25 лiстапада 2024, панядзелак, 15:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падчас сесіі ААН у Нью-Ёрку Джордж Буш сустрэўся з Аляксандрам Казуліным (Фота)

9
Падчас сесіі ААН у Нью-Ёрку Джордж Буш сустрэўся з Аляксандрам Казуліным (Фота)

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джордж Буш сустрэўся ў Нью-Ёрку, дзе пачалася сесія Генасамблеі ААН, з былым беларускім палітвязнем Аляксандрам Казуліным. 23 верасня амерыканскі прэзідэнт сустракаўся з вядомымі праваабаронцамі і барацьбітамі за свабоду з розных краінаў свету.

У прэс-службе Белага дома паведамілі, што прэзідэнт ЗША, яго жонка Лора Буш, а таксама дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс сустрэліся з апазіцыянерамі падчас ланчу ў Нью-Ёрку.

Апроч Аляксандра Казуліна сярод удзельнікаў абеду з прэзідэнтам ЗША былі адзін з самых вядомых крытыкаў Крамля лідэр Аб'яднанага грамадзянскага фронту, чэмпіён свету па шахматах Гары Каспараў, бірманскі манах У Кавіда, былы савецкі палітвязень, ізраільскі палітык Натан Шчаранскі, кубінскі журналіст Амар Пернэт Хернандэс, спецыяльны пасланец Далай-Ламы Лодзі Г'яры. На абедзе прысутнічаў Ксу-Венлі, заснавальнік забароненай уладамі «Дэмакратычнай партыі Кітая», а таксама Вітаўтас Ландсбергіс, чалец Еўрапейскага Парламента ад Літвы, Усама Манаджэд ад «Руху за справядлівасць і развіццё ў Сірыі» і Зейнаб Хава Бангура, міністр замежных справаў Рэспублікі С'ера-Леоне.

"Лора і я, а таксама дзяржсакратар Райс і чальцы маёй адміністрацыі правялі цудоўны ланч з дэмакратычнымі лідэрамі, актывістамі па правах чалавека, мужнымі мужчынамі і жанчынамі, якія рашуча адстойвалі свабоду, і я запэўніў іх, што гэты ўрад, мой урад верыць ва ўніверсальнасць свабоды", - заявіў пасля заканчэння сустрэчы Буш, стэнаграма выказванняў якога распаўсюджаная Белым домам у Вашынгтоне.

Паводле словаў прэзідэнта ЗША, апазіцыянеры з замежных краінаў, з якімі ён сустрэўся, "знаходзяцца на пярэднім краі забеспячэння свабоды".

"Мы хочам шчыра падзякаваць вам за вашу мужнасць, мы дзякуем вам за вашыя перакананні, якія застаюцца трывалымі", - заявіў Буш.

Лора Буш у сваёй заяве падкрэсліла, што на яе зрабіла ўражанне тое, што яна пачула ад удзельнікаў сустрэчы.

"Я натхнёная расповядамі, якія я тут ад усіх пачула. Некаторыя з тых, хто тут прысутнічае, ужо ўбачылі вынікі сваіх дзеянняў у падтрымку дэмакратыі і зараз жывуць у краінах, дзе дэмакратыя з'яўляецца галоўным законам, і таму мы натхнёныя іх расповядамі", - сказала першая лэдзі ЗША.

Аляксандр Казулін падчас сустрэчы з прэзідэнтам ЗША падзякаваў амерыканскаму народу, прэзідэнту Бушу і дзяржаўнаму сакратару Кандалізе Райс за садзейнічанне ў яго вызваленні і, як ён выказаўся, за «беспрэцэдэнтныя дыпламатычныя крокі дзеля выратавання жыцця аднаго чалавека».

«Падчас размовы я адчуў сапраўдную зацікаўленасць Буша і Райс праблемай Беларусі. Больш за тое, я зразумеў, што будучая адміністрацыя Белага дома будзе ўважліва ставіцца да сітуацыі ў Беларусі. На сустрэчы было адзначана, што фундаментальныя чалавечыя каштоўнасці, правы чалавека, свабода – гэта галоўнае ў той пазіцыі, якую займаюць ЗША. Было вельмі дакладна сказана і самім Бушам, і іншымі прысутнымі, што нельга паступацца прынцыпамі. Мне атрымалася падняць праблемы Беларусі і завастрыць увагу на сітуацыю ў нашай краіне. Я казаў наступнае: ці гатовыя беларускія ўлады змяняць сітуацыю, якая спарадзіла канфрантацыю ў дачыненнях са многімі краінамі свету, ці гэта проста імкненне лакіравать сітуацыю, імкненне атрымаць пабольш прэферэнцыяў з-за таго, што вызвалілі палітвязняў, каб дамагчыся легітымізацыі «палаты»?

Важна было падкрэсліць, што пазіцыя ЗША і Еўразвязу павінна быць кансалідаванай. І сёння, калі да Беларусі асобныя еўрапейскія краіны выяўляюць падвышаную бізнэс-цікавасць, праз гэтую прызму можна забыцца аб галоўным – аб нашых жыццях, аб нашай свабодзе, аб нашых правах. І вось гэтае пытанне было паднятае ў поўным аб'ёме», -- адзначыў пасля сустрэчы з прэзідэнтам ЗША у інтэрв'ю «Радыё Свабода» Аляксандр Казулін.

Нагадаем, што значную частку сваёй прамовы з трыбуны Генеральнай Асамблеі Буш прысвяціў імкненню народаў да свабоды. Паводле яго словаў, «урады, якія паважаюць правы сваіх народаў, паважаюць і правы суседніх. Чальцы Генеральнай Асамблеі павінны асуджаць тыранію гэтак жа горача, як асуджаюць тэрарызм. Мы бачым, што людзі паслядоўна робяць свой выбар - яны патрабуюць свабоды».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках