25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады хочуць прадаць нафтаправод «Дружба»

5

Беларускі ўрад апублікаваў план прыватызацыі дзяржуласнасці на 2008-2010 гады. Сярод актываў, з якімі дзяржава мае намер растацца ў наступным годзе, нафтаправод «Гомельтранснафта-Дружба» і Наваполацкае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства па транспарце нафты «Дружба».

Прыватызацыя чакае 519 дзяржпрадпрыемстваў. З іх 176 – у 2008 г., 213 – у 2009 г. і 130 – у 2010 г. Яшчэ будуць прададзеныя дзяржпакеты ў 147 АТ.

Дагэтуль Менск не казаў аб намерах прыватызаваць свой адрэзак «Дружбы», па якім расейская нафта паступае ў Еўропу, кажа ў інтэрв'ю газеце «Ведомости» Валерый Несцераў з «Тройкі дыялог». Рашэнне выставіць «Дружбу» на продаж можа быць звязанае з планамі Расеі па будаўніцтве БТС-2 і, як следства, з магчымым рэзкім паніжэннем загрузкі «Дружбы», лічыць ён.

У спісе адсутнічаюць дзяржпакеты акцый двух беларускіх НПЗ — Мазырскага і наваполацкага «Нафтана». Беларусь канчаткова не адмовілася ад прыватызацыі абодвух заводаў, але не жадае пазначаць тэрміны, лічыць кіраўнік менскага аналітычнага цэнтра Ecoom Сяргей Мусіенка.

Беларускія ўлады заяўляюць, што маюць намер індывідуальна падыходзіць да продажу кожнага прадпрыемства. «У дырэктараў некаторых заводаў ёсць асцярогі, што расейскі капітал прыйдзе і ўсё павыкупляе. Але мы гэтага дапушчаць не будзем», — заявіла агенцтву «БелТА» начальнік упраўлення Фонду дзяржмаёмасці Беларусі Ірына Баркоўская. Першапачаткова на продаж будуць выстаўляцца пакеты акцый у 25%, а затым доля прыватнага інвестара ў прадпрыемстве можа паступова расці, кажа яна.

Найбольшай колькасці прадпрыемстваў (143) пазбавіцца Ментранс. Сярод іх пераважаюць аўтобусныя і аўтамабільныя паркі, ёсць рамонтныя прадпрыемствы «Беларускай чыгункі», будаўнічае прадпрыемства «Белаўтастрада», Беларускае рачное і марское параходства, Пінскі і Гомельскі суднабудаўнічыя заводы, авіярамонтны завод у Оршы. Будуць прыватызаваныя 109 прадпрыемстваў мінпрама, уключаючы МАЗ і Менскі маторны завод, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, БелАЗ, «Белгазтэхніку», «Гомсельмаш», Менскі завод аўтаматычных ліній.

На продаж будуць выстаўленыя 12 прадпрыемстваў беларускага ВПК, у тым ліку вытворцы і распрацоўшчыкі аўтатэхнікі — Менскі завод колавых цягачоў, «Волатаўта», а таксама сродкаў сувязі і электронікі — «Лёс», «Агат-сістэм», КБ «Радар», Менскі электрамеханічны завод. Беларускі ВПК цікавы расейскім экспарцёрам узбраення, яны могуць быць задзейнічаныя ў праграмах мадэрнізацыі зброі для замежных заказчыкаў, кажа Канстанцін Макіенка з Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналогій.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках