25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фінансавы крызіс ужо ўплывае на эканоміку Беларусі

4

Кангрэс ЗША нечакана адхіліў прапанаваны ўрадам 700-мільярдны плян выратаваньня фінансавай сыстэмы. Як глябальны фінансавы крызыс можа адбіцца на Беларусі?

Фондавы рынак ЗША страціў у панядзелак 1,2 трыльёна даляраў, што стала гістарычным максымумам у гісторыі Wall Strеet. Кангрэс ЗША нечакана адхіліў прапанаваны ўрадам 700-мільярдны плян выратаваньня фінансавай сыстэмы.

Як глябальны фінансавы крызыс можа адбіцца на эканамічнай сытуацыі ў Беларусі?

Загадчык катэдры міжнародных эканамічных адносінаў факультэту міжнародных адносінаў Белдзяржунівэрсытэту прафэсар Аляксей Данільчанка тлумачыць, што хоць Беларусь ня так моцна завязаная на амэрыканскую эканоміку, але калі глябальны фінансавы крызіс ужо адбіваецца на Расеі, то закране і Беларусь:

“Калі амэрыканцы занепакоеныя, расейцы занепакоеныя — у іх хоць стабілізацыйны фонд ёсьць, яны спрабуюць зьмякчыць гэтыя ўдары, то ў нас такіх рэсурсаў няма, каб абараніць эканоміку. Адзінае — мы ня так інтэграваныя ва ўсясьветную эканоміку, каб гэта так ужо абвальна на нашых фінансавых рынках адбілася. Нейкія нэгатыўныя зьявы, канечне, будуць. Будзем спадзявацца, што амэрыканцам удасца стабілізаваць становішча. Тады расейцаў і, адпаведна, нас гэта ў меншай ступені закране”, -- паведаміў у інтэрв’ю “Радыё Свабода” эканаміст.

Эканаміст дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Алена Ракава лічыць, што глябальны фінансавы крызіс рана ці позна на нас адаб’ецца:

“Займаныя рэсурсы робяцца паўсюль даражэйшыя, крэдыты даражэюць у Амэрыцы, у Расеі, і яны будуць яшчэ больш дарагімі для Беларусі. Магчымасьць абслугоўваць, да прыкладу, зьнешнюю пазыку — гэта робіцца больш накладна. Зноў жа прадпрыемствы прыцягваюць крэдыты на мадэрнізацыю, многія інвэстыцыйныя праграмы будуць скарочаныя альбо наагул згорнутыя. Па-другое, канечне, мы залежым ад расейскага рынку. Калі ў Расеі фінансавы крызіс разгуляецца не на жарт, то і да нас ён прыйдзе. У тым пляне, што мы зможам туды менш прадаваць”, -- лічыць Ракава.

Павал Данэйка, рэктар “Moscow Business School”, лічыць, што фінансавы крызіс ужо ўплывае на эканоміку Беларусі:

“Ужо ёсьць цяжкасьці са збытам прадукцыі. Абвал грашовага рынку прыводзіць да згортваньня інвэстыцыйных праграм, бо інвэстыцыйныя праграмы ўсе жывуць за кошт крэдытных грошай. Адпаведна, калі зараз няма грошай, інвэстыцыйныя праграмы будуць спыненыя. Інвэстыцыйны попыт падае. А гэта азначае, што будуць падаць цэны на сыравіну, на інвэстыцыйную прадукцыю”.

На думку Паўла Данэйкі, беларуская эканоміка залежыць ад двух фактараў: ад цаны на нафту і ад продажу інвэстыцыйных прадуктаў у Расею. Калі цана на нафту апускаецца, адбываецца дэвальвацыя рубля, тлумачыць Павал Данэйка:

“А калі пры гэтым яшчэ пойдзе рэзкае скарачэньне продажу ў Расею інвэстыцыйнай прадукцыі, то мы атрымаем складаную фінансавую сытуацыю для Беларусі. Мала таго, што скарачэньне аб’ёмаў вытворчасьці і ВУП, дык яшчэ адна сур’ёзная праблема: утрыманьне курсу рубля ў адносінах да даляра. У мяне вялікі сумнеў, што ў краіне можна будзе знайсьці інструмэнты, якія дазволяць гэты курс утрымліваць у прымальным калідоры”.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках