25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Афіцыйныя прафсаюзы адмовіліся бараніць незаконна звольненага апазыцыянэра

Леанід Аўтухоў з райцэнтру Гарадок меркаваў праз суд аспрэчыць сваё звальненьне. Але старшыня галіновай прафсуполкі Антаніна Захарава адмовілася падтрымаць яго ў судзе.

Леанід Аўтухоў, старшыня раённай суполкі Партыі БНФ, хацеў давесьці, што ў час ягонага звальненьня мелі месца парушэньні працоўнага заканадаўства, а таксама перасьлед з палітычных матываў. Аднак на ягоны бок ня сталі ні пракурор, ні афіцыйны прафсаюз, а старшыня райсуду Аляксандар Ляшкевіч прызнаў звальненьне апазыцыянэра слушным.

Спадар Аўтухоў быў звольнены з пасады апэратара ачышчальных збудаваньняў сёлета 4 красавіка: зь ім не працягнулі працоўны кантракт. У судзе ён распавёў, што працэдура звальненьня адбывалася з парушэньнямі. У прыватнасьці, яму менш як за месяц паведамілі пра тое, што кантракт ня будзе працягнуты. Да таго ж, як высьветлілася, ён адпрацаваў частку працоўнай зьмены ўжо пасьля таго, як быў звольнены, а гэта аўтаматычна абазначае працягненьне кантракту.

Леанід Аўтухоў папрасіў, каб у суд выклікалі старшыню прафсаюзнай суполкі Гарадоцкага прадпрыемства ЖКГ Антаніну Захараву. Зьвярнуўшыся да яе, звольнены папрасіў дапамогі – каб прафсаюз патлумачыў спрэчныя пытаньні адносна заключэньня кантракту і дапамог аднавіцца на працы. Аднак спадарыня Захарава заявіла, што Аўтухоў аўтаматычна выключаны з прафсаюзу ў дзень ягонага звальненьня. І суддзя Аляксандар Ляшкевіч зьедліва заўважыў, што суд ня мае права абавязаць прафсаюз дапамагаць камусьці старонняму ў працоўных спрэчках.

Не дачакаўшыся дапамогі на мясцовым узроўні, апазыцыянэр выказаў хадайніцтва, каб у суд зьявіўся нехта з вышэйшага прафсаюзнага начальства. На працэс прыехала намесьцніца старшыні Віцебскай абласной федэрацыі прафсаюзаў мясцовай прамысловасьці і ЖКГ Ірына Сямёнава. У адрозьненьне ад кіраўніцы мясцовай структуры, Ірына Сямёнава ня стала аспрэчваць таго, што звольнены Аўтухоў усё яшчэ лічыцца сябрам прафсаюзнай арганізацыі, але камэнтаваць ігнараваньне просьбы пра дапамогу з боку сваёй падначаленай яна адмовілася.

– На працягу трох месяцаў пасьля звальненьня чалавек лічыцца сябрам галіновага прафсаюзу, –- сказала І.Сямёнава. – Я магу пацьвердзіць, што, згодна з пагадненьнямі, падпісанымі прафсаюзам, пра звальненьне насамрэч трэба папярэджваць за месяц. Аднак я лічу, што гэтыя дакумэнты маюць рэкамэндацыйны характар, і на месцах кіраўніцтва само вырашае, карыстацца імі ці не. Таму прэтэнзіі спадара Аўтухова можна й не лічыць доказамі парушэньня заканадаўства. Так, яго звольнілі, але я па-ранейшаму гатовая паўтарыць, што галоўны пастулят для нашага прафсаюзу – гэта "кожны чалавек мае права на працу".

Ні падчас звальненьня, ні ў судзе гарадоцкі актывіст так і не даведаўся, чаму зь ім не працягнулі кантракт, хаць наймальнік паводле заканадаўства мусіць гэта тлумачыць. Адзінай прычынай Леанід Аўтухоў лічыць сваю грамадзкую актыўнасьць:

– Я зьяўляюся старшынёй партыйнай суполкі і зьбіраюся балятавацца на будучых выбарах, выдаю таксама недзяржаўную газэту "Да перамогі". Усё гэта не падабаецца мясцовым уладам. Адбываўся вялікі ціск на аддзел ЖКГ, каб мяне пакараць, то бок пазбавіць працы. А суд падпарадкоўваецца мясцовай уладзе, залежыць ад яе. Аднаку усё адно я буду аспрэчваць пастанову ў вышэйшых судовых інстанцыях, а таксама скардзіцца на несправядлівую пазыцыю прафсаюзаў.

Яшчэ адзін актывіст з райцэнтру Гарадок, звольнены па палітычных матывах, – былы дырэктар школы Леанід Гаравы кажа, што падтрымлівае памкненьні Аўтухова дабівацца праўды. Але ён мала верыць у посьпех гэтае справы.

– Гучна разрэклямаваная ў дзяржаўных СМІ сыстэма сацыяльнага партнэрства зьяўляецца пустым пшыкам, бо не мае пад сабой юрыдычнай базы, якая можа быць улічана судом. З году у год ідуць гаворкі аб абароненасьці працоўных праз калектыўныя дамовы, праз пагадненні, але ўсё гэта нічога ня вартыя, пустыя словы, –- сцьвярджае Леанід Гаравы.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках