25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканамісты: «Дэвальвацыю да канца не правялі, толькі стварылі паніку»

24

Калі дэвальвацыя будзе праведзеная яшчэ раз, аб даверы да банкаўскай сістэмы і да нацыянальнай валюты можна забыцца.

Аб гэтым заявіў у інтэрв'ю «Еўрарадыё» эканаміст Сяргей Чалы.

Дзеянні ўладаў па «лібералізацыі» эканомікі замест станоўчага эфекту далі толькі негатыўны вынік, лічыць эксперт.

«Памятаеце, Ленін аднойчы сказаў: «Фармальна ўсё правільна, але па сутнасці - здзек!» Паглядзім, што было зроблена: абмежаванне выдаткаў бюджэту. Бездэфіцытны бюджэт сёння і зараз – гэта першае. Вяртанне тарыфнай стаўкі першага разраду. Дэвальвацыя. Плюс ліст Нацбанка аб стварэнні Дзяржаўнага інстытута фінансавага развіцця – небанкаўскай арганізацыі, якая павінна рэалізаваць дзяржаўную палітыку па крэдытаванні прадпрыемстваў. З усяго, што ёсць, – адзіны нармальны дакумент.

Сэнс такі: калі ўсё пералічыць, дык для нармальнага эканаміста ўсё выглядае так, як павінна быць, так, як і трэба было зрабіць. Але калі бярэш кожны пункт паасобку... Франкенштэйн і брацкая магіла! Рабілі розныя людзі: правая рука не ведае, што робіць левая... У выніку замест станоўчага эфекту ад усіх гэтых мераў кожная дала толькі негатыўны вынік», - кажа ён.

Сяргей Чалы лічыць, што беларускія манетарныя ўлады пайшлі на дэвальвацыю рубля, паколькі краіна ўжо даўно жыве не па сродках.

«Беларусь даўно жыла не па сродках. Прычым, у прынцыпе, ёсць краіны, якія доўгі час жывуць не па сродках, але крызісаў там не адбываецца. Таму што ёсць іншыя краіны, гатовыя ўвесь час крэдытаваць іх. Пакуль Расея аплочвала такое нашае жыццё, усё было добра. Але з лета 2006 года ў нас бесперапынна павялічваецца дэфіцыт плацёжнага балансу. Гэта і ёсць сведчанне таго, што мы жывем не па сродках.

Калі сям'я зарабляе менш, але выдаткоўвае больш, яна нейкі час можа пазычаць у суседзяў. Але аднойчы суседзі скажуць: «Стоп! Пытанне закрытае, час аддаваць доўг!» А аддаваць можна тым, што ёсць у засеках, а менавіта - золатавалютнымі рэзервамі.

Дык вось, у сярэдзіне 2008 года ў нас было золатавалютных рэзерваў прыкладна на 5,5 мільярдаў даляраў, а ў канцы года – на тры мільярды. Пратрымалі б мы такі курс яшчэ пару месяцаў – праелі б ўсё, што было назапашана», - тлумачыць ён.

На думку эканаміста, дэвальвацыя была прадыктаваная не толькі патрабаваннямі МВФ, але і неабходнасцю карэкцыі курсу.

«Карэкцыя курсу. Гэта было непазбежна. Але пытанне вось у чым: я яшчэ не бачыў ніякіх сур'ёзных разлікаў наконт таго, чаму менавіта 20%. Чаму не 3%? Чаму не... Размаўляць можна колькі заўгодна, але любая мадэль лепш, чым варажба», - адзначыў эксперт.

Паводле словаў Сяргея Чалага, толькі для таго, каб спыніць страты золатавалютнага запасу, неабходна дэвальваваць рубель на 80%.

«Логіка вельмі простая. Сведчанне таго, што курс раўнаважны – адсутнасць дэфіцыту плацёжнага балансу. Калі падлічыць з таго часу, калі ён пачаў утварацца, патэнцыял дэвальвацыі атрымаецца якраз 80%! І гэта дазволіла б нам толькі спыніць страты золатавалютнага запасу.

І яшчэ вось чаму нам патрабуецца больш моцная дэвальвацыя, чым нашым суседзям. Часта згадваюць, што беларуская эканоміка ў савецкія часы была зборачным цэхам. Гэта азначае высокую імпартаёмістасць нашый прадукцыі. У нас на 1 рубель прадукцыі прыкладна 45 капеек імпарту! Пры падзенні курсу рубля нашыя тавары на знешніх рынках робяцца больш канкурэнтаздольнымі, імпарт робіцца больш дарагім, ён змяншаецца, і за кошт гэтага выпраўляецца баланс.

Таму, нават калі прынятае рашэнне аб рэзкай дэвальвацыі, лепш зрабіць яе з запасам. З пералётам! Хай вы саслабіце рубель крыху больш, чым трэба. Праз нейкі час можна будзе яго ўмацаваць, каб паказаць людзям: гэты ўзровень – апошні. Гэты ўзровень Нацбанк можа ўтрымаць, а тыя, хто адразу кінуўся мяняць рублі на даляры, толькі страцілі грошы.

Што атрымалася ў нас? Па-першае, стварылі паніку. Ажыятажны попыт на даляры і зараз не зняты. Па-другое, і мэты не дасягнутыя! У нас на валютна-фондавай біржы да гэтага часу перавышэнне попыту на даляры над прапановай. Гэта дакладнае сведчанне таго, што 20% – недастаткова», - упэўнены эксперт.

Такім чынам, паўторная дэвальвацыя беларускага рубля непазбежная. А разам з ёй беларуская валюта страціць рэшткі даверу насельніцтва.

«Ведаеце, тут падмануць насельніцтва можна толькі адзін раз. Калі яшчэ адзін раз прыйдзецца гэта зрабіць... Тады ўжо ўсё: аб даверы да банкаўскай сістэмы, да нацыянальнай валюты можна забыцца. Таму што людзі памятаюць 1992 год, калі за адзін дзень можна было страціць усё. Дагэтуль памятаюць 1998 год. А гэта такая ж цяжкая псіхалагічная траўма!» - нагадвае эканаміст.

Сяргей Чалы адзначае, што адзіны станоўчы вынік дэвальвацыі – атрыманы крэдыт Міжнароднага валютнага фонду – можа стацца апошнім выдадзеным Беларусі крэдытам МВФ.

«Яны далі нават на 500 мільёнаў больш, чым мы прасілі. У мяне такое адчуванне, што яны далі крэдыт прыкладна з такімі словамі: «Вось вам больш, але зараз ужо не прасіце. Маўляў, спецыяльна з запасам дамо, але больш не прасіце», - кажа ён.

Эканаміст не лічыць, што разам з дэвальвацыяй у Беларусі адбудзецца і дэнамінацыя.

«Відавочна, што гэтыя чуткі абсалютна беспадстаўныя. Па-першае, гэта вялікія выдаткі для дзяржавы. Перапісаць кошты, надрукаваць новыя грошы... Не мае ніякага сэнсу. Па-другое, хуткую дэнамінацыю тлумачылі тым, што беларускі рубель выпадкова апынуўся блізка да 1:100 да расейскага. Але калі б стаяла мэта: правесці дэнамінацыю – навошта спачатку было рабіць дэнамінацыю 1:90, а пасля прыходзілася б да 1:100? Зрабілі б адразу 1:100 і перайшлі б на расейскі рубель!» - упэўнены ён.

Спецыяліст лічыць, што людзі дарэмна за першыя дні 2009 года набылі ў шмат разоў больш, чым летась. На яго думку, грошы трэба было б зберагчы на «чорны дзень».

«Відавочна, што набываць дарагія тавары працяглага попыту было зусім няправільна. Матэматыка вельмі простая: калі чалавек лічыць, што крызіс будзе развівацца далей, замест таго, каб выдаткаваць грошы на нешта вельмі дарагое і не вельмі патрэбнае, і «выратаваць» на гэтым 100-200 даляраў, лепш іх зберагчы. Бо калі крызіс будзе працягвацца далей, абавязкова прыйдзе такі дзень, калі гэтыя 1000-2000 даляраў, выдаткаваныя на плазменную панэль, будуць вельмі патрэбныя», - кажа ён.

Эканаміст лічыць, што склалася вельмі небяспечная сітуацыя, паколькі дэвальвацыя была праведзеная без якіх-небудзь тлумачэнняў таго, што будзе далей.

«Дэвальвацыя прайшла недастатковая. Яна была праведзеная без якіх-небудзь тлумачэнняў таго, што будзе далей. Людзі ў гэтай сітуацыі гатовыя верыць усяму, чаму заўгодна. Гэта вельмі небяспечная сітуацыя. Горш за любы крызіс – паніка», - адзначыў Сяргей Чалы.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках