25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сайту Хартыі - 10 год

83
Сайту Хартыі - 10 год

Адзін са старэйшых інфармацыйна-палітычных сайтаў беларускага інтэрнэта адзначае сёння сваё 10-годдзе. 11 верасня 1998 года на charter97.org прыйшлі першыя наведвальнікі. Нашая шчырая ўдзячнасць усім, хто працаваў і хто дапамагаў нашаму сайту, усім, хто яго чытаў і будзе чытаць. Сёння мы ўзгадваем этапы гэтага шляху.

Беларуская грамадзянская ініцыятыва Хартыя'97 была створаная 10 лістапада 1997 года па ініцыятыве журналістаў незалежных СМІ. Першымі Хартыю падпісала 100 найбольш вядомых беларускіх праваабаронцаў, навукоўцаў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячоў, а таксама журналісты незалежных выданняў. Яны звярнуліся да грамадзян Беларусі з заклікам падпісаць дакумент - Хартыю'97, мэтай якой з'яўляецца зрабіць Беларусь свабоднай, суверэннай і квітнеючай еўрапейскай дзяржавай, дзе шануюцца правы чалавека, дзе няма палітзняволеных, дзе кожны грамадзянін можа разлічваць на годны ўзровень жыцця.

Тады ж для аператыўнага інфармавання беларускай і міжнароднай супольнасці аб сітуацыі ў краіне быў створаны прэс-цэнтр Хартыі'97.

У лістападзе 1997 года тэкст Хартыі быў размешчаны на вэб-сайце незалежнай "Белорусской деловой газеты" (у 2000-х гадах выданне было зачыненае з-за ціску ўладаў). Тады ж з'явіліся першыя абнаўляемыя раздзелы: аб дзейнасці хартыі, прэс-рэлізы і заявы аргкамітэта.

У ліпені 1998 года быў зарэгістраваны дамен charter97.org, быў створаны першы варыянт дызайна сайта.

Сайт пачаў працу 11 верасня 1998 года. З гэтага моманта пачынаецца адлік ягонага самастойнага жыцця. Абнаўленне раздзелаў адбывалася раз на месяц. Акрамя прэс-рэлізаў аб дзейнасці Хартыі, наведвальнікам парпаноўвалася інфармацыя аб асноўных падзеях палітычнага жыцця краіны, парушэнні правоў чалавека і свабоды слова, міжнародныя дакументы, датычныя Беларусі. У асобны раздзел былі выведзеныя матэрыялы аб людзях, прызнаных міжнароднай супольнасцю палітзняволенымі. Паралельна была запушчаная ангельская версія сайта і адрасная рассылка навінаў па базе электронных адрасоў, сабраных прэс-цэнтрам. Сайт charter97.org рэгулярна ўваходзіў у 20-ку самых наведваемых грамадска-палітычных рэсурсаў рэйтынга Rambler - вельмі істотнае дасягненне таго часу.

У канцы 1998 года на сайце пачалі праводзіцца першыя віртуальныя акцыі пратэста. Напрыклад, у межах святкавання 50-годдзя Ўсеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека, быў ажыццёўлены сумесны праект "Дранікаў" (папулярны "Околополитический околожурналистский альманах о жизни Республики Беларусь глазами ее граждан" www.draniki.com) і прэс-цэнтра Хартыі.

Штодзённае абнаўленне навінаў на charter97.org пачалося 4 студзеня 1999 года, быў зменены знешні выгляда сайта. На сайце з'явіліся раздзелы - "Дакументы", "Падшыўка", "Гучныя справы". Быў таксама сабраны і запушчаны раздзел "Фотахроніка" - рэгулярна абнаўляемая фотахроніка найноўшай беларускай гісторыі.

Адзін з банераў Хартыі таго часу:

Папулярны пошукавы сервіс akavita.by зарэгістраваў наш сайт у сваім каталогу пад нумарам 43.

30 і 31 мая 1999 года на сайце ўпершыню было зарэгістравана больш за тысячу штодзённых унікальных наведвальнікаў. Інфармацыю і фатаграфіі аб трагедыі на Нямізе з сайта Хартыі выкарыстоўвалі вядучыя сусветныя друкаваныя і інтэрнэт-СМІ.

21 ліпеня 1999 года на сайце ўпершыню здзейсненая прамая трансляцыя ў інтэрнэт з менскіх вуліц. У гэты дзень у беларускай сталіцы адбылася акцыя, прымеркаваная да сканчэння першага тэрміна кіравання прэзідэнта Лукашэнкі. Супрацоўнікі прэс-цэнтра Хартыі ў рэжыме рэальнага часу распавядалі аб тым, што адбывалася ў цэнтры горада.

Прамая трансляцыя вулічных акцый апазіцыі адбывалася пад час буйнейшых дэманстрацый 1999-2000-х гадоў - Маршаў Свабоды і Чарнобыльскага Шляха. Сёння падобная практыка праводзіцца практычна на ўсіх інфармацыйных і палітычных беларускіх сайтах.

Тэма з'яўлення новых палітзняволеных, знікнення апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх дзеячоў ніколі не знікала з нашага сайта.

Акцыя пратэста "Спыніць тэрор у Беларусі!": "Беларусь накрыла хваля тэрора. Рэпрэсіям уладаў падвяргаюцца тысячы грамадзян краіны - палітыкі, журналісты, праваабаронцы, актывісты палітычных партый і рухаў. Мы патрабуем ад прэзідэнта Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі".

У 1999-2000-х гадах на charter97.org праводзілася он-лайн канферэнцыя з беларускімі палітыкамі, журналістамі, праваабаронцамі, дзеячамі культуры - Андрэем Саннікавым, Міколам Статкевічам, Віктарам Ганчаром, Мікалаем Халезіным, Юрыем Хашчавацкім і шматлікімі іншымі.

У 2000 годзе нашыя навіны сталі атрымліваць не толькі адрасаты ўласнай рассылкі, але і падпісанты папулярнага сэрвіса subscribe.ru.

Блакіроўка charter97.org 9 верасня 2001 года, пад час правядзення чарговых прэзідэнцкіх выбараў, стала паказчыкам эфектыўнасці інтэрнэта як непадцэнзурнага сродку масавай інфармацыі. Разам з намі блакаванню падвергліся дзясяткі грамадска-палітычных рэсурсаў, якія распавядалі аб выбарах. З гэтага моманту практыка "уключэння "глушылак" у беларускім Інтэрнэце стала рэгулярнай.

"Працягваецца атака на свабоду слова ў Інтэрнэце. Зараз ужо можна з дакладнасцю сказаць, што ні адзін беларускі сайт, што асвятляе выбары Беларусі ў рэжыме рэальнага часу, не бачны з Беларусі. У ноч з 08.09 на 09.09 па распараджэнні Савета Бяспекі РБ адміністрацыя Дзяржаўнага Цэнтра Бяспекі Інфармацыі, якая адказвае за даменную палітыку ў зоне *.by выдаліла з DNS інфармацыю аб усіх сайтах, якія намераваліся ажыццяўляць маніторынг выбараў прэзідэнта ў Беларусі... Далей, на працягу дня быў усталяваны фільтр на ўваходзячы трафік (у Беларусі існуе манаполія дзяржавы на знешні канал), у выніку чаго для жыхароў Беларусі быў заблакаваны доступ да ўсіх недзяржаўных рэсурсаў, якія асвятлялі выбары ў Беларусі… Гэтая акцыя ўлады, якая ўсвядоміла сваю відавочную паразу і няздольнасць выйграць сумленным чынам, з'яўляецца лагічным працягам жахлівай фальсіфікацыі вынікаў выбараў па ўсіх участках Беларусі", - паведамлялі мы аб гэтых падзеях.

Одно из "зеркал" сайта в ночь с 9 на 10 сентября 2001 года: charter97.narod.ru

Яшчэ да з'яўлення відэасэрвісаў кшталту Youtube, мы аднымі з першых пачалі выкарыстоўваць відэа ў сваёй працы. Да акцыі пратэста 19 красавіка 2002 года "Так жыць нельга!" у Інтэрнэце з'явіліся відэакліпы, якія, на нашую думку, актуальныя і сёння.

Да кастрычніка 2002 года штомесяцова сайт charter97.org наведвала каля 50.000 чалавек, што з'яўлялася больш чым сур'ёзным паказчыкам для таго часу. Нас чыталі больш чым у 80 краінах свету.

У 2003 годзе праца сайта працягвалася, толькі дзякуючы падтрымцы ягоных чытачоў. Мы бясконца ўдзячныя ўсім сябрам, якія дапамаглі нам у цяжкія часы, калі некамерцыйны праект charter97.org, як і шматлікія незалежныя СМі, быў цалкам пазбаўлены донарскай падтрымкі. Дзякуючы вам, патрыёты Беларусі, сайт выжыў і працягвае паспяхова працаваць.

Восенню 2003 года навіны сайта Хартыі першымі ў Беларусі пачала трансляваць навінная служба news.yandex.ru.

У 2004-2005 гадах беларускія ўлады пачалі ўшчыльную процідзейнічаць распаўсюду альтэрнатыўнай інфармацыі ў Інтэрнэце. Пад час тыднёвых акцый пратэста пасля "парламенцкіх выбараў" і рэферэндума 2004 года, якія традыцыйна трансляваліся ў Інтэрнэце, доступ беларусаў да апазіцыйных і інфармацыйных сайтаў зноў спрабавалі абмежаваць. Каб падавіць незалежную электронную прэсу, прыціснуць свабоднае слова ў віртуальнай прасторы, пачынаецца распрацоўка і абмеркаванне спецыяльных паправак да закона аб СМІ.

У 2006 годзе ціск уладаў адчулі не толькі інтэрнэт-выданні, але і, напрыклад, звычайныя карыстальнікі "Жывога Журнала". Пасля сакавіцкіх выбараў прэзідэнта, калі ў Менску адбывалася шматдзённая акцыя пратэста "Плошча", доступ беларусам да незалежных інфармацыйных сэрвісаў быў зноўку перакрыты. Калі інфармацыю аб тым, што адбываецца, спрабавалі рэтрансляваць у беларускіх суполках ЖЖ, гэтую магчымасць таксама спынілі.

Восенню 2007 года быў распрацаваны і запушчаны сённяшні дызайн сайта. У новай версіі ўпор зроблены на вялікую інтэрактыўнасць, фота- і відэакантэнт, палепшанае юзабіліці.

Сайт Хартыі мае сваю дакладную пазіцыю аб падзеях, якія адбываюцца ў краіне. Мы лічым, у беларускім Інтэрнэце павінная быць дастатковая колькасць сайтаў з рознымі пунктамі гледжання. Любы чалавек мае магчымасць выбара рэсурсаў, якія блізкія яму па зместу. Колькасць наведванняў і папулярнасць нашага рэсурса кажа аб тым, што наш пункт гледжання знаходзіць падтрымку ў дастаткова вялікай колькасці людзей.

"Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх; гэтае права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў" - абвяшчае Артыкул 19 Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека.

Мы перакананыя, што свабода слова ў нашай краіне павінная жыць, і робім для гэтага ўсё магчымае. За гэтыя 10 год мы набылі ў Беларусі і ўсім свеце дзясяткі тысяч чытачоў, якія сталі для нас добрымі сябрамі. Сайт Хартыі быў і застаецца ў ліку вядучых беларускіх інфармацыйных грамадска-палітычных інтэрнэт-рэсурсаў. Вы чыталі нашыя матэрыялы і дзяліліся навінамі, пагаджаліся з намі і крытыкавалі. Мы разам перажывалі цяжкія для Беларусі дні і разам радаваліся поспехам.

Наша шчырая, глыбокая падзяка ўсім, хто працаваў, і хто дапамагаў нашаму сайту, усім, хто яго чытаў, чытае і будзе чытаць.

Калектыў charter97.org

Архіў навінаў:



1998-2002
2002-2007
www.charter97.org - бягучая стужка навінаў

Напісаць каментар 83

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках