25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Брусэлі абмяркоўваецца палітыка Еўразвязу ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі

3
У Брусэлі абмяркоўваецца палітыка Еўразвязу ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі

15 верасня ў Брусэлі міністры замежных справаў краінаў Еўрапейскага Звязу абмяркуюць палітыку Еўразвязу ў дачыненні да ўладаў Беларусі. На сустрэчу насуперак чаканням не запрошаны міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў.

Замест яго з прадстаўнікамі еўраструктураў сустрэнецца былы палітвязень Аляксандр Казулін.

Як паведамляе прэс-служба французскага старшынства ў Еўразвязе, на паседжанні 15—16 верасня міністры разгледзяць пытанні стасункаў з балканскімі краінамі, Грузіяй, Зімбабвэ і Самалі, а таксама працягу Дахійскага раўнда перамоваў з Сусветнай гандлёвай арганізацыяй аб лібералізацыі сусветнага гандлю.

Апроч таго, кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў вызначаць парадак дня Еўрапейскай рады — кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краінаў ЕЗ, якая пройдзе 15—16 кастрычніка ў Брусэлі.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, першапачаткова абмяркоўвалася магчымасць запрасіць у Брусэль міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава для сустрэчы з высокімі прадстаўнікамі структураў ЕЗ у межах паседжання кіраўнікоў МЗС краінаў Еўразвязу. Аднак Мартынаў не атрымаў запрашэння наведаць паседжанне.

Кіраўнікі МЗС некаторых краінаў Еўразвязу лічаць, што міністра замежных справаў Беларусі не варта запрашаць у Еўропу. Так, на думку міністра замежных справаў Нідэрландаў Максіма Вярхагена, здымаць усе міжнародныя санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму яшчэ занадта рана, паколькі краіна дагэтуль не паважае правы чалавека.

Не выключана, што на сустрэчы 15 верасня міністры замежных справаў краінаў ЕЗ прымуць рашэнне аб запрашэнні Мартынава на сваё наступнае паседжанне 13 кастрычніка. Перамовы з беларускім міністрам не сталі прызначаць да «парламенцкіх выбараў» у Беларусі 28 верасня.

15 верасня ў Брусэль запрошаны былы беларускі палітвязень Аляксандр Казулін для сустрэчы з прадстаўнікамі шэрагу еўраструктураў.

У Брусэлі палітык плануе прабыць тры дні, а затым адправіцца ў ЗША. Гэтая паездка адбудзецца на запрашэнне прэзідэнта Злучаных Штатаў Джорджа Буша.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках