25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Свабодны тэатар» стварае акторскую студыю

У рамках доўгатэрміновай культурніцкай акцыі “Эўрапейскі тэатар -- беларускай публіцы” Менск наведаў вядомы нямецкі рэжысэр Кай Охрэм са спэктаклем “Нажніцы”. Арганізатарам паказу стаў “Свабодны тэатар”, які нядаўна вярнуўся з гастроляў у Францыі і цяпер бярэцца за рэалізацыю новых задумаў.

У прыватнасьці, ужо гэтым летам на базе тэатру пачне працаваць студыя для падрыхтоўкі актораў.

“Свабодны тэатар” ня можа гарантаваць замежным удзельнікам тэатральнага фэсту нічога, апроч цёплага прыёму публікі. Якую, да слова, на падпольныя паказы даводзіцца зьбіраць ва ўмовах жорсткай кансьпірацыі. Досыць нагадаць, што год таму ў часе паказу спэктаклю “11 кашуляў” спэцназ уварваўся на здымную кватэру, былі затрыманыя паўсотні гледачоў, пастаноўшчык спэктаклю з Францыі, супрацоўнікі парыскага тэатру-студыі “Артфатвіль” і два выкладчыкі тэатральнай школы з Галяндыі.

Чарговаму госьцю беларускай сталіцы, рэжысэру зь Нямеччыны Каю Охрэму, таксама давялося прыстасоўвацца да экстрэмальных умоваў. Ягоны спэктакль “Нажніцы” прэзэнтаваўся ў напаўзакінутым будынку. У рэальным часе зьмест сцэнічных дыялёгаў перакладаўся зь нямецкай на беларускую мову. Працы Охрэма зь беларускім “Свабодным тэатрам” аб’ядноўвае перадусім нязручнасьць тэмаў, якую многія творцы намагаюцца абысьці.

Кіраўнік тэатру Мікалай Халезін паведаміў “Радыё Свабода”, што цяпер шмат хто якраз і едзе ў Беларусь па экстрым, якога ў астатняй Эўропе проста няма:

“Гэты фэст пачаўся два гады таму, калі да нас прыехаў чэскі тэатар, які мае вельмі сьмешную назву “Самыя ўлюбёныя медзьведзяняты”. Гэта быў падпольны тэатар у той час, калі ў Чэхіі была камуністычная дыктатура. Тэатар існуе і зараз. Потым быў запрошаны ў Менск Крысьціян Бэнэдэцьці з тэатру-студыі “Артфатвіль”, ён тут працаваў над спэктаклем “11 кашуль” і быў арыштаваны. Але працу мы працягнулі, і наступным у Менск прыехаў Кай Охрэм, які паставіў спэктакль пад назвай “Грум”. І тады ж мы вырашылі, што Кай таксама мусіць прывезьці да нас свой іншы спэктакль, які атрымаў вельмі добрую крытыку ў Гамбургу. Гэта спэктакль мае назву “Нажніцы” і пастаўлены па тэксьце нямецкай драматургэсы Дэа Лоэр”.

Аднак, працягвае Мікалай Халезін, ад гэтага году фармат тэатральнага фэсту будзе зьменены. Цяпер замежныя тэатралы будуць ня толькі паказваць, але і вучыць:

“Гэтым летам мы адчынім студыю для падрыхтоўкі актораў. Гэта будзе ўнікальная студыя, у якой акторы будуць мець падрыхтоўку ў самых розных галінах тэатральнай сфэры. Гэта і акторскае майстэрства, і танец, нават драматургія – усё, што не дадаюць афіцыйныя навучальныя ўстановы. Для гэтага будзем запрашаць сюды актораў зь вядучых усясьветных тэатраў, якія будуць праводзіць майстар-клясы і заняткі з нашымі студыйцамі. А таксама яны будуць тут паказваць нейкія свае напрацоўкі – як спэктаклі, так і эцюдныя ці маналягічныя працы”. .

Цяпер больш часу “Свабодны тэатар” праводзіць у замежных паездках. У некаторых краінах артыстаў ужо добра ведаюць – нядаўна яны вярнуліся з Францыі, дзе па другому разу паказвалі “Пакаленьне джынс”. Перад гэтым у Грэцыі атрымалі прэстыжную тэатральную прэмію “Эўропа – тэатру”. Прасоўваньню “Свабоднага тэатру” нямала спрыяюць усясьветныя сьвяцілы, якія ўваходзяць у апякунскую раду тэатру – брытанцы Том Стопард і Марк Равэнхіл, чэх Вацлаў Гавэл, францужанка Арыяна Мнушкіна.

Крытык Максім Жбанкоў кажа, што цяпер міжнароднае прызнаньне беларускаму тэатру прыносяць некалькі сцэнічных праектаў, перадусім гэта згаданы ўжо “Свабодны тэатар” і тэатар Вячаслава Іншаземцава “Інжэст”. Дзяржаўныя тэатры варацца ва ўласным соку і, адрозна ад альтэрнатыўных, не разьвіваюцца:

“Ёсьць дзяржаўны тэатар, ёсьць недзяржаўная антрэпрыза, то бок камэрцыйны тэатар, і ёсьць недзяржаўныя альтэрнатыўныя сцэнічныя праекты. Дык вось дзяржаўныя ўстановы на тле іншых – у глыбокім стопары. Найлепшы доказ таму – што зрабілася з нашымі тэатральнымі фэстамі. Спачатку быў, калі ладзіў Андрэй Курэйчык, “Адкрыты фармат”, потым ужо нешта больш сьціпленькае – “Панарама”. А потым урэшце ўсё скончылася чым? Бурляеўскім “славянска-віцязным” тэатральным фэстам – праваслаўным і аўтарытарным”.

Цяпер “Свабодны тэатар” працуе над п’есай “Спасьцігаючы каханьне” рэальнай і трагічнай гісторыяй, якая здарылася ў сучаснай Беларусі. П’еса напісана Мікалаем Халезіным пры ўдзеле Натальлі Каляды, перадпрэм’ерны паказ заплянаваны на пачатак ліпеня. Гэта працяг папярэдняй працы “Пакаленьне джынс”, два аповеды сэнсава будуць аб’яднаныя ў дыптых. Спэктакль прысьвечаны гісторыі адносінаў Анатоля і Ірыны Красоўскіх. Нагадаю, што Анатоль Красоўскі разам з апазыцыйным палітыкам Віктарам Ганчаром у 1999 годзе зьніклі пры нявысьветленых абставінах.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках