25 лiстапада 2024, панядзелак, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Урад даў каманду прадаваць МАЗ

2

Менскі аўтамабільны завод прыступае да акцыянавання. Аб гэтым заявіў сёння першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімір Сямашка на сходзе саюза некамерцыйных арганізацый "Канфедэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў)".

"Мы цяпер стаім на парозе акцыянавання буйных прадпрыемстваў, хуткім часам яны будуць акцыянаваныя", - сказаў ён. У гэтай сувязі, адзначыў першы віцэ-прэм'ер, "урад даў каманду пачынаць працэс на адным з такіх прадпрыемстваў - на МАЗе", паведамляе "БелТА".

Да гэтага працэсу ў Беларусі падышлі цывілізавана, "тут няма ніякай надзвычайшчыны", падкрэсліў Уладзімір Сямашка. "Раней мы стрымлівалі працэс прыватызацыі, мы не распрадалі свае прадпрыемствы, як гэта адбылося ў суседніх краінах", - дадаў ён.

Яшчэ пяць год таму, нагадаў першы віцэ-прэм'ер, за кантрольны пакет акцыяў ААТ "Белшына" замежны інвестар прапаноўваў больш за $50 млн. "Цяпер мы вядзем гаворку аб продажы акцыяў гэтага прадпрыемства больш за $1 млрд.", - сказаў ён. "Гэта зусім іншыя грошы, на парадак вышэй, - падкрэсліў Уладзімір Сямашка. - Гэта выгодна дзяржаве і самому прадпрыемству, продаж акцыяў - добрая крыніца інвеставання для развіцця гэтага ААТ".

Першы віцэ-прэм'ер таксама заявіў, што ў цяперашні час краіна падыйшла да новага разумення развіцця эканомікі праз акцыянаванне. Раней буйныя беларускія прамысловыя прадпрыемствы працавалі з разлікам на атрыманне палёгкавых крэдытаў, пазыкаў, палёгкавыя падаткаабкладанне і мытны рэжым. "Але так далей працягвацца не можа, маштабы растуць, і мы павінныя пераходзіць да цывілізаванага працэсу прыватызацыі праз акцыянаванне", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Менскі аўтамабільны завод інвеставаў у развіццё вытворчасці $380 млн. і вырабіць у 2008 годзе 26 тыс. аўтамабіляў. Але да 2014 года ў развіццё МАЗа неабходна ўкласці яшчэ $1 млрд. для падваення аб'ёмаў вытворчасці - да 50 тыс. машын.

Першы віцэ-прэм'ер прывёў у прыклад расейскі КамАЗ, які чатыры гады таму выпускаў 5 тыс. грузавых аўтамабіляў, а ў 2008 годзе выйдзе на аб'ём вытворчасці ў 60 тыс. "Каб быць сур'ёзным гульцом на аўтамабільным рынку, МАЗу неабходна нарошчваць аб'ёмы вытворчасці не менш за 80 тыс. аўтамабіляў. Такая задача ўжо цяпер фармуецца перад Менскім аўтазаводам", - адзначыў Уладзімір Сямашка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках