25 лiстапада 2024, панядзелак, 14:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З крамаў знікаюць усе імпартныя тавары, уключна расейскія

109

Улады пачалі барацьбу з расейскім імпартам, уключыўшы ў "чорны" спіс 16 харчовых і 15 нехарчовых групаў тавараў.

Знікненне гэтых тавараў, як лічаць у міністэрстве гандлю Беларусі, "не акажа прыкметнага ўплыву на спажывецкі рынак рэспублікі", піша "Российская газета ".

Сярод "некрытычнага імпарту" ці "тавараў-паразітаў", як называюць іх беларускія чыноўнікі, кандытарскія вырабы, шакалад, маянэз, сыры, піва, бялізна, вопратка, торбы і іншыя тавары, чые аналагі вырабляюцца ў рэспубліцы. Яшчэ ў канцы мінулага года ўсе аблспажыўсаюзы, органы кіравання гандлю і паслугаў гаррайвыканкамаў і прадпрыемствы гандлю краіны атрымалі дакумент з мінгандлю з пазнакай "для выканання", у якім пералічаныя спосабы барацьбы з "неабгрунтаваным імпартам".

Па-першае, загадваецца перагледзець дамовы арэнды складскіх памяшканняў з кампаніямі, якія ўвозяць "неабгрунтаваны імпарт", і паставіць пытанне аб іх мэтазгоднасці, калі на арэндаваных плошчах захоўваюцца тавары з гэтага спісу. Па-другое, увесці на гэтыя тавары растэрміноўку па плацяжах на 180 дзён, гэта значыць імпарцёрам прапаноўваецца чакаць па паўгады да разліку. Па-трэцяе, устанаўліваецца забарона Нацыянальнага банка на канвертаванне валютаў для аплаты "некрытычнага імпарту" і на адкрыццё новых крэдытных лініяў для імпарцёраў. Па-чацвёртае, ад імя намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Івана Бамбізы на свет з'явіўся дакумент наступнага зместу: "прашу забяспечыць у гандлёвых аб'ектах спажывецкай кааперацыі рэалізацыю піва толькі айчыннай вытворчасці" і прыняць меры для продажу толькі беларускага піва на прадпрыемствах агульнага харчавання".

Найбольш балюча гэтыя меры ўдараць па расейскіх вытворцах, паколькі асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі выступае РФ. І гэта пры тым, што з кожным годам у Беларусі вырабляюць усё менш, а закупляюць усё больш: па выніках студзеня-кастрычніка 2008 года адмоўнае сальда Рэспублікі Беларусь у знешнім гандлі з Расеяй склала 11,5 млрд даляраў, што амаль на 5 млрд больш, чым за аналагічны перыяд 2007 года.

Атака супраць расейскага імпарту пачалася ў верасні мінулага года, калі міністэрства эканомікі Беларусі абмежавала ўзровень лімітнай гандлёвай надбаўкі на імпартныя тавары да 30 адсоткаў, выпусціўшы спецыяльную пастанову. Тады як усяго за пяць дзён да гэтага Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў заявіў: "Тое, што мы пастаўляем вам, вы не лічыце гэта імпартам, вы залічвайце гэтую прадукцыю як расейскую. Мы заўсёды яе будзем пастаўляць, як бы цяжка нам гэта ні было".

Расейскі бізнэс на новаўвядзенне Менска адрэагаваў адразу. Ва ўрад рэспублікі звярнуўся Саюз расейскіх півавараў з просьбай адмяніць пастанову беларускага Мінэканомікі. Як паведаміў кіраўнік Саюза расейскіх півавараў Вячаслаў Мамантаў, гэты дакумент "парушае шэраг двухбаковых міжурадавых дамоваў, у прыватнасці асноўныя прынцыпы Мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы".

Пастанова засталося ў сіле, але танней імпартныя тавары ад гэтага не сталі, затое пачалося скарачэнне імпарту.

Затым, у пачатку снежня мінулага года, з нетраў мінгандлю выйшаў спіс "неабгрунтаванага імпарту", якім рэспубліканскія ўлады плануюць забіць адразу некалькіх зайцаў. Перш за ўсё - зэканоміць валютныя рэзервы краіны падчас крызісу. Па словах старшыні праўлення Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча, калі б ў 2008 годзе Беларусь скараціла спажыванне імпарту на 10 адсоткаў, гэта дазволіла б рэспубліцы зэканоміць больш за 4 млрд даляраў.

Аднак незалежныя эксперты ўпэўненыя ў адваротным: імпартная палітыка, якая праводзіцца беларускім урадам, не прынясе жаданых вынікаў. У прыватнасці, эканаміст Леанід Злотнікаў, адзначаючы, што "доля спажывецкіх тавараў у агульным аб'ёме імпарту невялікая і складае каля 14-15 адсоткаў", сказаў: "Гэты аб'ём не настолькі значны, каб яго скарачэнне прынесла нейкі істотны эфект для паляпшэння сітуацыі на валютным рынку".

Не дапамогуць забаронныя меры і беларускім вытворцам, чыя прадукцыя сёння саступае па спажывецкіх характарыстыках і сабекошце імпартным таварам. У гэтым сэнсе паказальны прыклад АПК рэспублікі, у дачыненні да якога ўлады праводзяць пратэкцыянісцкую палітыку. Адсталую галіну, выдаткі якой увесь час растуць, а мадэрнізацыі няма з-за адсутнасці канкурэнцыі, вымушаныя падтрымліваць са сваёй кішэні жыхары Беларусі.

Зараз ім яшчэ прыйдзецца ўтрымліваць акрамя іншых лёгкую прамысловасць, вытворцаў сокаў і півавараў. Апошнія дзве галіны вымушаныя набываць даражэйшую і менш якасную сыравіну ізноў жа ў мясцовых аграрыяў, а значыць, ужо першапачаткова выходзіць на рынак з неканкурэнтаздольнай прадукцыяй. "Усе гэтыя меры мінгандлю, магчыма, на паперы нейкую карысць краіне прынясуць, - упэўнены старшыня прадпрымальніцкага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка. - Але на жыцці беларусаў, у тым ліку і прадпрымальнікаў, гэта адаб'ецца негатыўна, а менавіта знізіцца якасць жыцця". Ужо ў найбліжэйшай перспектыве жыхары рэспублікі сутыкнуцца не толькі з адсутнасцю выбару, але і з ростам коштаў, які непазбежны ва ўмовах адсутнасці здаровай канкурэнцыі.

Беларускі эканаміст Аляксандр Патупа называе яшчэ адно наступства забароны імпарту: "Калі перашкаджаць доступу імпартнага тавара на свой рынак, дык і наш тавар чакае той жа лёс на замежных рынках". Перш за ўсё на расейскім - асноўным спажыўцы беларускай прадукцыі. "Калі Расея распачне прыймаць тыя ж меры, мы можам прыціснуць іх значна мацней, бо ў рэспублікі рынак зусім маленькі, і абмежаванне ўвозу беларускіх тавараў на тэрыторыю Расеі адаб'ецца на эканоміцы рэспублікі значна мацней, чым любыя ініцыятывы беларускіх чыноўнікаў, накіраваныя супраць расейскіх тавараў", - кажа генеральны дырэктар Інстытута кан'юнктуры аграрнага рынка Дзмітры Рылька. Пакуль справа абмяжоўваецца толькі просьбамі расейскіх вытворцаў аб дапамозе.

Для паступальнага развіцця любой рынкавай эканомікі неабходная, як вядома, палітыка аптымальных суадносінаў экспарту і імпарту. "Лепшы спосаб "барацьбы" з імпартам - выпускаць канкурэнтаздольныя айчынныя тавары. А для гэтага патрэбныя інвестыцыі, у тым ліку і замежныя. Таму трэба стымуляваць інвестыцыйны працэс, а не ладзіць масавыя ганенні на імпарт", - лічыць Аляксандр Патупа.

Напісаць каментар 109

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках