагэтуль не магу зразумець, чаму яго не прызнаюць памерлым: бо столькі гадоў мінула...

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках