25 лiстапада 2024, панядзелак, 21:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Cістэма ўліку невыязных дае збоі

7

Да 1 лютага кіраўніку МУС Беларусі Уладзіміру Навумаву павінны дакласці, «у чым прычына пастаянных збояў» сістэмы ўліку асобаў, у дачыненні да якіх дапускаецца абмежаванне права на часовы выезд за мяжу.

Аб гэтым паведаміла газета МУС "На варце" у справаздачы аб аператыўнай нарадзе міліцэйскага ведамства, якое прайшло 30 снежня, піша БелаПАН.

Пры абмеркаванні пытання аб ходзе выканання ўказу прэзідэнта № 643 "Аб спрашчэнні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь", міністр, як адзначае выданне, заявіў, што "тыя, хто стварыў цэнтралізаваную сістэму, <…> і тыя, хто з ёй працуе, не дамагліся галоўнай мэты - не спрасцілі для людзей перасячэнне мяжы, а стварылі для іх новыя складанасці".

Нагадаем, з 1 студзеня 2008 года пашпарт грамадзяніна Беларусі з'яўляецца сапраўдным для часовых выездаў за мяжу без прастаўлення ў ім спецыяльнага дазвольнага штампа, што рабілася раней. У мэтах выключэння выезду за мяжу тых, хто мае часовыя абмежаванні, створаная цэнтралізаваная сістэма ўліку. "Вядзенне банка дадзеных ажыццяўляецца МУС. Ён фарміруецца са звестак, якія падаюцца з Мінюста, Мінабароны і КДБ, а таксама на падставе дадзеных, якія маюцца ў МУС. Пры гэтым калі першапачаткова звесткі перадаваліся адзін раз у дзень, дык праз некалькі месяцаў прынятае рашэнне перадаваць інфармацыю тры разы ў працоўныя дні і адзін раз у выходныя", - адзначае "На варце".

Аднак у органы ўнутраных справаў пачалі паступаць заявы грамадзянаў аб неабгрунтаваным унясенні звестак у дачыненні да іх у банк дадзеных. Прычынамі гэтага ў МУС называюць недакладнасць, неактуальнасць, неадназначнасць і памылковасць звестак, якія захоўваюцца ў банку дадзеных аб правапарушэннях, на падставе якіх прымаюцца рашэнні супрацоўнікамі падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі.

Як паведаміў на нарадзе часовы выканаўца абавязкаў начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун, нярэдкія выпадкі няпоўнага ўвядзення інфармацыі ў сістэму альбо ўнясення супярэчлівых звестак. Ёсць выпадкі змяшчэння ў банк дадзеных аб злачынствах недакладных звестак аб асобах, у дачыненні да якіх узбуджаюцца крымінальныя справы. Акрамя таго, гэтыя звесткі могуць фіксавацца з затрымкамі. Не заўсёды прымаюцца меры да ўстанаўлення пашпартных дадзеных падазраваных і абвінавачваных. Выяўленыя адзінкавыя факты ўнясення звестак аб асобах з аднолькавым прозвішчам замест установачных дадзеных асобаў, якія пераследуюцца.

У якасці прыкладу паведамляецца, што ў нейкага мужчыны не атрымалася выехаць за мяжу з-за таго, што ён нібыта не выплаціў штраф, у той час як чалавек разлічыўся за адміністрацыйнае правапарушэнне паўгады таму.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках