25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На кватэру Лябедзькі накладзены арышт

10

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 3 верасня атрымаў апавяшчэнне, што суд Цэнтральнага раёна Менска 6 жніўня наклаў арышт на ягонае жыллё нібыта з-за няўплаты штрафаў, вынесеных за ўдзел у правядзенні Еўрапейскага марша, які прайшоў у Менску 14 кастрычніка 2007 года.

У судовым азначэнні паведамляецца, што палітыку забаронена «здзяйсняць якія-небудзь дзеянні, звязаныя з дадзенай кватэрай», якая належыць яму на праве ўласнасці. Выкананне гэтага рашэння даручана РУП «Менскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастру», УП ЖЭС-97 УП ЖРЭА Цэнтральнага раёна Менска, Дзяржаўнай натарыяльнай канторы Цэнтральнага раёна Менска, паведамляе сайт www.ucpb.org.

Суд Цэнтральнага раёна Менска пастанавіў, што Анатоль Лябедзька абавязаны выплаціць сумы доўга ў карысць юрыдычных асоб і дзяржавы, што, па заяве суду, ён не зрабіў у добраахвотным парадку.

«Усё гэта мае прыкметы арганізаванай і мэтанакіраванай кампаніі», — лічыць палітык. Тры тыдні таму ён атрымаў апавяшчэнне, што 6 жніўня суд Цэнтральнага раёна прыняў рашэнне і аб накладанні ў адносінах яго забароны на выезд з Беларусі. «Я ні секунды не сумняюся, што суддзя Алена Ілліна выконвае нечы ўказ, бо досыць было зрабіць адно тэлефанаванне ў суд Савецкага раёна, каб удакладніць, што ўсе штрафы заяўнікамі Еўрапейскага марша згашаныя, — сказаў Анатоль Лябедзька. — Той жа вынік дало б і тэлефанванне пазоўнікам судовага пазову».

Пастанова аб забароне на выезд з краіны і накладанні арышту прынятая толькі ў адносінах кіраўніка АГП. Нагадаем, што заяўнікамі Еўрапейскага марша 14 кастрычніка 2007 года выступілі таксама Аляксандр Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Яўген Афнагель і Зміцер Федарук.

«Адразу пасля атрымання рашэння суда аб забароне на выезд я паспрабаваў атрымаць нейкую зразумелую інфармацыю ад судовага выканаўцы Т. Каховіч. Апыняецца, яна звольнілася, і канцы ў ваду. І раптам, новая неспадзёўка ў паштовай скрыні», — кажа Анатоль Лябедзька. Ён звяртае ўвагу, што хоць пастанова і аб забароне на выезд, і аб накладанні арышту на кватэру суд Цэнтральнага раёна прыняў у адзін дзень, 6 жніўня, але адпраўленыя яны яму з разбежкай у тры тыдні.

Лідэр АГП адзначыў таксама той факт, што па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105 у Менску, дзе ён балатуецца, ягоны канкурэнт — старшыня суду Цэнтральнага раёна Мікалай Самасейка.

«Цяпер замест таго, каб займацца «выбарчай кампаніяй», я павінен марнаваць час на тое, каб не пазбавіцца ўласнага жылля. Гэта і ёсць «выбары» па-беларуску», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках