25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: «Адказ на рэпрэсіі – байкот»

39
Зміцер Бандарэнка: «Адказ на рэпрэсіі – байкот»

"Улады паставілі на дыялогу і дэмакратызацыі крыж, развязаўшы сапраўдны тэрор супраць палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Таму дэмакратычныя сілы мусяць пачаць рэалізацыю іншай стратэгіі", -- лічыць каардынатар Хартыі'97 Зміцер Бандарэнка.

-- Вы былі адным з ініцыятараў дыялогу апазіцыі з уладамі. Ці мела сэнс гэтая ініцыятыва, калі палітвязні па-ранейшаму ў турме, мірныя акцыі жорстка разганяюцца, Лукашэнка публічна абражае дэмакратаў па тэлебачанні?

-- Сэнс мела, але маеце рацыю: надышоў час і апазіцыі адмовіцца ад дыялогу. Нагадаю, што ў пачатку 2007 года Беларусь апынулася на мяжы эканамічнай катастрофы пасля рашэння Расеі рэзка ўзняць кошты на газ і нафту, што пастаўляюцца ў нашу краіну. Узнікла пагроза страты незалежнасці. У гэтых умовах апазіцыя цалкам свядома працягнула руку дапамогі беларускім уладам. І што б ні казаў сёння Лукашэнка, прапанова дыялогу з боку дэмакратычных сілаў паспрыяла рэалізацыі ў Беларусі шэрагу інвестыцыйных праектаў, значна ўзмацніла пазіцыі краіны на перамовах з Расейскай Федэрацыяй, дазволіла адкрыць новыя крэдытныя лініі ў Еўропе. Бо адна рэч мець зносіны з апошняй дыктатурай Еўропы, і іншая - з уладамі, якія абвясцілі пачатак дэмакратызацыі, гатовасць весці дыялог са сваёй апазіцыяй і пачатак дыялогу з Захадам. Ну а тое, што кіраўнік дзяржавы публічна ўжывае такія словы, як «вшивый», «шелудивый», «отморозок», дык ён такім чынам прыляпляе гэтыя эпітэты да сябе, дэманструючы агрэсіўнасць і не надта добрае выхаванне.

-- Апазіцыя канчаткова адмаўляецца ад дыялогу з уладамі?

-- Дыялог адкрываў цалкам новыя магчымасці для краіны. Падчас сваіх міжнародных візітаў прадстаўнікі апазіцыі казалі: у выпадку вызвалення ўсіх палітвязняў, і ЗША, і еўрапейскія краіны мусяць зрабіць крокі насустрач беларускім уладам. Нядаўна ў Вашынгтоне мы абмяркоўвалі з высокімі прадстаўнікамі Дзярждэпартамента магчымасць візіту міністра замежных справаў Беларусі і прадстаўніка Адміністрацыі Лукашэнкі ў ЗША. Амерыка сапраўды была гатова да рэальнага прарыву ў адносінах з нашай краінай, вялося пра гатовасць сур’ёзна паспрыяць у рашэнні энергетычных праблемаў Беларусі.

Калі б беларускія ўлады вызвалілі Аляксандра Казуліна да канца лютага, як і абяцалі амерыканскім і еўрапейскім палітыкам, то з 1 сакавіка мы б жылі ў новай Беларусі. Аднак Аляксандр Рыгоравіч прыняў бок тых сваіх паплечнікаў, якія ніякім чынам не бачаць сябе ў дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі.

Апазіцыя будзе зноў гатова да дыялогу ў выпадку рэальных крокаў улады па дэмакратызацыі краіны.

Пакуль жа ўлады паставілі на дыялогу і дэмакратызацыі крыж, развязаўшы сапраўдны тэрор супраць палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Таму дэмакратычныя сілы мусяць пачаць рэалізацыю іншай стратэгіі.

-- Якой можа быць новая стратэгія апазіцыі?

-- Новая стратэгія сёння - гэтае цвёрдае супрацьстаянне дыктатуры ва ўсіх кірунках. Ва ўмовах, калі ніякай лібералізацыі не адбываецца, немагчыма спадзявацца, што хуткія выбары ў "парламент" будуць дэмакратычнымі і вольнымі, таму на павестку дня ўстаюць лозунгі "Байкот выбарчаму фарсу!", "Байкот рэжыму Лукашэнкі!", "Байкот дыктатуры!". Улады самі падштурхнулі апазіцыю да змены падыходаў.

-- Што можа даць байкот выбараў? Партыі заяўляюць, што выбарчая кампанія дае дэмакратам дадатковую магчымасць для інфармавання насельніцтва Беларусі пра сітуацыю ў краіне.

-- У гісторыі ёсць выпадкі, калі паспяхова здзейсненыя байкоты прымушалі ўлады ісці на значныя саступкі на наступных выбарах. Значна горш - байкот непадрыхтаваны. Так, беларуская апазіцыя выкарыстала частковы байкот на мясцовых выбарах у 1999 і 2007 годзе. Неэфектыўна рабіць заявы пра байкот выбараў за некалькі дзён да галасавання. Такія кампаніі, насамрэч, прыводзяць да дэпрэсіі ў грамадстве і адцёку актывістаў. Байкот жа выбараў 2000 года ў значнай ступені кансалідаваў дэмакратычныя сілы, спрыяў значнаму прыходу моладзі ("Зубр", "Малады Фронт"). Думаю, ніхто не стане спрачацца, што параза на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года было звязана са слабасцю і пасіўнасцю высунутых апазіцыяй кандыдатаў. Усе моцныя кандыдаты альбо не мелі права ўдзельнічаць у выбарах з-за турэмнага зняволення альбо былі забітыя.

Байкот-2008 таксама стане перашкодай намерам у чарговы раз сумясціць выбары з рэферэндумам. Напрыклад, аб Канстытуцыйным акце аб'яднання з Расеяй.

-- Але ўсё роўна людзей будуць заганяць на датэрміновае галасаванне. Які можа быць байкот у такіх умовах?

-- У пытанні змяшчаецца і адказ. Усё ведаюць, што датэрміновае галасаванне выкарыстоўваецца дыктатарскімі рэжымамі для масавых фальшаванняў. У нармалёвых умовах, у тым ліку на выбарах 90-х гадоў у Беларусі, у датэрміновым галасаванні бярэ ўдзел 3-5 адсоткаў выбарцаў. Таму неабходна наладзіць кантроль за колькасцю тых, хто прагаласаваў менавіта ў асноўны дзень галасавання. Я думаю, гэта цалкам па сілах і замежным, і беларускім дэмакратычным назіральнікам. Хацеў бы нагадаць, што ў 2000 годзе, адразу пасля так званых выбараў БТ пераказала, што выбары не адбыліся ні ў адным з абласных гарадоў і ў Менску з-за нізкай яўкі. І толькі праз некалькі гадзінаў улады пачалі адкручваць, але ў траціне гарадскіх акругаў давялося ладзіць паўторныя выбары. Нават у Магілёве адбыўся другі тур. Баявы дух апазіцыі пасля кампаніі байкоту быў вельмі высокі.

-- Гэта значыць, вы не спадзеяцеся, што ўлады пойдуць на правядзенне дэмакратычных выбараў, пасля таго, як кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына ўжо заявіла, што прапановы апазіцыі аб кантролі над падлікам галасоў незалежнымі назіральнікамі "невыканальныя"?

-- Я думаю, усё стане канчаткова ясна ў сярэдзіне чэрвеня. І з гэтага часу можна будзе пачынаць кампанію байкот сіламі грамадзянскай супольнасці. Партыі на першым этапе паспрабуюць скарыстаць магчымасці выбарчай кампаніі для прасоўвання сваіх ідэяў, але, сутыкнуўшыся з чарговай "гульнёй без правілаў", далучацца да байкоту. Магчыма, не ўсё адразу падтрымаюць байкот, але, у рэшце рэшт, да яго далучыцца абсалютная большасць дэмакратычных структур.

-- Не ці азначае гэта, што пасля аб'явы байкоту рэпрэсіі будуць узмоцнены?

-- Байкот з'яўляецца адказам на рэпрэсіі. Да таго ж, рэакцыяй на ціск уладаў мусіць стаць значнае ўзмацненне кампаніі салідарнасці як у краіне, так і за межамі.

-- Калі апазіцыя прапаноўвала ўладам дыялог, вялося, што гэта, перадусім, "пасланне для чыноўнікаў". Што рабіць тым з іх, хто хацеў дыялогу?

-- Думаю, што згортванне дыялогу з апазіцыяй, і асабліва з Захадам, стала для многіх чыноўнікаў шокам. Падчас шматлікіх кантактаў беларускіх дэмакратаў з дзяржслужачымі, як санкцыянаваных "зверху", так і неафіцыйных, мы яшчэ раз пераканаліся, што абсалютная большасць гэтых людзей жадае пазітыўных зменаў і звязвае свае інтарэсы з новай дэмакратычнай Беларуссю, з Еўропай. Цяпер чыноўнікі вымушаны зноў слухаць з экранаў тэлевізараў гісторыі пра выкрыццё чарговай "групы карупцыянераў". Але думаю, новае "зацісканне гаек" доўгім не будзе. У дыктатуры папросту няма для гэтага рэсурсаў. Форму байкоту дыктатуры кожны можа вызначаць сам. Гэта дапаможа рэальнаму аб'яднанню ўсіх нармалёвых людзей, як ва ўладзе, так і ў апазіцыі. Ужо ўсім бачна, што даўно чаканым зменам у краіне перашкаджае вельмі і вельмі маленькая група людзей. І калі яны адказалі на дыялог новымі арыштамі і адштурхнулі працягнутую руку, то нам усім нічога не застаецца, як прыняць выклік. Яны самі пачалі канфрантацыю.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках