25 лiстапада 2024, панядзелак, 21:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыллё ў Беларусі можа патаннець у два разы

35

Большасць спецыялістаў па нерухомасці лічыць, што кошты на жыллё будуць працягваць зніжацца.

На якое жыллё і наколькі - тут прагнозы больш разнастайныя і менш пэўныя. І, як правіла, суправаджаюцца агаворкай: у залежнасці ад таго, як складзецца сітуацыя ў краіне, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Старшыня Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» Мікалай Прасталупаў прапаноўвае некалькі варыянтаў развіцця падзеяў.

«Можна дапусціць некалькі варыянтаў развіцця падзеяў: напрыклад, аптымістычны і песімістычны. Першы выглядае так: нягледзячы на крызіс, аб'ёмы будаўніцтва будуць нарошчвацца, а сабекошт - зніжацца ў сувязі з патанненнем рэсурсаў. Калі патаннее цэмент (у Расеі, напрыклад, кошт на яго зменшыўся ў тры разы) і іншыя будматэрыялы, у забудоўшчыкаў будзе магчымасць будаваць дамы з нізкімі выдаткамі, і на рынку з'явіцца шмат таннага жылля. Думаю, у гэтым выпадку квадратны метр можа каштаваць 800 - 1000 даляраў (у канцы 2008 года метр каштаваў 1500 - 2100 даляраў – «КП у Беларусі»), - разважае старшыня «Нерухомасці».

Пры песімістычным варыянце развіцця падзеяў, на думку Мікалая Прасталупава, сабекошт будаўніцтва з-за фінансавых праблемаў у банкаўскай сістэме (у тым ліку высокіх адсоткаў па крэдытах, курсу рубля) вырасце, што можа прывесці да рэзкага змяншэння аб'ёмаў будаўніцтва і яго значнага падаражэння. У гэтым выпадку квадратны метр можа вырасці да 2000 даляраў. Адпаведна, калі большасць новабудоўляў будзе замарожаная, знікне альтэрнатыва другаснаму рынку, і пры такім развіцці падзеяў зніжэння коштаў на другаснае жыллё далей можа не быць.

Магчымыя і іншыя, прамежкавыя варыянты, яны залежаць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя: ці стануць больш даступнымі крэдыты, якія будуць зарплаты, узровень інфляцыі, кошт рэсурсаў.

Не ўсе кватэры таннеюць аднолькава. Але меркаванні спецыялістаў пра тое, на якое жыллё кошты будуць зніжацца хутчэй, расходзяцца.

Кіраўнік групы кампаніяў «Твая сталіца» Уладзімір Давідовіч лічыць, што новабудоўлі будуць таннець хутчэй, чым другаснае жыллё.

«Новабудоўлі будуць таннець хутчэй, чым другаснае жыллё, прынамсі, у першым паўгоддзі. Забудоўшчыкам трэба вяртаць крэдыты (інакш ім пагражае банкруцтва і сур'ёзныя штрафныя санкцыі), таму зараз яны гатовыя на значныя саступкі. А на другасным рынку ў людзей продаж кватэры, як правіла, не звязаны з надзвычайнымі акалічнасцямі, і калі яны бачаць, што кошты зніжаюцца, дык хутчэй пагодзяцца пачакаць, чым рабіць сур'ёзныя зніжкі», - кажа ён.

Зрэшты, Уладзімір Давідовіч упэўнены, што да лета забудоўшчыкі перастануць зніжаць кошты: хтосьці залатае дзіркі, а хтосьці замарозіць будоўлю.

«Цяперашнія зніжкі - гэта кароткачасовыя акцыі. Да лета распродажаў не будзе. На другасным рынку за гэты час кошты таксама паступова апусцяцца, хутчэй за усё будуць таннець трох- і чатырохпакаёвыя кватэры старога фонду. Чакаем мінус 15% за першыя паўгады. Гэта значыць квадратны метр, які зараз у Менску каштуе ў сярэднім 1900 даляраў, можа зменшыцца ў кошце прыкладна да 1600», - упэўнены кіраўнік «Тваёй сталіцы».

А вось памочнік дырэктара рыелтерскай кампаніі ViVa Invest Вадзім Тачкін лічыць, што ў першую чаргу будуць зніжацца кошты на другасным рынку, паколькі яны і без таго былі моцна завышаныя. А на рынку долевага будаўніцтва зніжак больш чакаць не варта.

«Выкідка кватэраў, якая была ў канцы года, скончыцца, і тое, што раптам патаннела ў снежні - студзені, вернецца на ранейшы ўзровень. Паколькі энерганосьбіты мы купляем у Расеі за валюту, а даляр падаражэў, гэта пацягне і рост коштаў на жыллё. Хутчэй за ўсё, у канцы студзеня падвысяцца кошты на будматэрыялы. І тыя, хто мае магчымасць закансерваваць будоўлю, зараз сур'ёзна аб гэтым думаюць. Калі зараз на рынку парадку 80 новабудоўляў, дык да лета іх застанецца, можа быць, 10.

Хутчэй за ўсё, мы вернемся да сітуацыі, якая была на рынку долевага будаўніцтва яшчэ да пачатку жыллёвага крэдытавання. Жыллё ў новабудоўлях будзе недасягальнае для большасці насельніцтва, і яго будуць купляць толькі тыя, хто зможа гэта рабіць за свае грошы. Я ведаю, сёння шмат хто чакае, што рынак абваліцца, і кватэры пачнуць прадаваць ледзь не па 500 даляраў. Але, паверце, ніхто не будзе прадаваць жыллё сабе на страту. Такі кошт можа быць, калі дапусціць, напрыклад, што даляр будзе каштаваць 5000 рублёў», - адзначае эксперт.

Калі кошты дасягнуць «дна»? Гэтае пытанне хвалюе як простых пакупнікоў, так і спецыялістаў.

«Калі сітуацыя з фінансавай сістэмай не будзе нармалізаваная, дык паступовае спаўзанне ўніз працягнецца і ў другой палове года, кошты могуць знізіцца прыкладна на 30% ад цяперашніх (гэта значыць прыкладна да 1300 даляраў за метр). Калі ж крэдытаванне стабілізуецца і далейшай дэвальвацыі рубля не будзе, магчыма, улетку кошты спыняцца», - лічыць Уладзімір Давідовіч.

Эксперты адзінадушныя ў тым, што пасля этапу зніжэння коштаў варта чакаць іх новага росту. Уладзімір Давідовіч лічыць, што ён пачнецца праз паўтары гады. Але рост будзе плаўным, а не такім шпаркім, як у папярэднія гады (напрыклад, з лістапада 2006 года па сакавік 2007-га кошт вырас на 40% - з $1100 да $1850).

Калі знізяцца значна, дык і ўздым іх будзе значным, разважае Мікалай Прасталупаў.

«Тое, наколькі потым вырастуць кошты, залежыць ад таго, наколькі яны знізяцца. Калі знізяцца значна, дык і ўздым будзе значным. Узровень верасня 2008 года на другасным рынку (1800 даляраў за квадратны метр), хутчэй за ўсё, будзе дасягнуты, але ў найбліжэйшыя тры гады перавышаны не будзе», - мяркуе спецыяліст.

Зараз у Менску выстаўлена на продаж каля 9000 кватэраў. За першыя два тыдні студзеня было заключана прыкладна два дзясяткі пагадненняў.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках