25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Збітыя 16 верасня апазіцыянеры будуць скардзіцца на АМАП у пракуратуру (Фота)

4

Пацярпелыя падчас акцыі салідарнасці 16 верасня прадстаўнікі апазіцыі маюць намер абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуры.

16 верасня, у Дзень салідарнасці, у Менску была разагнаная акцыя, прымеркаваная да ўгодак знікнення лідэраў апазіцыі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Супрацоўнікамі АМАПа былі жорстка збітыя кандыдаты ў «дэпутаты» «парламента», у тым ліку лідэр АГП Анатоль Лябедзька, намстаршыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, яго сын Франак Вячорка і іншыя. Амапаўцы разарвалі еўрапейскія і нацыянальныя сцягі.

Як паведаміў кіраўнік моладзевай камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка, ён збіраецца падаць скаргу ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў АМАПа. «Пасля гэтага інцыдэнту ў мяне на нагах ранкі і гематомы. Звярнуўшыся ў пракуратуру, я магу атрымаць накіраванне на судова-медыцынскую экспертызу, якая зафіксуе збіццё», — сказаў Ф.Вячорка.

Па ягоных словах, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі не былі справакаваныя дэманстрантамі. «Сітуацыю справакавалі самі супрацоўнікі АМАПа», — заявіў Ф.Вячорка.

Акрамя таго, актывіст мае намер звярнуцца да міжнародных структур з просьбай яшчэ раз ацаніць сітуацыю ў Беларусі напярэдадні «парламенцкіх выбараў».

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка таксама намераны звярнуцца ў пракуратуру па факце дзеянняў супрацоўнікаў АМАПа. Па ягоных словах, сам ён не пацярпеў, аднак супрацоўнікі міліцыі разбілі яму акуляры. «Нам паказалі, наколькі «дэмакратызавалася» Беларусь напярэдадні «выбараў». Таксама нам паказалі, што будзе ў Беларусі пасля правядзення «выбараў». Гэта мы намераныя давесці да сусветнай супольнасці», — падкрэсліў В.Вячорка.

Як паведаміў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, 17 верасня па выніках акцыі адбылося паседжанне прэзідыўма палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сіл. «Мы прынялі заяву, у якой даем сваю адзнаку акцыі, якая адбылася. Адначасова яна з'яўляецца заявай у пракуратуру. У нас ёсць дзве пастановы Вярхоўнага суду, у якіх растлумачваецца, што падобныя акцыі не з'яўляюцца пікетам. Таму мы будзем патрабаваць у пракуратуры тлумачэнняў з нагоды таго, хто няправы — мэр горада Міхаіл Паўлаў і міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў або Вярхоўны суд. Калі правы Вярхоўны суд, то ў супрацоўнікаў міліцыі няма ніякіх падставаў выцясняць грамадзян з плошчы і збіваць іх нагамі», — заявіў А.Лябедзька.

Фота ByMedia.net

Фота fotaczka

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках