25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Збігнеў Бжэзіньскі параўноўвае Пуціна з Гітлерам

8

Былы амэрыканскі дараднік па нацыянальнай бяспецы Збігнеў Бжэзіньскі, які заклікаў ізаляваць Расею ад сусветнай супольнасці ў знак пратэсту супраць ейнай кампаніі на Каўказе, параўноўвае ейную тактыку з палітыкай "Гітлера або Сталіна".

Бжэзіньскі, які быў дараднікам па нацыянальнай бяспецы пры прэзідэнце Джымі Картэры з 1977 па 1981 год, а цяпер стаў дараднікам Барака Абамы, кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі, заявіў, што прэм'ер-міністр Расеі Ўладзімір Пуцін "праводзіць курс, які да жаху нагадвае палітыку Сталіна або Гітлера ў 1930-я гады", піша брытанская "The Guardian".

Ён заявіў, што "апраўданне" Пуціным вайсковых дзеянняў у Грузіі – у абарону расейскіх грамадзянаў, якія жывуць у Асеціі, – можна параўнаць з выкарыстоўваннем Гітлерам меркаванага прыгнёту этнічных немцаў у Судзецкой вобласці ў якасці падставы для анэксіі Чэхаславакіі ў 1938 годзе.

У інтэрв'ю кансерватыўнаму нямецкаму штодзённаму выданню Die Welt ён паведаміў, што яшчэ больш ашаламляльныя раўналежнікі паміж стратэгіяй Пуціна ў дачыненні да Грузіі і ўварваннем Сталіна ў Фінляндыю ў 1939 годзе. Ён апісаў і тое, і іншае як "парушэнне суверэнітэту невялікай суседняй дэмакратычнай дзяржавы гвалтоўным шляхам".

Васьмідзесяцігадовы Бжэзіньскі, які нарадзіўся ў Польшчы, атрымаў рэпутацыю прыхільніка цвёрдага курсу з-за сваіх антысавецкіх поглядаў. Ён заявіў, што цяпер свет стаіць перад пытаннем, як рэагаваць на дзеянні Расеі і на ейныя спробы, па ягоным словам, "вярнуць былыя савецкія тэрыторыі пад кантроль Крамля". Ён дадаў, што ў аснове гэтай праблемы ляжыць доступ да нафты, і асабліва пытанне, хто будзе кантраляваць нафтаправод Баку-Тбілісі-Джейхан, які праходзіць праз Грузію.

"Калі Грузія пазбавіцца свайго суверэнітэту, гэта азначае ня толькі тое, што Захад апынецца адрэзаным ад Каспійскага мора і Цэнтральнай Азіі. Мы таксама можам выказаць здагадку, што Пуцін ужые тую сама стратэгію да Ўкраіны, калі сустрэне супраціў. Ён ужо публічна агучыў пагрозы ў адрас Украіны".

"Калі Расея будзе і надалей ісці гэтым шляхам, яе трэба будзе ізаляваць ад міжнароднай супольнасці", – заявіў ён, маючы на ўвазе і эканамічныя санкцыі, да якіх вінныя будуць далучыцца разам усе супольнікі, ад Еўразвязу да НАТА.

Ён дадаў, што ўварванне Расеі ў Грузію стала доказам таго, што за восем год кіравання Джорджа Буша Белы дом не змог разабрацца, што ў рэчаіснасці ўяўляе сабой "рэжым Пуціна".

"Два эпізоды ілюструюць гэта лепей за ўсё, – заявіў ён. – Першы, калі Буш упершыню сустрэўся з Пуціным і сказаў, што зазірнуў у ягоную душу і вырашыў, што яму можна давяраць. Другі, калі КондзіРайс не так даўно адзначыла, што амэрыкано-расейскія стасункі ніколі не былі гэтак добрымі, як цяпер". Ён дадаў, што Белы дом падмануўся.

На пытанне, чаму ён кажа толькі аб Пуціне, а не аб расейскім прэзідэнце Дзміцеры Мядзведзеве, Бжэзіньскі адказаў: "Ён (Мядзведзеў) мае гэтулькі ж ўплыву на сённяшнюю сытуацыю, як афіцыйны кіраўнік Савецкага Саюзу ў 1950-я гады ўплываў на СССР. Ніхто нават не ўзгадае ягонага імя".

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках