27 лiстапада 2024, Серада, 1:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталінскі тэрор загадана выкладаць у школах Расеі як «рацыянальную прыладу развіцця краіны»

26
Сталінскі тэрор загадана выкладаць у школах Расеі як «рацыянальную прыладу развіцця краіны»

Настаўнікі гісторыі, распавядаючы школьнікам аб перыядзе сталінскіх рэпрэсіяў, вінныя будуць зараз паказваць, што "Сталін дзейнічаў у акрэслена-гістарычнай сытуацыі".

"Сталін дзейнічаў (як кіраванец) цалкам рацыянальна - як ахоўнік сыстэмы, як паслядоўны прыхільнік пераўтварэння краіны ў індустрыяльнае грамадзтва, кіраванае з адзінага цэнтру, як лідэр краіны, якой у сама блізкай прышласці пагражае вялікая вайна", - рэкамендуецца казаць настаўнікам гісторыі ў школах, паведамляе NEWSru.com з спасылкай на газету "Время новостей".

Такая трактоўка выкладзеная ў прадстаўленай канцэпцыі падручніка "Гісторыя Расеі 1900-1945", які рыхтуецца да выдання й стане базавым для вывучэння ў расейскіх школах. На адбыўшымся сходзе настаўнікаў гісторыі ў Акадэміі падвышэння кваліфікацыі і прафесійнай перападрыхтоўкі працаўнікоў адукацыі, дзе і была прадстаўленай новая канцэпцыя, настаўнікам было загадана паставіцца да прапанаванай канцэпцыі вельмі сур'ёзна.

Як папярэджваюць аўтары, "асноўную ўвагу навучэнцаў мяркуецца сканцэнтраваць на тлумачэнні матываў і лёгікі дзеянняў улады".

Працягваючы тэму рацыянальнага "вялікага тэрору", па меркаванні аўтараў канцэпцыі, ён спыніўся адразу, як толькі Сталіну стала зразумелы, што маналітная мадэль грамадзтва створаная. І гэта адбылося да лета 1938 году. Пасля гэтага, выходзіць, пачынаецца іншы народна-гаспадарчы праэкт пад кіраўніцтвам ня менш "эфектыўнага кіраванца" Лаўрэнція Берыі. "Тэрор быў пастаўленым на службу задачам індустрыяльнага развіцця: па разнарадках НКУС забяспечваліся плянавыя арышты інжынераў і спецыялістаў, неабходных для рашэння абаронных і іншых задачаў на Далёкім Усходзе, у Сібіры. Тэрор ператвараўся ў прагматычную прыладу рашэння народна-гаспадарчых задачаў", - цытуе газета новую канцэпцыю выкладання гісторыі ў школах.

Спрабуючы "звесці балянс" (бо маштабы рэпрэсіяў не ўкладаюцца ні ў якую нармалёвую лёгіку "рацыянальнага кіравання"), аўтары новай канцэпцыі загадваюць настаўнікам пералічыць лічбы: "Думаецца, было бы правільна, калі бы тут з'явілася формула, у якую будуць уключаныя толькі асуджаныя да смяротнага пакарання смерцю і расстраляныя асобы".

Такім чынам, як лічаць аўтары, настаўнік гісторыі сыдзе ад спекуляцыяў, "калі ў колькасць ахвяраў рэпрэсіяў прыплюсоўваліся ўсе, прычым не аднакроць (уключаючы тых, хто пазбавіўся працы па палітычных матывах, быў выключаным з камсамолу і з партыі і г.д.)".

Такім чынам, усіх людзей, памерлых у лагерах або падчас дэпартацыяў, зараз загадана не лічыць ахвярамі рэпрэсіяў.

Як зазначае газета, тут аўтары канцэпцыі ідуць на прамое парушэнне закону Расейскай Федэрацыі "Аб рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў", падпісанага прэзідэнтам РФ 18 кастрычніка 1991 году №1761-1, у першым жа артыкуле якога выразна паказана, што суб'ектамі рэпрэсіяў прызнаюцца і палітвязні, і прымусова змешчаныя ў псіхлякарні, і пазбаўленыя грамадзянства, і спецпасяленцы, і дэпартаваныя.

Дарэчы, базавая тэза канцэпцыі, таксама заяўленай аўтарамі, аб непрызнанні факту таталітарызму ў СССР, уваходзіць у прамую супярэчнасць з тым сама законам, у якім сказана: "За гады Савецкай улады мільёны людзей сталіся ахвярамі самаўпраўнасці таталітарнай дзяржавы".

Нагадаем, што летась падручнік "Гісторыя Расеі 1945-2007" Аляксандра Філіппава (з групай суаўтараў) падвергнуўся сур'ёзнай крытыцы, асабліва за спробу прыменшыць маштабы сталінскіх рэпрэсіяў і своеасаблівую трактоўку асобы самога Сталіна, які быў названым "эфектыўным мэнэджарам". Праз год ён стаў "рацыянальным кіраванцам", а масавы тэрор - рацыянальнай прыладай развіцця краіны.

Катынь - справядлівая адплата, голаду ў вёсцы не было, дэпартацыю народаў загадана замоўчваць

Выданне таксама каротка прыводзіць астатнія тэзы выкладу гісторыі Расеі і СССР дадзенага перыяду.

Расея ніколі не саступала па тэмпах развіцця іншым краінам, адставала яна толькі ў тым, "што не з'яўлялася ейным цывілізацыйным складнікам, а была запазычаным звонку".

Цар Мікалай II быў перакананым, што адмова ад абсалютнай манархіі, "паслабленне вертыкалі ўлады", прывядзе Расею да катастрофы, "таму адпрэчваў усе тыя праэкты рэформаў, якія прадугледжвалі хоць у нейкай перспектыве змену гэтага парадку".

З 1914 па 1917 год у Расеі адбылася Вялікая Расейская рэвалюцыя па тыпе Вялікай Французскай. У Грамадзянскай вайне вінныя ў асноўным бальшавікі, у той сама час Белы рух "у шэрагу выпадкаў выступаў альтэрнатывай прафашысцкага кшталту, з якога цалкам магла рэалізавацца нацыяналістычная мадэль развіцця".

Арганізаванага голаду ў вёсцы ў СССР не было, ён быў звязаным "як з надворнымі ўмовамі, так і з няскончанасцю працэсаў калектывізацыі"

У канцы 30-х гадоў у рамках мадэрнізацыі ў СССР пабудаваныя не сацыялізм і не капіталізм, а індустрыяльнае грамадзтва.

Пакт Молатава-Рыбентропа - адказ на Мюнхенскую дамову.

Увод савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы ў 1939 годзе - вызваленне тэрыторыяў Украіны і Беларусі. Што тычыцца Прыбалтыкі і Бесарабіі, якія адышлі да СССР у 1940 годзе, то раней яны ўваходзілі ў склад Расейскай імперыі.

Фінская вайна была выйгранай, у выніку чаго Савецкі Саюз "атрымаў тое, да чаго імкнуўся".

СССР, магчыма, і рыхтаваў прэвентыўны ўдар па Нямеччыне, але "пры гэтым Сталін лічыў, што варта дачакацца засяроджвання войскаў суперніка для агрэсіі, тады гэта выглядала бы як мера самаабароны, аднак улетку 1941 году магчымасцяў для такіх дзеянняў у Сталіна яшчэ не было".

Аб дэпартацыі народаў у гады вайны трэба казаць з "асаблівай стрыманасцю і асцярогай".

Асобная сенсацыя - з нагоды Катыні. Прызнаючы факт растрэлу польскіх вайсковапалонных у Катыні супрацоўнікамі НКУС (ад чаго дагэтуль адмахваецца афіцыйная ўлада), аўтары пішуць, што "гэта было ня проста пытаннем палітычнай мэтазгоднасці, але і адказ за згубу шматлікіх (дзясяткаў) тысячаў чырвонаармейцаў у польскім палоне пасля вайны 1920 году, ініцыятарам якой была не Савецкая Расея, а Польшча". Такім чынам, ва ўжытак уводзіцца паняцце "справядлівай" гістарычнай адплаты.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках