25 лiстапада 2024, панядзелак, 21:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Сёлета беларусаў можа чакаць вельмі высокая інфляцыя

2

Прыняты ўказам Аляксандра Лукашэнкі бездэфіцытны бюджэт можа быць сродкам барацьбы з інфляцыяй, заявіў эканаміст Леанід Злотнікаў.

«Звычайна бюджэтны дэфіцыт спараджае інфляцыю. І калі ўрады змагаюцца з інфляцыяй, яны стараюцца не дапускаць бюджэтнага дэфіцыту. Гэта звычайная сітуацыя. Мне цяжка сказаць, што яшчэ акрамя інфляцыі магло б падштурхнуць да гэтага», - кажа Леанід Злотнікаў у інтэрв’ю «Еўрарадыё».

На думку эксперта, падзеі апошніх дзён засведчылі, што сёлета беларусаў можа чакаць вельмі высокая інфляцыя. Пра гэта сведчаць ажыятажныя закупкі пасля абвяшчэння дэвальвацыі.

«Я так здагадваюся, што ў нас могуць быць створаныя перадумовы для вельмі высокай інфляцыі сёлета — ёсць такія фактары. І апошні фактар — паскарэнне абарачэння грашовай масы. Бо насельніцтва паказала памкненне ўцячы ад беларускага рубля — купіць любы тавар, каб толькі грошы не змарнаваліся, і г.д.,» – сказаў ён.

Эканаміст зазначыў, што разумная бюджэтная палітыка дапускае дэфіцыт ва ўмовах крызісу. Гэта значыць, што выдаткі могуць быць большымі за прыбыткі.

«Урад можа ў час пад'ёму эканомікі назапашваць нейкія рэсурсы — за кошт прафіцыту бюджэту ў перыяд пад'ёму і эканамічнага росту. І ў перыяд крызісу можа падтрымліваць развіццё эканомікі, дапускаючы бюджэтны дэфіцыт — гэта значыць, выдаткоўваючы больш рэсурсаў, чым ён у гэтым годзе атрымлівае», – мяркуе эканаміст.

Па словах Леаніда Злотнікава, заходнія ўрады цяпер акурат і намагаюцца падтрымаць сваю эканоміку за кошт бюджэтнага дэфіцыту — каб павялічыць попыт на сваю прадукцыю.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках