25 лiстапада 2024, панядзелак, 14:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія генералы хочуць размясціць у Беларусі ракеты і бамбавікі

5
Расейскія генералы хочуць размясціць у Беларусі ракеты і бамбавікі

Расейскія вайскоўцы заяўляюць пра верагоднасць выкарыстання авіябазы Мачулішчы пад Менскам для базавання стратэгічных бамбавікоў.

Услед за грознымі, але няпэўнымі, заявамі Крамля наконт гатовасці даць "адэкватны асіметрычны" адказ у выпадку разгортвання ў Цэнтральнай Еўропе трэцяга пазіцыйнага раёна амерыканскай сістэмы ПРА з'явіліся версіі гіпатэтычных зваротных дзеянняў. У шэрагу з іх фігуруе Беларусь.

Так, на думку першага віцэ-прэзідэнта Акадэміі праблемаў бяспекі, абароны і правапарадку, генерал-палкоўніка Віктара Есіна, гутарка можа весціся пра размяшчэнне тут ракетных комплексаў "Іскандэр-М", якія змогуць паражаць элементы ПРА ў Чэхіі. Іншым магчымым зваротным крокам ён лічыць выкарыстанне авіябазы Мачулішчы пад Менскам для базавання стратэгічных бамбавікоў. Урэшце, генерал палічыў за належнае нагадаць, што ў савецкі час на тэрыторыі Беларусі размяшчаліся мабільныя стратэгічныя ракеты "Топаль".

Хоць Расея з Беларуссю і звязаныя шматлікімі дамовамі ў ваенным абсягу, гэткая гатовасць выкарыстаць тэрыторыю іншай краіны для рашэння сваіх праблемаў бяспекі выклікае, так бы мовіць, здзіўленне. Напрыклад, Чэхія і Польшча ўваходзяць са Злучанымі Штатамі ў Паўночнаатлантычны альянс, але, тым не менш, з імі са згаданай аналагічнай падставы вяліся працяглыя перамовы, прычым з Варшавай той працэс яшчэ далёка не скончаны. Да таго ж, тамтэйшай грамадскасці вядомыя пазіцыі бакоў і дакладныя ўмовы пагадненняў, зазначае "БДГ".

Сітуацыя выглядае непрыемнай, аднак паўстае пытанне, ці могуць насамрэч быць зрэалізаваныя такія намеры.

Што да "Топаля", то гэта практычна выключана: нават той жа Есін выказаў упэўненасць, што ні гэтыя комплексы, ні пагатоў навейшыя "Топаль-М" сюды ўжо ні пры якіх акалічнасцях не паставяць. Гэта стала б парушэннем усіх дамоваў аб абмежаванні стратэгічных узбраенняў, на што Расея ні цяпер, ні ў агляднай будучыні ісці відавочна не гатова.

Не менш сумнеўным выглядае і размяшчэнне ў Беларусі стратэгічнай авіяцыі. Перадусім таму, што такая захада напэўна выклікала б аналагічную зваротную рэакцыю ў выглядзе стварэння ў Польшчы і/ці краінах Балтыі поўнамаштабных авіябазаў НАТА. Варта нагадаць, што гэткія ідэі выказваліся ўжо даўно, толькі тады вялося не пра сталае знаходжанне там ударных груповак ВПС, а пра пункты кароткачасовага базавання. У выпадку ж прапанаванага адстаўнымі генераламі развіцця падзеяў у Паўночнаатлантычнага альянсу з'явяцца ўсё падставы ўжо для сіметрычнага адказу. Тыя ж самыя аргументы цалкам ужывальныя і да "Іскандэраў".

Таму не выклікае сумневаў, што галоўная мэта такога кшталту заяваў палягае на тым, каб прымусіць еўрапейцаў панервавацца адносна свайго ўдзелу ў сістэме ПРА. Аднак пры гэтым іх аўтары неяк забываюць, што падобная сітуацыя ўжо мелася ў 1970-я гады. Тады Савецкі Саюз паспрабаваў здабыць перавагу над НАТА, нацэліўшы ракеты сярэдняй далёкасці на Заходнюю Еўропу. Але ЗША у адказ разгарнулі там свае "Першынгі" і "Тамагаўкі", і крамлёўскія дзяды раптам даўмеліся, што савецкія ракеты маглі знішчыць Брусэль і Лондан, але не Вашынгтон. А вось амерыканскія даляцелі б да Масквы за пяць хвілінаў. У выніку давялося падпісваць Дамову аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці, адпаведна з якой СССР мусіў знішчыць куды больш ракет, чым ЗША. Цяжка паверыць, што сучасныя расейскія ўлады гэтага не разумеюць, пагатоў, геапалітычная сітуацыя ад тых часоў кардынальна змянілася не на карысць Расеі.

Зрэшты, у гэтага ляманту была і застаецца яшчэ адна задача, ужо выключна прапагандысцкая і для ўнутранага карыстання: зноў прадэманстраваць свайму насельніцтву, што "Расея ўстае з каленаў".

Можна згадаць, што Масква ўжо неаднойчы пагражала "адэкватнымі захадамі", калі ў НАТА прымалі Чэхію, Польшчу і Вугоршчыну, а пазней Славакію і краіны Балтыі, Балгарыю і Румынію. А таму, на шчасце, малаверагодна, што гонка ўзбраенняў адновіцца, і Беларусь патрапіць на лязо новага вайсковага супрацьстаяння.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках