25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інтэрнэт: кітайскі досвед для Беларусі

5

У Беларусі хутка ўступіць у сілу новы закон аб СМІ. Яго небяспека ў тым, што, акрамя папяровых, ён пачне рэгуляваць і Інтэрнэт-СМІ.

Чаго канкрэтна чакаць ад закона, пакуль сапраўды ніхто не ведае. Але ўсё часцей можна пачуць, што гэта будзе кітайскі варыянт Інтэрнэт-цэнзуры. Як на самой справе рэгулюецца Інтэрнэт у Кітаі, і ці пагражае тое ж самае нам? Аб гэтым сёння «Еўрарадыё» размаўляла з экспертамі.

Што датычна законаў, якія абмяжоўваюць свабоду ў Інтэрнэце, то ў Кітаі іх не так шмат. Збольшага іх нават можна назваць дэмакратычнымі. Але нягледзячы на гэта існуе шмат іншых, не менш небяспечных спосабаў кантраляваць інтэрнэт, распавяла Хіяхонг, жыхарка Кітая, аўтар даследаванняў пра інтэрнэт-цэнзуру ў сваёй краіне:

“Існуюць дзяржаўныя законы, але тым не менш яны сёння не іграюць такой вялікі ролі ў інтэрнэт-цэнзуры. Што важнейшае, гэта тое, што ёсць дэпартаменты і спецыяльна нанятыя людзі, адказныя за маніторынг інтэрнэту”, -- паведаміла эксперт.

Адзін з рэальных прыкладаў заканадаўчага абмежавання дзейнасці інтэрнэт медыя ў Кітаі – гэта тое, што ўсе Інтэрнэт-СМІ павінныя прыналежаць зарэгістраваным арганізацыям.

“Адна з дырэктываў, што абмяжоўваюць дзейнасць інтэрнэт-медыя – гэта тое, што ўсе Інтэрнэт-СМІ павінныя прыналежаць зарэгістраваным арганізацыям альбо арганізацыям, зацверджаным урадам. І гэта пастаянна правяраецца.

Такім чынам, амаль ніхто ў Кітаі не можа апублікаваць незалежную інфармацыю ў Інтэрнэце, калі ён не зарэгістраваны, альбо калі ў яго няма дазволу ад урада на публікацыю такога кшталту інфармацыі.

Калі вы ўсё жа яе публікуеце, улады могуць вельмі проста, кіруючыся такімі дырэктывамі, зачыніць ваш сайт альбо прыцягнуць да адказнасці за гэта. І гэта, галоўным чынам, адзіны прыклад дзяржаўнага заканадаўчага акту”, -- кажа Хіяхонг.

Такая сітуацыя ў Кітаі вельмі нагадвае магчымы сцэнар беларускага кантролю ў Інтэрнэце пасля прыняцця закона аб СМІ. Нагадаем, што па будучаму закону ўсе Інтэрнэт-СМІ у Беларусі павінныя будуць рэгістравацца.

Акрамя асноўнага дзяржаўнага закона, у Кітаі існуе шэраг мясцовых законаў, якія таксама могуць у вызначаныя моманты абмежаваць дзейнасць Інтэрнэт-СМІ. Аб нядаўнім канкрэтным выпадку распавяла Хіяхонг:

“У 2007 годзе ў правінцыі Гуангдон у Кітаі ў выпадку якіх-небудзь надзвычайных здарэнняў мясцовая паліцыя мела права тэрмінова адключыць Інтэрнэт і тэлекамунікацыю на 24 гадзіны. Гэта значыць, што ў такіх выпадках, напрыклад, падчас нейкіх масавых пратэстаў або чагосьці іншага, урад мог зачыніць усе сродкі масавай інфармацыі. І людзі не маглі атрымаць інфармацыю”, -- адзначае эксперт.

Хіяхонг кажа, што акрамя законаў, якія працуюць у Кітаі рэальна, вельмі часта ўрад прымае меры супраць Інтэрнэт-СМІ, якія напрамую не з'яўляюцца законнымі і не кіруюцца ніякімі актамі. Верагодна, гэта і ёсць асноўная пагроза, якую варта чакаць ад будучага закона “аб СМІ” у Беларусі.

Па меркаванні Хіяхонг, наяўнасць у Кітаі адмыслова нанятыхлюдзей, якія манітораць Інтэрнэт, — адна з самых небяспечных рэчаў. Аб гэтым кажа і спецыяліст па Інтэрнэт-даследаванням Зміцер Вітальеў:

“Існуюць такія чуткі, што ў Кітаі ад 30 да 50 тысяч Інтэрнэт-паліцэйскіх, увесь час якія адсочваюць сайты, дзе вывешаная інфармацыя, неспрыяльная для кітайскай прапаганды. І гэтыя сайты блакуюцца ад знешняга доступу.

Таксама кітайскія службы, якія адказваюць за цэнзуру ў Інтэрнэце, адсочваюць дзеянні шматлікіх людзей у Інтэрнэце – глядзяць на тео, якія імэйлы яны пішуць, якія сайты адкрываюць. І вельмі часта рэагуюць на “няправільную” інфармацыю, якую гэтыя людзі адсылаюць альбо самі атрымліваюць у Інтэрнэце”, -- кажа Вітальеў.

Нягледзячы на высокі тэхналагічны ўзровень адукацыі кітайцаў, яны не цураюцца прыцягваць сабе ў дапамогу і буйныя заходнія карпарацыі. Аб адным з такіх выпадкаў распавёў Еўрарадыё Зміцер Вітальеў:

“Мусіць, самы вядомы выпадак – гэтае выпадак з правайдэрам Yahoo, калі па просьбе кітайскага ўрада Yahoo здаў доступ і пароль да пяці паштовых скрыняў кітайскіх інтэрнэт-карыстальнікаў. Чатыры з іх — журналісты, якія пісалі артыкулы па пытаннях дэмакратыі. І зараз усе яны знаходзяцца за кратамі

Таксама большасць софту, які выдаецца ў Кітаі, сёння ўключае ў сябе сістэмы адсочвання альбо цэнзуры. Напрыклад, Кітай альбо прымусіў, альбо пераканаў, я сапраўды не ведаю, арганізацыю Skype убудаваць сабе ў сістэму ключавыя словы, якія будуць блакавацца кітайскай версіяй Skype”, -- сцвярджае эксперт.

Па словах Зміцера Вітальева, сістэма сачэння і цэнзуры ў Кітаі ўжо ўкаранілася амаль ва ўсе магчымыя грані інфраструктуры і софту Інтэрнэта.

Эксперт таксама распавядае, што спіс ключавых словаў, на якія рэагуе ўрад, увесь час змяняецца ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў краіне:

“Да вызначанага часу нельга было ўпісаць у пошукавік або прачытаць на старонцы слова “6 чэрвеня 1989 год”, дзень падзей на Цяньаньмыньскай плошчы. Калі карыстач уводзіў гэта ў пошукавік або адкрываў сайт, на якім былі размешчаныя гэтыя словы, то Інтэрнэт перарываўся”, -- адзначае ён.

Цікава, што пасля таго, як вас адключаць ад Інтэрнэту, сувязі не будзе на працягу 15 хвілін. Калі жа пасля вы зноў пачнеце ўводзіць забароненыя словы, то Інтэрнэт адключаецца цалкам. І, як кажа Зміцер Вітальеў, былі выпадкі, калі на працягу некалькіх гадзін да людзей прыязджалі кітайскія праваахоўныя службы.

У выніку, сёння ў Кітаі з-за сваіх дзеянняў у Інтэрнэце ў турме сядзіць 53 журналіста (дадзеныя “Рэпарцёраў без межаў”).

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках