25 лiстапада 2024, панядзелак, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сумесная заява палітвязняў: «Мы будзем змагацца за свабоду Беларусі да перамогі»

7

«Мы ўдзячныя ўсім людзям у Беларусі і свеце, хто змагаўся за нашае вызваленне», -- гаворыцца ў сумесным звароце былых палітвязняў.

Дарагія сябры!

Літаральна некалькі дзён, як мы вышлі з засценкаў беларускага рэжыма. Гэта стала магчымым толькі дзякуючы чалавечай салідарнасці. Мы ўдзячныя ўсім людзям у Беларусі і свеце, хто змагаўся за нашае вызваленне. Мы ўдзячныя ўдзельнікам Дзён беларускай салідарнасці - усім тым, хто 16 чысла кожнага месяца выходзіў на вуліцы гарадоў света з нашымі партрэтамі, хто пікетаваў беларускія амбасады ў Вільні, Маскве, Кіеве, Варшаве, Рызе, Брусэлі, Вашынгтоне, Парыжы, у іншых гарадах, патрабуючы: «Свабоду беларускім палітвязням!». Усім, хто ішоў пад міліцэйскія дубінкі і ў беларускія турмы дзеля нашага вызвалення, хто маліўся за нас і дапамагаў нашым сем'ям у цяжкі час. Нізкі паклон беларускім і замежным журналістам, праваабаронцам, дыпламатам, палітыкам і дзеячам культуры, усім людзям добрай волі, сябрам Беларусі.

Мы радыя апынуцца на свабодзе, але нашае сапраўднае вызваленне яшчэ не наступіла. Мы прымаем нашае вызваленне як фактар справядлівасці, але ніколі не прызнавалі сябе вінаватымі і лічым, што былі асуджаныя незаконна па палітычных матывах.

Мы патрабуем ад беларускіх улад прызнання гэтага факту і нашай поўнай рэабілітацыі. Нашае вызваленне выкарыстоўваецца ўладамі як паказчык «дэмакратызацыі». Важна, каб пачаліся сур'ёзныя глыбінныя пераўтварэнні, а не знешняя лакіроўка таталітарнага рэжыма. Важна, каб на самом інстытуце палітвязняў была пастаўленая тоўстая кропка.

Сёння рана казаць, што ў Беларусі больш няма палітвязняў. 10 нашых таварышаў - Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл субач, Павел Вінаградаў, Максім Дашук - удзельнікі зімовых акцый пратэсту прадпрымальнікаў - прысуджаныя да розных тэрмінаў абмежавання волі. Без дазволу міліцыі ім можна знаходзіцца толькі дома і па месцы працы. Ім забаронена выязджаць за мяжу, а са свайго горада яны магу выехаць толькі па дазволе ўлад, пасля 19 гадзін яны абавязаныя знаходзіцца па месцы рэгістрацыі. За найменшае парушэнне гэтага рэжыму іх у любы момант могуць кінуць за краты. Мы лічым, што гэтыя людзі таксама знаходзяцца ў статусе палітвязняў.

Беларускія ўлады сцвярджаюць, што выбарчая кампанія, якая праходзілая ў краіне, з'яўляецца сумленнай і адкрытай, што ўсе знаходзяцца ў роўных умовах. Як можна аб гэтым казаць, калі і мы, і іншыя лідэры апазіцыі - Міхаіл Марыніч, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Артур Фінькевіч, Зміцер Дашкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Андрэй Клімаў, а таксама шматлікія іншыя беларускія Вязні сумлення пазбаўленыя правоў і не могуць удзельнічаць у выбарах у якасці кандыдатаў.

Без поўнага ўзнаўлення правоў палітвязняў нельга казаць, што выканана адна з 12 прапановаў Еўрапейскага Звяза па дэмакратызацыі Беларусі.

У Беларусі працягвае дзейнічаць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае крымінальнае пакаранне за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі», адмены якога патрабуюць сёння беларускія і міжнародныя праваабаронцы. Нягледзячы на пратэсты кіраўніцтва Рады Еўропы, прыняты новы Закон аб СМІ, які практычна знішчае свабоду слова.

Сёння мы, былыя палітвязні, апынуўшыся на волі, бярэмся за рукі і паказваем сваю згуртаванасць і намер змагацца за свабоду Беларусі да перамогі дэмакратыі ў краіне. Мы цвёрда ўпэўненыя, што вызваленне некалькіх палітвязняў сёння - гэта не гарантыя таго, што заўтра на іх месцы не апынуцца іншыя. Неабходна дамагацца істытуцыянальных зменаў у беларускім заканадаўстве, рэальнага падзелу судовай і выканаўчай уладаў, поўнай рэабілітацыі палітвязняў і прадухілення падобнай практыкі ў будучыні.

Мы будзем імкнуцца выправіць сітуацыю з правамі чалавека ў цэлым. Мы лічым, што дэмакратычныя змены могуць пачацца ў самы бліжэйшы час.

Беларусь чакае перамен!

Жыве Беларусь!

Аляксандр Казулін

Андрэй Кім

Сяргей Парсюкевіч

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках