25 лiстапада 2024, панядзелак, 19:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошты на імпартныя тавары ў Менску падвысіліся на 20%

5

Кошты на большасць імпартных тавараў у Менску з пачатку года падвысіліся на 20%, на айчынныя — засталіся на ўзроўні снежня 2008 года.

Аб гэтым карэспандэнту БелаПАН 8 студзеня паведамілі прадаўцы на Камароўскім рынку, ГЦ "Люстэрка" і ГЦ "Імпульс".

Нагадаем, што 2 студзеня Нацбанк правёў аднамомантавую дэвальвацыю беларускага рубля на 20,5%.

На 8 студзеня на 20% на Камароўскім рынку падаражэлі кава, гарбата, імпартныя кансервы, сланечнікавы алей, рыба і садавіна. Прадаўцы айчыннай мясной прадукцыі паведамілі, што перад Новым годам кошты трохі панізіліся і з пачатку года "не падняліся ні на капейку".

У ГЦ "Люстэрка" некаторыя крамы працягваюць праводзіць распродаж тавараў са зніжкамі. "Але на новыя калекцыі мы будзем ставіць ужо новы кошт", — адзначыла дырэктар адной з крам вопраткі.

У ГЦ "Імпульс" прадаўцы бытавой тэхнікі паднялі кошты на 20% ужо з 2 студзеня, іншых тавараў — крыху пазней, некаторыя пералепліваюць цэннікі і сёння.

Як паведаміла прадавец-кансультант аддзела бытавой тэхнікі ЦУМа, 2 студзеня там назіраўся ажыятажны попыт на халадзільнікі айчыннай вытворчасці. "Людзі баяліся, што з ростам курсу даляра падвысяцца кошты, але мы іх пакуль не пераглядалі", — адзначыла яна. Па ейнай інфармацыі, кошты як на айчынную, так і імпартную тэхніку ва ўнівермагу засталіся на ўзроўні снежня і тавар ёсць у шырокім асартыменце.

Правізар у аптэчным кіёску паведаміла, што пакуль на лекі дзейнічаюць старыя кошты, але на новыя партыі яны паднімуцца.

Па інфармацыі начальніка ўпраўлення коштавай палітыкі Мінгарвыканкама Іосіфа Рачыцкага, маніторынг коштаў у сувязі з падвышэннем на 20% курсу даляра ў Менску пакуль не праводзіўся.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках