25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лібералізацыя па-лукашэнкаўску: Актывіст «Маладога Фронту» арыштаваны на 15 сутак

7
Лібералізацыя па-лукашэнкаўску: Актывіст «Маладога Фронту» арыштаваны на 15 сутак

Улады працягваюць выкарыстоўваць подлыя метады ціску на палітычную апазіцыю. Калі раней дэмакратычных актывістаў арыштоўвалі па ілжывых абвінавачваннях нібыта ў «нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы», дык цяпер упершыню супраць актывіста «Маладога Фронту» Вадзіма Ханяўкі ўжыты артыкул «распіццё спіртных напояў у грамадскім месцы».

Міліцыянты толькі не ўлічылі, што абвінавачванне выглядае больш, чым абсурдна: арыштаваны актывіст «Маладога Фронту» – хрысціянін, які цалкам не ўжывае спіртнога.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, Вадзіма Ханяўку арыштавалі 5 верасня, у 11.00 супрацоўнікі міліцыі. Хлопец паспеў адправіць сваім сябрам sms-паведамленне, што яго павезлі ва УУС Цэнтральнага раёна Менску. Праз тры гадзіны сябры Вадзіма пачалі звяртацца ў міліцыю, КДБ і суд, але ім усюды адказвалі, што яго месцазнаходжанне невядома. Вядома, што два тыдні таму Вадзіма Ханяўку «запрашалі» прыйсці на гутарку ў КДБ.

Аб лёсе актывіста нічога не было вядома на працягу 13 гадзінаў. Толькі ў 24 гадзіны міліцыянты паведамілі актывістам «Маладога Фронту», што Вадзім Ханяўка знаходзіцца ў турме на Акрэсціна, паколькі арыштаваны на 15 сутак.

Учора таксама быў праведзены ператрус у кватэры актывіста арганізацыі «Малады Фронт» Дзяніса Карнова. Учора, калі Карноў вярнуўся дадому, у яго кватэры ўжо знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. Як паведамілі прэс-цэнтру Хартыі’97 у прэс-службе «Маладога Фронту», міліцыянты ўзламалі (!) замок і прабраліся ў кватэру, нават не маючы ордэра на ператрус.

У кватэры актывіста «Маладога Фронту» былі сканфіскаваныя інфармацыйныя матэрыялы, налепкі і расцяжкі з заклікамі байкатаваць «парламенцкія выбары», якія маюць адбыцца.

Трэба адзначыць, што пад рэпрэсіі ў масавым парадку падпадаюць менавіта тыя актывісты апазіцыі, якія заклікаюць байкатаваць выбарчы фарс.

У той жа час некаторыя заходнія дыпламаты сталі рабіць заявы аб тым, што ў Беларусі нібыта пачалася «лібералізацыя». Варта нагадаць, што дагэтуль усе гутаркі аб «лібералізацыі» беларускага рэжыму сканчаліся ўзмацненнем жорсткасці рэпрэсіяў супраць апазіцыі і яшчэ большым «закручваннем гаек».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках