25 лiстапада 2024, панядзелак, 19:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Франака Вячорку пакуль не бяруць у войска

3

Суд Савецкага раёну Менску прыпыніў прызыў у войска лідэра «Моладзі БНФ» Франака Вячоркі.

Старшыня «Моладзі БНФ» зьвярнуўся ў суд з скаргай на шматлікія парушэньні, зьдзейсьненыя супраць яго вайскоўцамі і мэдыкамі падчас прызыўной кампаніі, перадае «Радыё Свабода».

Паводле Франака Вячоркі, мелі месца грубыя парушэньні заканадаўства.

Днямі яго гвалтоўна схапілі людзі ў цывільным у палаце шпіталя, дзе актывіст праходзіў абсьледаваньне, і прывезьлі ў ваенкамат. Там яму паведамілі, што праз пару гадзінаў адвязуць у вайсковую частку.

Дагэтуль Франак Вячорка меў адтэрміноўку ад службы ў войску з прычыны перанесенай апэрацыі на вачах і шэрагу іншых праблемаў з здароўем.

Нагадаем, лідэр «Моладзі БНФ» Франак Вячорка быў гвалтоўна дастаўлены ў менскі вайсковы шпіталь 8 студзеня и ваенкамат 16 студзеня.

Прызнаны прыдатным для праходжання вайсковай службы і намесьнік кіраўніка салігорскай філіі «Маладога Фронту» Іван Шыла. У ваенкамат яго таксама адвезьлі пад канвоем.

На днях быў забраны ў войска моладзевы актывіст Ігар Салавей.

Праваабаронцы заяўляюць, што ў Беларусі «адраджаецца практыка выкарыстаньня войска ў мэтах ізаляцыі і ціску на грамадзкіх і палітычных актывістаў».

У заяве праваабарончага цэнтру «Вясна» гаворыцца пра «арганізаваны спэцслужбамі прызыў на тэрміновую вайсковую службу» сяброў Партыі БНФ Зьмітра Жалезьнічэнкі, Віталя Каратыша, Алеся Каліты, а таксама спробы прызыву лідэра «Моладзі БНФ» Франака Вячоркі, актывістаў арганізацыі «Малады фронт» Івана Шылы, Зьмітра Федарука, Паўла Кур’яновіча, моладзевых актывістаў Фёдара Чаранкова, Паўла Батуева, Арцёма Забарына, Алеся Круткіна, асуджанага па «справе 14-ці» актывіста Ўладзімера Сяргеева, а таксама студэнтаў, якія вучацца за межамі Беларусі па праграме Кастуся Каліноўскага і ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках