24 лiстапада 2024, Нядзеля, 23:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паўднёвая Асеція ў 10 раз завысіла колькасць загінулых у вайне з Грузіяй

30

Улады Паўднёвай Асеціі ў сваіх першых заявах пасля жнівеньскай вайны з Грузіяй у дзесяць разоў завысілі колькасць людзей, што загінулі падчас канфлікту.

Аб гэтым заяўляюць прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі Human Rights Watch.

Адразу пасля канфлікту афіцыйныя асобы ў Паўднёвай Асеціі заявілі аб 2 тыс. загінулых, потым, гаварылася аб 1,6 тыс. загінулых. Аднак "на сённяшні момант Следчы камітэт пры пракуратуры РФ смог падаць інфармацыю аб 162 ахвярах", - паведаміла даследчык аддзела па надзвычайных сітуацыях Human Rights Watch Ганна Нейстат. "Розніца нам падаецца вельмі істотнай", - прыводзіць словы эксперта "Інтэрфакс".

Нагадаем, што словы асяцінскіх улад аб 2 тыс. забітых пацвярджаў у жніўні і расейскі амбасадар у Грузіі Вячаслаў Каваленка. Прадстаўнікі Human Rights Watch ужо тады засумняваліся ў правільнасці падобных адзнак.

"Мы не спрабуем высвятліць, хто пачаў вайну, хто паводзіў сябе горш, а хто лепш. Мы лічым, што ўсе бакі канфлікту дапусцілі сур'ёзныя парушэнні гуманітарнага права", - адзначыла Нейстат.

"Грузінскія войскі пры абстрэле Паўднёвай Асеціі ўжылі невыбарчую і залішнюю сілу. Ужыванне "Граду" грузінскімі вайскоўцамі пры абстрэле Цхінвалі і навакольных населеных сёлаў прывяло да ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва", - сказала намглавы маскоўскага бюро Human Rights Watch Таццяна Локшына.

У той жа час расейскія войскі зрабілі недастаткова для забеспячэння бяспекі грузінскіх сёлаў у Паўднёвай Асеціі. Нагадаем, у жніўні паведамлялася аб тым, што асяцінскія баявікі рабуюць і паляць хаты, якія належылі грузінам, забіваюць жыхароў грузінскіх сёлаў або прымушаюць іх пакідаць тэрыторыю самаабвешчанай рэспублікі.

Нейстат дадала, што праваабаронцы зафіксавалі факты выкарыстання грузінскімі і расейскімі вайскоўцамі падчас канфлікту касетных боепрыпасаў. "Грузія прызнала ўжыванне касетных боепрыпасаў, але не там, дзе нам атрымалася выявіць. Мы зафіксавалі грузінскія касетныя бомбы ў грузінскіх сёлах", - сказала Нейстат. Яна адзначыла, што Грузія ўжывала касетныя бомбы ізраільскага паходжання.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках