25 лiстапада 2024, панядзелак, 9:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арыштаваны былы кіраўнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў

21

Генеральная пракуратура арыштавала былога дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Анатоля Грамовіча.

Яму інкрымінуецца стварэнне і ўдзел у буйной злачыннай арганізацыі, якая налічвае некалькі дзясяткаў чалавек, піша «Ежедневник».

Анатоль Грамовіч быў прызначаны на пасаду намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю - дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў у студзені 2002 года. Адбылося гэта неўзабаве пасля таго, як былы Дзяржаўны камітэт фінансавых расследаванняў страціў сваю самастойнасць і шляхам пераўтварэння ў дэпартамент увайшоў у склад Камітэта дзяржаўнага кантролю.

На пасаду дырэктара ДФР КДК Анатоль Грамовіч прыйшоў з пасады намесніка начальніка Упраўлення КДБ па Берасцейскай вобласці. У тым, што кіраўніком фінансавай міліцыі Беларусі стаў чэкіст, не было нічога незвычайнага. Старшыня Камітэта дзяржкантролю Анатоль Тозік таксама быў з «былых». Ён актыўна і вельмі паспяхова ўкараняў у даручанай яму структуры чэкісцкія метады працы (у добрым сэнсе гэтага слова), таму і ўзяў дырэктарам ДФР калегу.

Калі А.Тозік з'ехаў амбасадарам у Кітай, а КДК пасля шасці месяцаў безуладдзя ўзначаліў Зянон Ломаць, сітуацыя кардынальна змянілася. Адносіны з новым старшынём камітэта, які недалюбліваў чэкістаў, у А.Грамовіча не заладзіліся ад пачатку. І праз месяц, у лістападзе 2006 года, указам прэзідэнта ён быў вызвалены ад займанай пасады і залічаны ў распараджэнне старшыні КДК для далейшага звальнення з органаў фінансавых расследаванняў.

Пасля звальнення дырэктара з ДФР КДК аднаго за другім прыбралі і ўсю яго каманду: намесніка, кіраўніка следчага падрадзялення, следчых, аператыўнікаў і г.д. Адначасова з гэтым стала вядома, што Генеральная пракуратура пачала актыўна капаць пад былога дырэктара ДФР КДК. Хадзілі чуткі, што са дня на дзень А. Грамовіч павінен быць арыштаваны. Але звальненне звальненнем і скончылася. Не больш за тое. Аднак зараз Генеральная пракуратура дала сабраным матэрыялам новы, прычым даволі паспяховы ход.

У прэс-службе Генпракуратуры не змаглі пацвердзіць ці абвергнуць інфармацыю аб арышце Анатоля Грамовіча. Усе, хто мог бы патлумачыць сітуацыю, знаходзяцца на калегіі, а таму недасягальныя для апытання. Зрэшты, і без афіцыйных тлумачэнняў атрымалася высветліць некаторыя, хай і нешматлікія падрабязнасці.

Падставай для арышту былога дырэктара ДФР КДК стала прад'яўленне яму абвінавачвання па адным з самых сур'ёзных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі - ч.3 арт.285 (стварэнне злачыннай арганізацыі ці ўдзел у ёй, здзейсненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў). Гэты артыкул, у прыватнасці, прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Абвінавачванне датычыць таго перыяду дзейнасці А.Грамовіча, калі ён з'яўляўся намеснікам начальніка Упраўлення Камітэта дзяржбяспекі па Берасцейскай вобласці. Так што распачатая справа - гэта, хутчэй, пляма на светлым абліччы КДБ, чым КДК. Зрэшты, не выключана, што следчыя накапаюць нешта супраць А.Грамовіча, датычнае перыяду, калі ён дырэктарстваваў у ДФР КДК.

Паводле папярэдніх звестак, справа з'яўляецца працягам цэлага шэрагу гучных расследаванняў Генеральнай пракуратуры па факце дзейнасці на заходніх межах беларускай мяжы злачыннай арганізацыі, якая ўключае ў сябе мноства злачынных груповак рознай спецыялізацыі. Гаворка ідзе аб падманным транзіце, ухіленні ад выплаты мытных плацяжоў пры пастаўцы ў Беларусь розных тавараў, даванні і атрыманні буйных хабараў і г.д. і да т.п.

Пакуль, на жаль, не атрымалася даведацца, у чым выяўляўся ўдзел А.Грамовіча ў злачыннай арганізацыі. Вядома толькі, што прад'яўленае яму абвінавачванне датычыць справы, якая зараз разглядаецца ў адным з судоў і дзе фігуруюць 23 абвінавачваныя з ліку супрацоўнікаў мытні, КДБ, МУС, а таксама бізнэсмэнаў. А.Грамовіч праходзіць па ім сведкам, але ў дачыненні да яго і яшчэ шэрага асобаў ужо распачатая асобная вытворчасць. Прычым справа ўзбуджаная менавіта па тых матэрыялах, якія Генеральная пракуратура актыўна прапрацоўвала два гады таму. Але тады для прад'яўлення А.Грамовічу абвінавачання не хапіла доказаў. Цяпер яны з'явіліся.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках