25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жорсткі закон «Аб СМІ» уступае ў сілу

6

8 лютага 2009 года ўступае ў сілу Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства інфармацыі, «у адпаведнасці з артыкулам 54 Закона ўсе сродкі масавай інфармацыі, зарэгістраваныя ў Міністэрстве інфармацыі да 8 лютага 2009 года, павінныя на працягу года – да 9 лютага 2010 года – прайсці перарэгістрацыю паводле патрабаванняў Закона. Хуткім часам на сайце Мінінформа будзе размешчаная адпаведная памятка.

У цяперашні час на сайце ў раздзеле «Нарматыўныя дакументы» размешчаныя Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» і нарматыўныя прававыя акты, распрацаваныя ў выкананне Закона. Варта звярнуць увагу, што паводле падпункта 4.9 пункта 4 артыкулу 34 Закона, які ўступае ў дзеянне, пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці журналіст абавязаны прад'яўляць па патрабаванні службовае пасведчанне.

Форма службовага пасведчання журналіста сродку масавай інфармацыі, зарэгістраванага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, усталяваная пастановай Міністэрствы інфармацыі ад 6 кастрычніка 2008 г. № 12 і таксама размешчаная на сайце».

Нагадаем, у жніўні 2008 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў новы закон «Аб сродках масавай інфармацыі», які ўпершыню адносіць Інтэрнэт да сродкаў масавай інфармацыі. Рэгуляванне дзейнасці інтэрнэт-СМІ паводле Закона аднесенае да кампетэнцыі Савета Міністраў.

Закон уводзіць рэгістрацыю «СМІ, якія распаўсюджваюцца праз глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт». Гэтая рэгістрацыя і дзейнасць СМІ будуць рэгулявацца не законамі, а пастановамі Савета міністраў Беларусі. Дзейнасць любога незарэгістраванага інтэрнэт-СМІ можа быць прыпыненая.

Таксама новы закон забараняе рэгістрацыю СМІ, доля замежнага капіталу ў якіх перавышае трыццаць адсоткаў. Для распаўсюджвання замежнага выдання на тэрыторыі краіны зараз патрабуецца спецыяльны дазвол. Уводзіцца абавязковая акрэдытацыя журналістаў замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі.

Спіс парушэнняў, за якія ў адрас рэдакцыі можна вынесці папярэджанне, дастатковае для прыпынення выдання друкаванага органа, у законе абазначаны досыць цьмяна, адказнасць СМІ зараз будзе надыходзіць у выпадку «распаўсюджвання няпэўнай інфармацыі, якая можа прычыніць шкоду дзяржаўным або грамадскім інтэрасам». Вынесці жа такое папярэджанне можа суддзя, пракурор або нават чыноўнік раённай адміністрацыі.

Па новым законе, парадак дзяржрэгістрацыі СМІ, якія распаўсюджваюцца праз Інтэрнэт, аднесены да кампетэнцыі Савета міністраў Беларусі. Усталявана, што ўсе зарэгістраваныя сродкі масавай інфармацыі падлягаюць уключэнню ў дзяржаўны рэестр СМІ, вядзенне якога ўскладзенае на Міністэрства інфармацыі.

Лукашэнку падаецца права без папярэдняга ўзгаднення з дзяржаўнымі тэлевізійнымі і радыёвяшчальнымі СМІ звяртацца да народа па важных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця. У новым праекце закона адсутнічае палажэнне, паводле якога арганізацыі, пры якіх акрэдытаваны карэспандэнт, абавязаныя паведамляць яму аб маючых адбыцца мерапрыемствах, забяспечваць дакументамі.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, з заклікам адмовіцца ад прыняцця дадзенага дакумента да беларускіх улад звярталіся беларускія праваабаронцы і шэраг міжнародных структур, у прыватнасці Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), Еўрапейская Камісія, міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў».

Беларускія праваабаронцы не спадзяюцца на паляпшэнне сітуацыі са свабодай слова

Разлічваць на лёгкае жыццё журналістам не прыйдзецца, адзначае кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў.

«У сувязі з уступленнем у дзеянне новага закона аб СМІ і закона аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі нас чакае наступнае «закручванне гаек». Гэта закране як друкаваныя, так і электронныя медыя. Асабліва цяжка прыйдзецца тым журналістам, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ», — прагназуе М.Пастухоў.

Па меркаванні намесніка старшыні БАЖ, юрыста Андрэя Бастунца, новы закон аб сродках масавай інфармацыі, безумоўна, дадасць галаўнога болю заснавальнікам і выдаўцам СМІ.

«Па-першае, не выпрацаванае палажэнне аб тым, што лічыць інтэрнэт-СМІ, рэгуляванне якіх прадугледжанае законам. Па-другое, законам прадугледжваецца перарэгістрацыя СМІ. Па-трэцяе, усё залежыць нават не ад новага закона, а ад ягонай праваўжывальнай практыкі. А гэтая практыка паказала, што гульня заўсёды ідзе «у адны вароты», і чакаць чагосьці добрага не прыходзіцца», — кажа А.Бастунец.

Новы закон аб СМІ наўрад ці адменяць, лічыць юрыст.

«Чакаць таго, што гэты закон будзе адменены, не варта. Яшчэ на стадыі яго абмеркавання ў «парламенце» шматлікія ўплывовыя журналісцкія арганізацыі, праваабарончыя і грамадскія арганізацыі, заходнія палітыкі выступалі з просьбай не прымаць закон і ўгаворвалі Аляксандра Лукашэнку яго не падпісваць. Тым не менш, закон быў падпісаны і ўступае ў дзеянне», — падкрэсліў А.Бастунец.

АБСЕ таксама крытыкуе новы закон аб СМІ і выступае супраць кантролю над Інтэрнэтам

Аб гэтым заяўляў кіраўнік Офіса АБСЕ у Менску Ханс-Йохен Шміт, цытуючы меркаванне ўпаўнаважанага АБСЕ па свабодзе СМІ Міклаша Харашці.

«Офіс АБСЕ па свабодзе СМІ выказаў пэўную крытыку ў адносінах заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, якое ўступіць у сілу ў лютым. Гэты закон не адпавядае стандартам АБСЕ, па меркаванні ўпаўнаважанага. У прыватнасці, што датычыцца пытанняў рэгістрацыі СМІ», - растлумачыў Х.-Й.Шміт.

АБСЕ таксама лічыць, што ў Інтэрнэце павінен быць плюралізм і свабодная плынь інфармацыі, заявіў дырэктар офіса АБСЕ па свабодзе СМІ Роланд Блес.

«Нашае пасланне відавочнае - не рэгулюйце Інтэрнэт», - заявіў Р.Блес.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках