25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусаў дураць з «народным» фінансаваннем АЭС

11

Камісія па выбары зямельнага ўчастка для будаўніцтва беларускай АЭС так і не вызначылася 23 верасня з прыярытэтнай пляцоўкай. Напярэдадні «выбараў» у «палатку» гэта было бы занадта рызыкоўным крокам для ўладаў.

Тым часам эксперты «Заўтра тваёй краіны» выявілі падробку ва ўсіх трох прапанаваных схемах «народнага» фінансавання. Іх высновы: прапанова абвясціць АЭС «народнай будоўляй» распужае патэнцыйных падрадчыкаў, а з пускам станцыі заробку сярэдняга беларуса можа не хапіць на аплату электраэнергіі.

Амаль палова насельніцтва Беларусі гатовая ўкласці часова вольныя сродкі ў фінансаванне будаўніцтва АЭС, паведаміў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Хурс.

-- 49% рэспандэнтаў пагадзіліся бы ў той ці іншай ступені прыняць удзел у фінансаванні будаўніцтва АЭС, - заявіў ён, спасылаючыся на вынікі рэспубліканскага сацапытання, праведзенага інстытутам у снежні 2007 - лютым 2008 года. Падчас апытання па выпадковай выбарцы было апытана 2011 рэспандэнтаў ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Эксперты «Заўтра тваёй краіны» прааналізавалі: аб чым жа пыталіся і як адказвалі рэспандэнты на пытанні сацыёлагаў?

На выбар прапаноўваліся тры схемы фінансавання.

Першы спосаб – гэта ўкласці свае сродкі на доўгатэрміновы дэпазіт (7-10 гадоў) пад стаўку 1,2-2% гадавых.

Вынікі апытання: жадаючых набралося 6%.

Высновы экспертаў: Верагодна, гэта тыя людзі, якія не маюць дэпазітаў у банках, не сочаць за эканамічнай інфармацыяй і не ведаюць, што афіцыйная інфляцыя ў Беларусі ў апошнія 2 гады перавышае 10%. У той жа час стаўкі па рублёвых дэпазітах тэрмінам на 3 гады ў «Беларусбанку» складаюць да 15% гадавых, а валютныя доўгатэрміновыя ўклады забяспечваюць укладчыку прыбытак на ўзроўні 8-9%. Так навошта ўкладчыку аддаваць грошы на 7-10 гадоў пад 2-2,5%, калі можна такі жа прыбытак атрымаць за 3 гады ў банку? Толькі з дабрачынных меркаванняў альбо ў сілу поўнай фінансавай няграматнасці.

Акрамя таго, узровень зберажэнняў у структуры прыбыткаў і выдаткаў насельніцтва ў апошні час у Беларусі няўхільна падае і складае парадку 4% - гэта тое, што змогуць аддаць са сваіх прыбыткаў 6% укладчыкаў- альтруістаў. Хутчэй за ўсё, яны захочуць, каб іх уклады былі застрахаваныя, а гэта азначае, што памер максімальнага ўклада складзе не больш за 2000 еўра. На гэтыя грошы станцыю коштам 5-6 млрд. даляраў сапраўды не пабудаваць.

Другі спосаб – набыць акцыі АЭС.

Вынікі апытання: сваю гатовасць зрабіць гэта выказалі 25,2% апытаных.

Высновы экспертаў: З улікам практычна поўнай адсутнасці ў краіне фондавага рынку і поўнай інвестыцыйнай няграматнасці насельніцтва гэта наогул з галіны фантастыкі. Наўрад ці усе з гэтых 25% ведаюць, што акцыі практычна не даюць іх уладальніку ніякіх гарантый вярнуць свае грошы ў выпадку банкруцтва або рэзкага падзення курсу акцый на біржы. Акрамя таго, дывідэндаў прыйдзецца чакаць вельмі доўга - яны будуць цалкам адсутнічаць на этапе будаўніцтва і, хутчэй за ўсё, яшчэ не адзін дзясятак гадоў пасля ўвядзення станцыі ў строй. Бо прыйдзецца акупляць выдаткі на будаўніцтва АЭС, і не толькі іх.

Па міжнародных правілах і нават па прынятым і ўступіўшым у дзеянне ў Беларусі законе аб выкарыстанні атамнай энергіі, у энергатарыф таксама будуць закладзеныя сродкі, неабходныя для вывада станцыі з эксплуатацыі. Фонд гэты павінен пачаць фарміравацца яшчэ да пачатку эксплуатацыі станцыі і не павінен расходвацца ні на якія іншыя мэты. Акрамя таго, трэба сфарміраваць яшчэ два грашовых фонды – на забеспячэнне навуковага суправаджэння эксплуатацыі станцыі і на выплату шкоды ў выпадку аварыі. Пакуль не разумела, ці будуць два апошніх фонды цалкам уключаныя ў энергатарыф альбо не, але ўжо відавочна, што працэс акупляльнасці станцыі будзе не такім лёгкім, як гэта падавалася нашым спецыялістам яшчэ гадоў 10 таму – бо яны разлічвалі сабекошт электраэнергіі, арыентуючыся на атамныя станцыі Расеі, якія былі пабудаваныя 50-20 гадоў таму таму, дзе капітальныя выдаткі ўжо акупіліся. Дарэчы, адмыслоўцы з Уолл-стрыт вельмі скептычна ставяцца да ўкладанняў у атамную энергетыку, паколькі сумняюцца ў яе эфектыўнасці. Пры такіх інвестыцыях яны патрабуюць абавязковых дзяржаўных гарантый.

Трэці спосаб – гэта набыццё аблігацый унутранай пазыкі.

Вынікі апытання: жадаючых набыць аблігацыі набралося 11%.

Высновы экспертаў: Магчыма, гэтыя людзі разумеюць, што з пункту гледжання гарантый па вяртанні сродкаў (нават па нашым заканадаўстве) гэтыя паперы куды надзейней за акцыі. Аднак сярод іх наўрад ці ёсць тыя, хто перад адказам на гэтае пытанне пачытаў гісторыю дзяржавы савецкай або пагутарыў са сваімі бацькамі, бабулямі і дзядулямі. Тыя б распавялі, як у пасляваенныя гады, калі ў краіне быў бум на «народныя будоўлі» (да такіх адносіўся, напрыклад, і менскі аўтазавод) дзяржава выпусціла велізарную колькасць аблігацый унутранай пазыкі. Унутраная пазыка распаўсюджвалася сярод насельніцтвы прымусова - людзей прымушалі мяняць на гэтыя паперкі штомесяцовыя заробкі, пакідаючы сем'і працаўнікоў практычна на галоднай пайцы. Усе гэтыя аблігацыі шчасна абяскошціліся і, нягледзячы на ўрачысты пуск МАЗа і іншых заводаў-гігантаў, народ застаўся з носам.

Вынікі.

Калі дзяржава захоча прыцягнуць народныя грошы на будоўлю – ёй прыйдзецца рабіць гэта альбо падманам, распавядаючы байкі аб будучай эфектыўнасці дадзеных укладанняў, альбо прымусова.

У той жа час рэальных эканамічных выгод ад прыцягнення грошай насельніцтва пад пэўную будоўлю проста няма. Каб забяспечыць добраахвотныя ўкладанні на доўгі тэрмін, дзяржаве спатрэбіцца забяспечыць гэтыя ўкладанні высокімі стаўкамі (прычым выплаты прыбытку павінныя пачаць ажыццяўляцца яшчэ да пуску ў эксплуатацыю) і цвёрдымі гарантыямі вяртання сродкаў. Але тое ж самае можна зрабіць і прыцягваючы грошы фінансавых інстытутаў, прычым, як правіла, пад меншыя адсоткі. Гэта значыць значна выгодней узяць крэдыт у Расеі або Кітая. Да таго ж ні адзін падрадчык не пагадзіцца будаваць АЭС у краіне, дзе не будзе выразнай схемы фінансавання такога праекту, бо генпадрадчык бярэ на сябе абавязанні па бяспецы гэтага аб'екта і павінен быць упэўнены, што ўсе этапы будуць фінансавацца дакладна і ў тэрмін.

Пры гэтым рэальнай народнай складчыны хопіць хіба што на кішэнныя выдаткі. З улікам цяперашніх заробкаў беларусаў (парадку 450 даляраў у сярэднім) і колькасці працаздольнага насельніцтва – 3,5 млн., нават калі кожны з працаўнікоў ахвяруе адзін заробак на год, атрымаецца крыху больш за 1,5 млрд. даляраў. Будоўля жа абыйдзецца нам у 5-6 млрд. даляраў.

Гэта значыць, каб сабраць грошы на самае неабходнае, спатрэбіцца даіць насельніцтва штогод у памеры заробку. А калі ўлічыць, што палова насельніцтва і зусім адмаўляецца фінансаваць будоўлю нават шляхам укладання ў прыбытковыя фінансавыя прылады, то даіць прыйдзецца гадоў 10 як мінімум.

Так што прапанова народу скінуцца на атамную будоўлю можа мець столькі негатыўных сацыяльна-палітычных наступстваў, што сацыёлагі, якія рэгулярна замяраюць настрой насельніцтва, павінныя былі б аб гэтым здагадацца. Пакуль жа ім можна прапанаваць правесці ў сябе ў інстытуце тэставы збор грошай. Па статыстыцы, у ліпені сфера «навука і навуковае абслугоўванне» выйшла ў лідэры па ўзроўні заробку ў краіне - сярэдні заробак тут склаў 1,292 млн. рублёў, што нават перавысіла сярэдні заробак ў будаўніцтве (1,213 млн. рублёў), і гэта пры тым, што ў сферы аховы здароўя сярэдні заробак склаў 727 тыс. руб., а ў адукацыі – 616 тысяч рублёў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках