25 лiстапада 2024, панядзелак, 9:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Дзеянні Саланы робяць ЕЗ смеху вартым»

29
Андрэй Саннікаў: «Дзеянні Саланы робяць ЕЗ смеху вартым»

Размова па тэлефоне вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Хаўера Саланы з Аляксандрам Лукашэнкам «не паўплывае на паляпшэнне сітуацыі ў Беларусі, а толькі надае рэжыму Лукашэнкі ўпэўненасці ва ўласнай беспакаранасці».

Аб гэтым заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

«Падобныя дзеянні вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ Саланы, як і ранейшая сустрэча міністра замежных справаў Польшчы Сікорскага з Мартынавым, не проста падрываюць падмурак Еўразвязу, а робяць ЕЗ смеху вартым», -- заявіў Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі'97.

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» нагадаў, што раней гучалі рэзкія заявы Саланы ў адрас беларускага рэжыму, асуджэнні беззаконня, якое адбываецца, і палітычных рэпрэсіяў.

«Такі кульбіт у паводзінах вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ проста нічым не апраўданы. Нават тыя апазіцыянеры, якія працягваюць удзельнічаць у «выбарах», у адзін голас кажуць аб выбарчым фарсе, аб фальсіфікацыях, якія рыхтуюцца, аб тым, што ціск на апазіцыю не толькі не слабее, але наадварот узмацняецца. Гэта самы непрыдатны момант, каб іграць ролю міратворцаў, паколькі такімі дзеяннямі чыноўнікі ЕЗ самі патураюць фальсіфікацыям і ўмацоўваюць рэжым, які яны зусім нядаўна энергічна асуджалі. Усё гэта не паўплывае на паляпшэнне сітуацыі ў Беларусі, а толькі надасць рэжыму Лукашэнкі ўпэўненасці ва ўласнай беспакаранасці», -- перакананы палітык.

Нагадаем, што 24 верасня адбылася тэлефонная размова паміж Аляксандрам Лукашэнкам і вярхоўным прадстаўніком Еўразвязу па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Хаўерам Саланам.

«Падчас гутаркі быў абмеркаваны шэраг пытанняў, датычных развіцця ўнутрапалітычнай сітуацыі ў Беларусі, а таксама ўсяго спектру супрацоўніцтва нашай краіны з Еўразвязам. Была падкрэсленая важнасць адкрыцця новай старонкі ў адносінах Беларусі і ЕЗ», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі.

А.Лукашэнка і Х.Салана «дамовіліся аб працягу пачатага дыялогу пасля вяртання вярхоўнага прадстаўніка з Нью-Ёрка, дзе ён прымае ўдзел у сесіі Генеральнай асамблеі ААН».

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках