25 лiстапада 2024, панядзелак, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зімовы адпачынак дзяцей за мяжой пад пагрозай з-за ўказу Лукашэнкі

4

Выдадзены Лукашэнкай указ ставіць пад пагрозу магчымасць «чарнобыльскіх» дзяцей выехаць на зімовыя вакацыі ў Германію.

Як піша нямецкая газета Die Presse, гэтая вестка абрынулася на арганізацыі ў Германіі і Аўстрыі, якія штогод арганізуюць адпачынак тысяч дзяцей з Беларусі, як снег на галаву. "Зараз, - дадае аўтар артыкула, - яны асцерагаюцца, што апынуліся ў жоранах палітыкі".

Нагадаем, размова ідзе аб дэкрэце пад № 555, падпісаным у кастрычніку 2007 года. Дакумент накладае абмежаванні на выезд беларускіх дзяцей на аздараўленне ў замежныя дзяржавы, з якімі не складзеныя міжнародныя дамовы. Акрамя таго, на аздараўленне за мяжу змогуць выязджаць дзеці да 14 гадоў і не больш за тры разы ў адну і тую ж замежную дзяржаву.

Тады практычна ўсе эксперты раскрытыкавалі рашэнне Лукашэнкі, паведамляе DW-World. У прыватнасці, юрыст Валянцін Сцефановіч заявіў, што такія дзеянні з боку ўлад можна расцаніць, як "абмежаванне на свабоду перамяшчэння, таму што гэте права гарантуецца і Канстытуцыяй як права вольнага выезду і вяртання ў краіну, паколькі лімітуецца трыма разамі".

Праўда, 19 снежня 2008 года Лукашэнка вынес рашэнне аб прыпыненні ўведзеных абмежаванняў па выездзе беларускіх дзяцей на аздараўленне за межы краіны на перыяд калядных і навагодніх святаў з 20 снежня 2008 года да 20 студзеня 2009 года.

У той жа час намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч лічыць, што ўведзеныя раней абмежаванні на выезд беларускіх дзяцей на аздараўленне за межы краіны "не толькі правамерныя, але і справядлівыя". Лукашэнка, тлумачыць выданне, адрэагаваў сваім указам на інцыдэнты, якія адбыліся з двума тынэйджарамі ў жніўні мінулага года, калі падлеткі не захацелі вярнуцца дадому ў Беларусь.

"Быў адзін выпадак невяртання дзіцяці, потым другі выпадак. Лічу, што любая краіна, якая паважае сябе і шануе сваіх грамадзянаў, павінная клапаціцца аб тым, каб грамадзяне мелі магчымасць вярнуцца ў сваю краіну. А краіна, якая прымае нашых дзяцей, павінная выконваць свае абавязанні", - сказала намстаршыні адміністрацыі Лукашэнкі.

Раней у Беларусі былі зафіксаваныя 2 выпадкі невяртання ў краіну дзяцей, што праходзілі аздараўленне за межамі рэспублікі. У прыватнасці, у 2006 годзе ў Беларусь адмовілася вярнуцца пасля адпачынку ў Італіі 10-гадовая Вікторыя Мароз. У 2008 годзе аналагічны выпадак адбыўся з 17-гадовай Тацянай Казыра, якая адпачывала ў ЗША. У абодвух выпадках, пасля прадпрынятых сумесных высілкаў Беларусі і прымаючых бакоў, дзеці былі вернутыя на радзіму.

У сувязі з гэтым Лукашэнка прыняў указ, паводле якога аздараўленне беларускіх дзяцей за мяжой можа ажыццяўляцца толькі на падставе дамоваў, заключаных з прымаючым бокам. "Гэта можа быць цалкам любая форма дамоваў, тым не менш, гэта павінен быць двухбаковы дакумент, у адпаведнасці з якім прымаючы бок абавязваецца вярнуць дзіця ў Беларусь", - адзначыла Пяткевіч.

Па ейных словах, "некаторыя краіны спачатку катэгарычна адзываліся аб заключэнні падобных дамоваў, іншыя пачалі гэтую працу". Пяткевіч адзначыла і пазітыўны досвед працы ў гэтай сферы з Італіяй, якая склала з Беларуссю адпаведную дамову.

У гэтай сувязі прэзідэнтам было прынятае рашэнне аб прыпыненні дзеяння ўведзеных раней абмежаванняў на адзін месяц - з 20 снежня да 20 студзеня. Гэта зроблена для таго, каб раней запланаваныя калядныя паездкі ўсё ж такі адбыліся", - сказала Пяткевіч.

Па ейных словах, падчас гутаркі з начальнікам палітычнага аддзела Генеральнага сакратарыята Рады ЕЗ Хельгай Шміт і амбасадарам Францыі Мірэй Мюсо абмяркоўваліся пытанні аздараўлення беларускі дзяцей за мяжой. "Яны пацвердзілі разуменне таго, што цяпер да летняга перыяду трэба актывізаваць працэс, каб дамовы былі складзеныя", - адзначыла Пяткевіч.

Афіцыйны Берлін, вядзецца ў артыкуле, выказаў гатовасць падпісаць усе неабходныя дакументы ў найкароткія тэрміны. У Аўстрыі адносна дамовы пакуль пануе поўная нявызначанасць, паколькі дзіцячы адпачынак ажыццяўляўся за кошт асобных арганізацый, аб'яднанняў і прыватных асоб.

Інсайдэры асцерагаюцца таго, што ў будучым з-за бюракратычных перашкод арганізатарам падобнага адпачынку для дзяцей, якія жывуць у нястачы, прыйдзецца адмовіцца і ад планаў на летнія вакацыі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках