25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Wall Street Journal: «Былы турэмны ахоўнік кіруе Беларуссю як уласнай вотчынай»

4

Аўтарытэтнае амерыканскае выданне «Wall Street Journal» называе заляцанні Лукашэнкі да Захада «небяспечным танцам».

Беларусь – краіна, якую называюць "апошняй дыктатурай Еўропы", – паабяцала ў бліжэйшую нядзелю правесці свабодныя парламенцкія выбары. Яны стануць ключавой праверкай, якая пакажа, што азначаюць крокі, якія дазволілі краіне некалькі змякчыць адносіны з ЗША і Еўропай, – ці просты гэта піяр або нешта большае?

Для Аляксандра Лукашэнкі, чыя аднаасобная ўлада заснаваная на цесных сувязях з Расеяй, сваім усходнім суседам, гэта небяспечны танец. Пасля таго, як у жніўні ў выніку вайны з Грузіяй паміж Расеяй і Захадам расчынілася бездань, балансаваць паміж інтэрасамі абодвух бакоў стала цяжэй.

Крэмль актыўна цісне на Лукашэнку, каб той рушыў услед расейскаму прыкладу і забяспечыў дыпламатычнае прызнанне сепаратыстам у Грузіі. Пакуль што Лукашэнка ад гэтага рашэння ўвільвае, магчыма з-за таго, што асцерагаецца падвяргаць рызыцы прагрэс у адносінах з Захадам, якія асудзілі Маскву за падтрымку сепаратыстаў.

"Сітуацыя вельмі складаная", – прызнае Аляксандр Мілінкевіч, палітык-апазіцыянер, які выступіў супраць Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. Прызнанне сепаратысцкіх рэгіёнаў, Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, паказала бы, што Беларусь – "залежная ад Расеі дзяржава", адзначае ён, і пазбавіла бы Лукашэнку шанцаў на прымірэнне з Захадам.

Лукашэнка, былы турэмны ахоўнік і старшыня калгасу, кіруе Беларуссю як уласнай вотчынай: кантралюе прэсу, пераследуе апазіцыю і кіруе каманднай эканомікай савецкага ўзору. У выніку скліканага ім рэферэндуму была змененая канстытуцыя краіны, у выніку чаго ён атрымаў права займаць прэзідэнцкі пост больш за два тэрміны.

Пасля шматлікіх гадоў глыбокай ізаляцыі гэтай вясной Лукашэнка пачаў рабіць крокі насустрач Еўрапейскаму звязу і ЗША. Каб заслужыць іх распалажэнне, ён выпусціў палітычных зняволеных, склаў кантракт з заходнім піяр-агенцтвам і ледзь прыслабіў націск на апазіцыю. У абмен ЗША знялі санкцыі, якія дзейнічалі ў адносінах двух беларускіх кампаній, а ЕЗ загаварыў аб магчымым фінансаванні і пацяпленні ў адносінах.

"Мы хочам, каб вы нас прынялі, успрынялі і прызналі нашыя выбары, – заявіў Лукашэнка ў інтэрв'ю, апублікаваным на гэтым тыдні ўрадавым вэб-сайтам. – Мы не жадаем мець зносіны з вамі праз жалезную заслону".

Лукашэнка выказаў надзею, што некаторыя з прыкладна 70 апазіцыйных палітыкаў, якія прымуць удзел у нядзельных «выбарах», будуць абраныя ў парламент, дзе налічваецца 110 месцаў. І хаця іх абранне стане прарывам, малаверагодна, што гэта прыслабіць уладу лідэра над краінай.

У старым «парламенце» апазіцыянеры не мелі ні аднаго мандата. Супернікі ўлады жаляцца, што яны амаль не прадстаўленыя ў выбарчых камісіях, якія, па іх словах, урад у мінулым выкарыстаў для фальсіфікацыі вынікаў. Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе выявіла шматлікія парушэнні, дапушчаныя падчас апошняга агульнадзяржаўнага галасавання – прэзідэнцкіх выбараў 2006 года.

Якія бы ўзнагароды Вашынгтон і ЕЗ ні прапаноўвалі Беларусі ў абмен на дэмакратызацыю, усе яны блякнуць у параўнанні з рычагамі ціску, якімі валодае Масква. Беларуская эканоміка, якая мала змянілася з савецкіх часоў, вельмі залежная ад таннай расейскай энергіі. Менск плаціць 127 даляраў за тысячу кубаметраў расейскага прыроднага газа – гэта самы нізкі кошт сярод экспартных кліентаў Масквы. Перамовы аб расцэнках на наступны год толькі пачынаюцца, а Масква ўжо паказала, што мае намер падвысіць тарыфы. Украіне, празаходні ўрад якой злуе Маскву, пагражае кошт у 400 даляраў.

Расея прапанавала Беларусі заём на суму 2 млрд даляраў, каб дапамагчы плаціць па новых тарыфах, аднак у Менску асцерагаюцца, што гэта зробіць залежнасць ад Масквы поўнай.

"Калі мы не занясем змены ў эканоміку, то праз два-тры гады будзем цалкам залежаць ад Расеі", – упэўнены Мілінкевіч. Па ягоных словах, Лукашэнка абходжвае Захад, каб прыцягнуць інвестыцыі і дапамагчы мадэрнізаваць беларускую эканоміку з мэтай захавання незалежнасці.

Вайна ў Грузіі – першае з часоў распаду СССР буйнамаштабнае ўжыванне Масквой ваеннай сілы за мяжой – і гутаркі Крамля аб зонах "прывілеяваных інтэрасаў" на тэрыторыі былога Савецкага Саюза прымусілі Беларусь занервавацца, хаця звычайна яна і выступае ў ролі расейскага саюзніка, паказваюць аналітыкі.

"Расея паспрабавала цалкам выразна паказаць усім постсавецкім дзяржавам, у тым ліку так званым сябрам, сваю сферу ўплыву", – тлумачыць палітолаг Эндру Ўілсан, старэйшы навуковы супрацоўнік Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах.

Адгалоскі вайны прывялі да праблем і ў іншых частках былога СССР. На Ўкраіне разваліўся кааліцыйны ўрад – збольшага з-за цяжкасцяў з выпрацоўкай агульнай пазіцыі з нагоды войны.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках