25 лiстапада 2024, панядзелак, 14:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці трэба ратаваць рэжым?

85
Ці трэба ратаваць рэжым?

Апошнім часам сярод людзей, імёны якіх фігуруюць у апазыцыйным дыскурсе, усё больш настойліва прапагандуюцца ідэі такога кшталту: "трэба размаўляць з рэжымам, дапамагаць яму атрымліваць крэдыты ад Захаду", піша на сайце Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

Навошта гэта трэба? Гавораць, бо іначай:




– “...рэжым здасьць сувэрэнітэт Беларусі”,

– “... нашы суграмадзяне пацерпяць ад эканамічнага крызысу”,

– “... нашы людзі не зразумеюць апазыцыю” – і г.д., і да т.п.

Гэта значыць, падобнага кшталту палітыкі прапануюць РАТАВАЦЬ... не, не сувэрэнітэт краіны, не інтарэсы нашых грамадзян, а існы РЭЖЫМ.

Будзьце спакойныя, спадарове: рэжым сам умее сябе ратаваць, лепей за нас. Менавіта гэты рэжым некалі ратаваў сябе, калі забараняў друк антыкарупцыйнага спавешчаньня Сяргея Антончыка ў найбольш тыражных газэтах; калі гвалтам забіраў у законнаабранага парляманту “Народную газэту”.

Ён ратаваў сябе, калі ў ноч на 12 красавіка 1995 г. даваў загад брутальна зьбіваць дэпутатаў ад БНФ у Вярхоўным Савеце.

Рэжым ратаваў сябе, калі праводзіў шахермахерскія рэфэрэндумы 1995, 1996 і 2004 гадоў.

Чорных спраў майстры ва ўладных структурах ратавалі сябе, пазбаўляючы назаўсёды карміцеляў сем’і Юр’я Захаранкі, Генадзя Карпенкі, Віктара Ганчара, Зьмітра Завадзкага і на працяглы час адбіраючы свабоду ў Міколы Маркевіча, Віктара Івашкевіча, Паўла Мажэйкі, Паўла Севярынца, Міколы Статкевіча, Андрэя Клімава, Міколы Астрэйкі, Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма, Зьмітра Дашкевіча, Антона Кішкурны...

Рэжым ратаваў сябе, прымаючы неканстытуцыйныя рэпрэсіўныя акты супраць свабоды сходаў, дэманстрацыяў, пікетаў, супраць свабоды слова.

Рэжым вельмі разьлічваў на сваю вечнасьць і непахіснасьць, калі гвалтам мяняў праграмы па гісторыі, літаратуры, грамадазнаўстве ў сярэдняй школе й ВНУ, выганяў на вуліцу дзяцей і настаўнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэю, выціскаў у эміграцыю Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт.

Ён ратаваў сябе, падпісваючы менскія абавязацельствы перад незалежнымі СМІ й Стамбульскую дэклярацыю з абавязацельствамі перад міжнароднай супольнасьцю.

Ратаваў сябе, калі прадаваў нашым прадпрыемствам па спэкулятыўных коштах нафту, газ, сыравіну, а здабытымі ў гэткі махлярскі спосаб мільёнамі рублёў затыкаў раты нашай інтэлігенцыі – каб яна не хадзіла на акцыі пратэсту.

Рэжым шукаў сабе паратунку, выганяючы з працы, з вучобы з ”воўчымі білетамі” сотні й тысячы людзей толькі за тое, што яны не баяліся казаць уголас тое, што думаюць.

Ратаваў сябе праз публічныя зьдзекі зь незалежнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, ператварэньне шмат якіх яго сяброў у жабракоў, празь незаконнае кіданьне за краты Юр’я Хадыкі, Аляксея Марачкіна, Валянціна Голубева, Язэпа Янушкевіча, Алеся Жлуткі, праз подлае зьбіцьцё ў пад’ездах Радзіма Гарэцкага, Валер’я Мазынскага, Адама Мальдзіса, Уладзімера Мархеля...

Халуі прыкарытнага існаваньня ратавалі гэты рэжым, б’ючы “мужнай мужчынскай рукою” ў твар Сьвятлане Завадзкай, заграбаючы ў войска маладых людзей, якія ня могуць там служыць у зьвязку з станам здароўя...

І вось цяпер, выходзіць, мы павінны падставіць рэжыму плячо і ратаваць ЯГО?! ... Цяпер гора-палітыкі ў кароткіх штанцах просяць: дайце гэтым людзям грошай... каб ня ўмёрлі. Памажыце ім, няшчасным, бо бязь іх Беларусі ну ніяк не праіснаваць: яны ж кіруюць дзяржавай і нам даюць у нашай хаце начаваць... пад лаваю.

А можа, калі-небудзь каму-небудзь з нас ласкава выдзеляць і высока аплачванае месца ў сваёй “палатцы” ці хоць бы запросяць на душэўную гутарку з кавай да рэдактара галоўнай “правільнай” газэты...

Ёсьць даўняя прымаўка: “Пакуль тоўсты ссохне, дык худы здохне”. Зь яе, вядома, можна зрабіць выснову: маўляў, не дамо “тоўстаму” (г.зн., цяперашняй уладзе) ссохнуць, а тое мы ўсе можам скапыціцца. Заганная гэта выснова. “Тоўсты” ўсё адно ня ссохне. А мы? А мы можам няўрокам і спруцянець – калі, вядома, будзем слухацца падобных дарадцаў...

Лявон Баршчэўскі -- лідэр Партыі Беларускага Народнага Фронту

Напісаць каментар 85

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках