25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зянон Пазьняк назваў імёны курапацкіх вандалаў

47

Лідэр КХП БНФ Зянон Пазняк расказаў «Радыё Свабода» аб актах вандалізму ў Курапатах, расейскім імпэрыялізме і вэтэранах НКВД.

Ганна Соўсь: На мінулым тыдні была спыненая крымінальная справа супраць вандалаў, якіх затрымалі ў Курапатах грамадзкія актывісты ў той час, калі яны валілі крыжы. Якую выснову з гэтага трэба зрабіць людзям, для якіх Курапаты ёсьць сьвятым месцам? Працягваць патруляваць урочышча? Спрабаваць высьвятляць імёны вандалаў і імёны тых, хто даваў такія загады?

Зянон Пазьняк: Выснову трэба зрабіць такую, што прамаскоўскі рэжым у Беларусі зацікаўлены ў зьнішчэньні Курапатаў і стымулюе, падтрымлівае вандалізм. Ніхто наўпрост загадаў вандалам не даваў, інакш бы вандалы маглі закласьці заказчыкаў. ГБ гэта робіць праз агентуру ўплыву. Агентамі ўплыву маглі быць сябры, настаўнікі і нават бацькі вандалаў.

Што датычыць высьвятленьня імёнаў вандалаў, пра што Вы кажаце, то няма пытаньня. Трэба было спытаць у мяне. Вось іхнія імёны і дадзеныя. Першы вандал – Астрэйка Павал Андрэевіч, нарадзіўся 29 сьнежня 1990 году ў Ніжневартаўску Цюменьскай вобласьці, Расея. Другі вандал – Шышко Вадзім Дзьмітрыевіч, нарадзіўся 7 чэрвеня 1992 году ў Менску.



На пытаньне, што рабіць, адказ такі. Трэба патрабаваць, каб органы рэжымнай ўлады выконвалі законы. Ёсьць два шляхі – працэсуальны і грамадзка-палітычны. Трэба выкарыстаць абодва.

Соўсь: Заўтра заступае на пасаду новаабраны прэзыдэнт ЗША Барак Абама. Як вы мяркуеце, палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі будзе нейкім чынам скарэктаваная, зьмененая?

Пазьняк: Я думаю, што палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі ня зьменіцца. У гэтым пытаньні мае значэньне, якую вагу пры Абаму будзе мець Байдэн. Бо гэта разумны палітык, і яму не мроіцца душа Расеі ў вачах Пуціна. У яго зрок хутчэй як у Маккейна.

Соўсь: Зянон Станіслававіч, у гэтыя дні споўнілася 15 гадоў, як у “Народнай газете” быў надрукаваны ваш ужо легендарны артыкул “Аб расейскім імпэрыялізьме і ягонай небясьпецы”. У гэты ж дзень адбыўся таксама візыт прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана ў Беларусь, і ў гэты ж дзень адбылася экстрадыцыя з Менску літоўскіх камуністаў Буракявічуса і Ермалавічуса. Скажыце, калі ласка, а чаму артыкул “Аб расейскім імпэрыялізьме і ягонай небясьпецы” быў надрукаваны па-расейску? Вы хацелі пашырыць кола чытачоў ці былі іншыя прычыны?

Пазьняк: Каб пашырыць кола чытачоў, трэба друкаваць артыкулы пра праблемы нацыі па-беларуску, тады іх прачытае эліта грамадзтва. Людзі, якія шмат што разумеюць і якія зацікаўленыя і ўмеюць думаць пра дзяржаву. Пісаньне такога кшталту артыкулаў па-руску амаль пустапарожняя справа, бо адукаваны па-руску абывацель далёкі ад беларускіх нацыянальных праблемаў. Не марнуецца такая праца толькі таму, што беларуская эліта, якая валодае рускай мовай, таксама можа гэты артыкул прачытаць. І толькі ад гэтага, што яна прачытае, ён робіцца зьявай грамадзкай думкі. Русіфікаванага абывацеля тым часам нацыянальныя пытаньні не цікавяць. Ягоная рэакцыя на беларускія праблемы – маўчаньне альбо лямант ці злосьць, калі нешта яго напалохае ці здасца яму страшным. Менавіта гэта і здарылася з артыкулам пра рускі імпэрыялізм.

Вэтэраны НКВД завылі так, што прачнуліся нават нябожчыкі КПСС і далучыліся да агульнага хору. Артыкул быў напісаны яшчэ ў 1993 годзе спэцыяльна па-руску, для "Советской Белоруссии" згодна запрашэньня там друкавацца. Аднак галоўны рэдактар Ігар Асінскі адчайна працівіўся публікацыі. Згодна тагачаснага закону рэдактара можна было прымусіць надрукаваць артыкул Народнага дэпутата. Але я ніколі не карыстаўся гэтым правам. Так і тады, я не стаў ціснуць на Асінскага, забраў артыкул і аднёс у "Народную газету", Сярэдзіч яго і надрукаваў. На перапісваньне па-беларуску ў мяне ўжо проста не хапіла часу...

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках