26 лiстапада 2024, aўторак, 0:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыязджайце, госці дарагія і вельмі дарагія!

3

У Менску наступіць гасцінічны бум, рапартуюць сталічныя ўлады. Ужо хуткім часам у горадзе будзе рэалізавана 8 праектаў па будаўніцтве гасцінічных комплексаў і яшчэ 10 цяпер знаходзяцца на стадыі прапрацоўкі.

Колькасць гасцінічных месцаў, па задуме ўлад, павіннае павялічыцца ў разы. Але галоўнае, 40% гасцініц будуць мець высокі ўзровень «зорнасці». Судзячы па заявах, зробленых напярэдадні падчас наведванняў Аляксандрам Лукашэнкам гатэля «Crowne Plaza», Менск па гасціннасці гатовы дагнаць і перагнаць нават Маскву. Пакуль без адказу застаецца толькі адно пытанне: дзе сталіца знойдзе гэтулькі багатых гасцей?

У апошні час у гасцінічным бізнэсе Менска ўжо было рэалізавана некалькі «зорных» праектаў: 5-зоркавая «Еўропа», 4-зоркавая «Вікторыя» і прэтэндуючы на 5 зорак гатэль «Crowne Plaza», які з'явіўся на месцы былой гасцініцы «Свіцязь». Пачаліся працы па ўзвядзенні гатэля «Хайятт», які будуюць адразу 35 замежных кампаній, нагадвае “БДГ”.

Маштабная будоўля разгорнецца на месцы гасцініцы «Беларусь». Яшчэ адзін 5-зоркавы гатэль будзе размешчаны на скрыжаванні вуліц Кірава і Леніна, яго будаўніцтвам зоймецца кампанія «Аль-Кудра» з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Усяго жа, па дадзеных мэра сталіцы Міхаіла Паўлава, цяпер у Менску рэалізуецца 8 праектаў па будаўніцтве гасцінічных комплексаў і яшчэ 10 – знаходзяцца на стадыі прапрацоўкі.

А.Лукашэнка ўчора параіў не зацягваць з прыняццем станоўчых для інвестараў рашэнняў аб будаўніцтве гасцініц і прапанаваў турэцкаму бізнэсмэну, прэзідэнту групы кампаній Princess Group Судзі Озкану, які інвеставаў ў будаўніцтва «Crowne Plaza», паўдзельнічаць у яшчэ некалькіх праектах на гасцінічным рынку Беларусі.

Гэты рынак, дарэчы, можна назваць вельмі перспектыўным. Пры рэнтабельнасці, якая дасягае 170%, рынак тут адносна свабодны, квадратныя метры танней (рэканструкцыя «Crowne Plaza» па афіцыйнай інфармацыі абыйшлася ўладальнікам у 34 млн. даляраў), а тэрміны акупляльнасці тут суцэльна еўрапейскія. Як нам распавялі ў сектары маркетынгу гатэля «Вікторыя» бізнэс-план праекту мяркуе акупляльнасць на працягу 8 гадоў. Для параўнання: у сярэднім па Еўропе аналагічныя праекты акупляюцца за 8-10 гадоў. У Маскве, дзе кошт нумароў у сярэднім у 3-4 разы вышэй, чым у Менску,- за 5-7 гадоў.

Яшчэ адным важным для інвестараў аргументам на карысць гасцінічнага рынка Беларусі можа з'яўляцца тое, што ў гэтым бізнэсе прыбытковасць на ўсходнееўрапейскіх рынках павінная заставацца на высокім узроўні, у то час як, па дадзеных даследавання «Hotel Investor Sentiment Survey», падрыхтаванага кампаніяй Jones Lang LaSalle Hotels, прыбытковасць гасцініц Еўропы, Блізкага Ўсходу і Афрыкі падае.

Да таго ж Менск пакуль мае рэзерв для росту турыстаў, прытым што гасцініц належнага ўзроўня ў нас пакуль не хапае. Па адзнаках Міністэрства спорту і турызму, запатрабаванне Беларусі ў гасцініцах да 2010 году вырасце ў 2-2,5 разу ў параўнанні з 2006 годам. «Летась у нашых гасцініцах пражывала 550 тысяч кліентаў, але ўжо сёлета рост ліку пражываючыхскладае 10-15%», - заявіў М.Паўлаў.

Такія лічбы закружылі галаву сталічным уладам, па планах якіх у бліжэйшыя гады гасцінічная інфраструктура будзе створаная з разліку 14-16 пражываючых на тысячу жыхароў сталіцы – цяпер гэты паказчык не дасягае і 4. Заяўленыя лічбы, вядома, нашмат ніжэй, чым у Вене (25,6) або Парыжы (38,4), але вышэй, чым у прызнанай сталіцы дзелавога жыцця Ўсходняй Еўропы Маскве (9,6) і ў 2,5 разу вышэй, чым у Кіеве (6). Гэта значыць колькасць месцаў для госцяў сталіцы вырасце ў 3,5-4 разы, у той час як саміх гэтых госцяў будзе больш у 2-2,5 разы.

Цяпер запаўняльнасць менскіх гасцініц суцэльна здавальняючая. Па дадзеных М.Паўлава загрузка 5-зоркавага гатэля «Еўропа» складае 32%, 4-зоркавых гасцініц - каля 60%, і 3-зоркавых - да 80%. У гасцініцы «Вікторыя» гэтыя лічбы пацвердзілі, паведаміўшы, што цяпер гэты паказчык складае больш за 50%.

Яшчэ больш цікаўна, што структура гасцінічнага фонду па катэгорыях для беларускай сталіцы меркавана будзе размеркаваная наступным чынам: 5-зоркавыя гатэлі - 10%, гасцініцы бізнэс-класа (4 зоркі) - 30%, гасцініцы бюджэт-класа (3 зоркі) - 30% і гасцініцы спажывецкага класа (1-2 зоркі) - 30%. Такім чынам «шматзоркавых» гасцініц у Менску будзе 40% - паказчык, блізкі да маскоўскага, прытым што нават расейскія тураператары бядуюць, што гасцініц эканом-класа ў Маскве не хапае.

Праўда, варта адзначыць, што ўзровень коштаў у Маскве і Менску несупаставімы. У 3-зоркавых гасцініцах кошт нумара пачынаецца ад 180 даляраў, у то час як у нас 4 зоркі могуць каштаваць 170 даляраў. Кошты ў пяцізоркавым гатэлі вагаюцца ў Менску ад 265 да 1100 даляраў за нумар.

Але і менская «кліентура» пакуль далёкая ад маскоўскай. М.Паўлаў, праўда, прывёў у прыклад расейскага прадпрымальніка Ўладзіміра Брынцалава, які на год выкупіў нумар люкс у гатэлі «Еўропа». Але ці варта ставіцца да гэтага як да правіла? Значную частку госцяў Беларусі па-ранейшаму складаюць «транзітныя» турысты. Яны прыязджаюць у краіну на дзень або некалькі дзён, падарожнічаючы на цягніку або аўто з Расеі ў Еўропу і ў зваротным кірунку. Нямала турыстаў – нашыя былыя суайчыннікі, якія прыязджаюць успомніць мінуўшчыну і наведаць сваякоў. Высокія паказчыкі запоўненасці гасцініц бюджэт-класа паказваюць, што гэты сегмент рынка цяпер найболей запатрабаваны. Але, мабыць, менскія ўлады не губляюць рашучасці зрабіць з Менска дзелавую сталіцу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках