25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка падтрымаў Расею ў вайне з Грузіяй

25
Лукашэнка падтрымаў Расею ў вайне з Грузіяй

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся ўчора з кіраўнікамі непрызнаных рэспублікаў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі Эдуардам Какойты і Сяргеем Багапшам.

Лукашэнка лічыць, што Расея павяла сябе правільна, уварваўшыся на тэрыторыю Грузіі. "Я катэгарычна супраць таго, што, маўляў, Расея вяла вайну. Ніякай вайны не было, а была выдатная аперацыя і Расеі, і вашых людзей. Людзі абаранялі сваю зямлю, міратворцы - выконвалі сваю місію", - заявіў беларускі кіраўнік.

Па словах кіраўніка беларускай дзяржавы, "за два-тры дні пытанне было вырашаным, і там ўсталяваўся мір". "А калі б гэтага не адбылося, калі б было так, як таго патрабуюць ЗША і Захад? Там бы дагэтуль вялася вайна, лілася бы кроў", - сказаў Лукашэнка.

"Калі я ўбачыў, што "заходнікі" пачалі сюды ехаць, каб адзначыцца і зрабіць нейкія заявы, я катэгарычна сказаў: "Мы ў гэтым ня ўдзельнічаем". Таму што яны (прадстаўнікі Захаду) кажуць цалкам аб іншым, яны забыліся аб перадгісторыі канфлікту, забыліся аб усім", - зазначыў А.Лукашэнка. "І ня трэба сёння штурхаць ні Абхазію, ні Паўднёвую Асецію, ні Расею за тое, што яны паводзілі сябе гэткім чынам", - падкрэсліў беларускі кіраўнік.

"Я учора сказаў Дзмітрыю Мядзведзеву, што не збіраюся адзначацца ў гэтым шматгалоссі і заяўляць аб тым, што кагосьці падтрымліваю, кагосьці ўхваляю або не ўхваляю", - зазначыў А.Лукашэнка. "Вось нашая пазыцыя: Расея паводзіла сябе правільна, і яна паводзіла сябе, у тым ліку і таму, што гэта было нашае рашэнне - кіраўнікоў дзяржаваў СНД", - сказаў прэзідэнт Беларусі.

Пры гэтым, зазначыў А.Лукашэнка, "адзінае, што яшчэ неабходна было зрабіць, так гэта расейцы вінныя былі на наступны дзень сабраць кіраўнікоў дзяржаваў СНД і сказаць: "Мы ж дзейнічалі па вашым даручэнні".

Лукашэнка: Мы ўгаварылі прэзідэнта Расеі накіраваць у Паўднёвую Асецію і Абхазію «міратворцаў»

Кажучы аб перадгісторыі канфлікту, А.Лукашэнка зазначыў, што "год сем таму прэзідэнт Грузіі прапанаваў "заціснуць у цясніну" Абхазію, блякаваць яе, паставіць фактычна на мяжу катастрофы народ, урад, дзяржаву, якая там ствараецца". "Хто першым сказаў, што гэтага не будзе, што калі нешта адбудзецца, то будзе дапамагаць гэтаму народу? Гэта была Беларусь", - заявіў А.Лукашэнка.

"Гэты дакумент (прапанаваны Грузіяй) я катэгарычна адмовіўся падпісваць, і на паседжанні кіраўнікоў дзяржаваў СНД гэты дакумент не прайшоў", - сказаў беларускі кіраўнік. "Гэта для гісторыі", - дадаў ён.

"А зараз з нагоды рэакцыі расейскіх чыноўнікаў. Тут не трэба было апраўдвацца. Я хоць і ня сама стары прэзідэнт, але старажыл сярод прэзідэнтаў дзяржаў СНД, і ўсё гэта праходзіла на маіх вачох", - заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Па ягоным словам, "не расейцы стварылі гэты канфлікт у Паўднёвай Асеціі і Абхазіі". "Гэта было праблемай Грузіі, гэта было спрэчкай народаў", - зазначыў А.Лукашэнка. Па ягоным словам, "народы Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, што ў такой краіне (Грузіі) яны жыць не могуць, і паўстаў канфлікт".

А.Лукашэнка ўзгадаў адно з паседжанняў Рады кіраўнікоў дзяржаваў СНД, "калі паўднёваасяцінскі і абхазкі бакі выказалі абурэнне ад імя сваіх народаў". "Грузіны вуснамі свайго прэзідэнта папрасілі міжнародную супольнасць умяшацца і ўвесці міратворчы кантынгент", - заявіў беларускі кіраўнік.

Па ягоным словам, "тады сусветнай супольнасці былі не патрэбнымі гэтыя канфлікты". "І тамака развальвалася, і тамака - і ў Абхазіі, і ў Асеціі, і ў Прыднястроўе. І нікому нічога ня трэба было. Тады яны ня ездзілі па чарзе і не абаранялі ні асяцінаў, ні грузінаў, ні абхазаў", - заявіў А.Лукашэнка.

Лукашэнка зазначыў, што тады "па просьбе прэзідэнта Грузіі мы прынялі гэтае рашэнне (аб міратворчай місіі)". "Я тады першым сказаў, што войскі туды не пашлю - нашая Канстытуцыя гэта забараняе", - сказаў А.Лукашэнка.

У Расеі на той час, па словах прэзідэнта, "было шмат унутраных праблемаў, яе раздзіралі канфлікты, ёй не да гэтага было.

Расея кажа: як быць? І мы, кіраўнікі дзяржаваў СНД, прынялі рашэнне ўгаварыць прэзідэнта Расеі накіраваць у Паўднёвую Асецію і Абхазію расейскіх міратворцаў, гэта значыць, па просьбе грузінскага прэзідэнта былі накіраваныя міратворцы. Вось у чым складаецца праўда, у чым складаецца ісціна", - заявіў А.Лукашэнка.

"І што ж адбылося цяпер? Расея выканала гэты абавязак. Мінуў час, і ні разу грузінскі бок не сказаў: расейцы, сыходзіце з Асеціі як міратворцы, і давайце будзем думаць аб нейкіх іншых міратворчых сілах. Вазьміце стэнаграмы і пачытайце - у расейцаў яны ёсць. Паўсюль прэзідэнт Грузіі дзякуе Расеі за тыя высілкі, якія яна прадпрымае па міратворнасці ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Усюды. Ён нідзе не сказаў, не занес у позву дня пытанне (а ён меў на гэта права) аб вывадзе міратворцаў, ён толькі дзякаваў Расеі за тое, што яна захоўвае мір", - зазначыў А.Лукашэнка.

Акрамя таго, па ягоным словам, "і выхаду ў Расеі не было". "Яна вінная была выконваць сваю міратворчую місію, па-першае. А па-другое, яна, атрымаўшы аплявуху такім чынам, што ж, віннай была памыцца?", - заўважыў ён.

Багапш і Какойты ўдзячныя Лукашэнку

Як паведамляе "Інтэрфакс", кіраўнікі Паўднёвай Асеціі і Абхазіі папрасілі Лукашэнку вынесці абмеркаванне сытуацыі ў непрызнаных рэспубліках на найбліжэйшае паседжанне Вышэйшай Дзяржрады «саюзнай дзяржавы».

Какойты падзякаваў беларускаму кіраўніку: "Для нас вельмі шмат значыць Вашая падтрымка, Вашыя спачуванні, выказаныя нашаму народу. У Паўднёвай Асеціі ведаюць Вашую пазыцыю, і мы разумеем, якому прэсу і якому ціску падвяргаецца Беларусь з боку сілаў, якія арганізавалі агрэсію. Я павінен выказаць словы падзякі і беларускаму народу, і выхадцам Беларусі, якія пражываюць у Паўднёвай Асеціі".

У сваю чаргу С.Багапш таксама падзякаваў А.Лукашэнку "за выказаную падтрымку і за цвёрдую і зразумелую пазыцыю беларускага боку ў дадзеным пытанні".

Па выніках сустрэчы з кіраўнікамі Паўднёвай Асеціі і Абхазіі Лукашэнка даў даручэнне накіраваць у гэтыя рэгіёны групу беларускіх спецыялістаў, якія б на месцах падрабязна азнаёміліся з сытуацыяй і вызначылі, якую менавіта гуманітарную дапамогу неабходна яшчэ сюды накіраваць. Акрамя таго, спецыялісты вінныя выпрацаваць пэўныя прапановы па пашырэнні эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Паўднёвай Асеціяй і Абхазіяй.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках