25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З-за крызісу 200-300 тысячаў беларусаў могуць пазбавіцца працы

17
З-за крызісу 200-300 тысячаў беларусаў могуць пазбавіцца працы

З прычыны крызісу на беларускіх прадпрыемствах можа сур'ёзна знізіцца занятасць і пачацца масавыя звальненні, лічаць незалежныя эканамісты.

Абвал беларускага рубля, які прадказваўся, але ўсё ж здарыўся нечакана хутка, і ажыятаж у крамах выклікалі блізкі да панікі стан шэраговых грамадзянаў, якія выстраіліся ў чэргі і скупляюць не толькі імпартную тэхніку, але і тыя тавары, якія ў апошні час не карысталіся асаблівым попытам у спажыўцоў. Эксперты «Заўтра тваёй краіны» сцвярджаюць: больш за ўсё пацерпяць бюджэтнікі, студэнты і пенсіянеры.

Фонд зарабатнай платы адразу скараціўся больш чым на 5 млрд даляраў

Калі ўзяць тыя грошы, якія планавалася выдаткаваць на выплату пенсіяў у 2009 годзе па законе аб бюджэце, дык атрымаецца цікавая статыстыка: па курсе, які быў прадугледжаны ў законе аб бюджэце, гэтая сума павінна была складаць каля 7,9 мільярда даляраў. Толькі пасля студзеньскага паніжэння беларускага рубля сума пенсіяў, сацыяльных дапамогаў і датацыяў скарацілася да 6,3 мільярда даляраў.

У той жа час кіраўнік цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка перакананы, што цяжка прыйдзецца палітмэйкерам, тым, хто называе сябе кіраўнікамі ў эканоміцы, і ўраду. Ён, на думку эканаміста, будзе змяняцца, таму што ўжо сёння чыноўнікі не паспяваюць сачыць за тым, што адбываецца.

«Безумоўна, сёлета простыя беларусы рэальна адчуюць, што такое крызіс. Зарабатная плата, як ніколі, будзе не паспяваць за ростам коштаў. А кошты будуць падвышацца з прычыны так званай манапалістычнасці рынка, асабліва, на прадукты харчавання. Калі мы і надалей будзем арыентавацца на ўнутраную самазабеспечвальнасць, дык кошты будуць расці», - адзначае Леанід Заіка.

На гаманцах шэраговых беларусаў адаб'ецца і падзенне знешніх рынкаў

У вельмі няпростую сітуацыю патрапілі, як лічыць Леанід Заіка, тыя, хто ўзяў крэдыты ў айчынных банках.

«Ва ўмовах крызісу ўзяты крэдыт можа стацца непад'ёмным. Вельмі верагодна, што ён будзе даражэць. Сёння банкі ведаюць, як сябе засцерагчы і, заключаючы дамову з кліентам, уносяць пункт аб магчымым падвышэнні стаўкі рэфінансавання. І калі выплата па стаўцы перавышае інфляцыю, дык кліент апынаецца ў невыгоднай сітуацыі. А калі яму яшчэ зменшылі зарплату ці не дай Бог, ён патрапіў пад скарачэнне, дык і зусім у бязвыхаднай», - кажа эксперт.

Першыя ахвяры дэвальвацыі – індывідуальныя прадпрымальнікі

Беларускія гандляры садавінай і гароднінай ужо падлічваюць страты, нанесеныя пераднавагоднім гандлем. У апошнія дні 2008 года яны прадавалі прадукцыю па коштах па курсе 2200 рублёў за даляр, а за 1-2 студзеня не змаглі канвертаваць выручку ў валюту, на чым страцілі 20-30 адсоткаў. Па сутнасці, у святы яны спрацавалі «у мінус», што ператварылася ў трагедыю малых прадпрымальнікаў.

Як ужо заявіў БелаПАН кіраўнік аргкамітэта па стварэнні Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Cяргей Балыкін, рэзкае абясцэньванне беларускага рубля і адпаведна падвышэнне курсаў замежных валютаў наогул дастаткова балюча ўдарыць па айчынным бізнэсе. Бо ў Беларусі стаўкі арэнднай платы, мінімальныя памеры статутных фондаў камерцыйных арганізацыяў і стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў вызначаныя ў еўра.

«ІП апынуліся ў пройгрышы тройчы. Па-першае, з-за будучага падвышэння ставак адзінага падатку. Па-другое, з-за падвышэння курсу еўра. Па-трэцяе, з-за таго, што навагодні гандаль, як правіла, адрозніваецца высокай актыўнасцю, продажы вядуцца за беларускія рублі, а тавар закупляецца за валюту», -- сказаў ён.

Але, на думку Сяргея Балыкіна, «разлічваць на тое, што атрымаецца істотна павялічыць кошт тавара, прадпрымальнікам не прыходзіцца», паколькі насельніцтва проста ў сувязі са зніжэннем рэальнай зарплаты насельніцтва проста не зможа купляць тавар па больш высокіх коштах.

У канцы 2008 года вышэйшае кіраўніцтва Беларусі запэўнівала, што ніякага абвалу ў краіне не будзе, а зараз відавочная дэвальвацыя нацыянальнай валюты. У крамах раскупляцца не толькі імпартная тэхніка, але і айчынныя тавары.

На думку Сяргей Балыкіна, больш за ўсё ад дэвальвацыі беларускага рубля пацерпяць суб'екты гаспадарання, якія ўзялі валютныя крэдыты, але працуюць на ўнутраным рынку па праграмах імпартазамяшчэння. Яны атрымліваюць выручку ў беларускіх рублях, а разлічвацца па крэдытах неабходна ў валюце.

200-300 тысячаў беларусаў стануць беспрацоўнымі

Цяжкасці на беларускіх прадпрыемствах пачаліся ўжо з лістапада мінулага года. На 15-20 адсоткаў знізіўся аб'ём экспарту ў Расею і іншыя краіны.

«Гэта значыць, што, як мінімум, на 5-7 адсоткаў знізіцца занятасць на прадпрыемствах Беларусі, пачнуцца звальненні. Я думаю, 200-300 тысячаў беларусаў стануць беспрацоўнымі і будуць вымушаныя шукаць іншую працу», -- прагназуе Леанід Заіка.

Хто адкажа за ўсіх?

У крызіснай сітуацыі, якая склалася, не варта чакаць ад высокапастаўленых чыноўнікаў разумных рэформаў эканомікі, лічыць Леанід Заіка.

«Наш урад неабходна добранька пачысціць. У канцы 2008 года ўсе наперабой загаварылі аб рэформах, аб лібералізацыі эканомікі, аб праграме мадэрнізацыі краіны. Я азнаёміўся з гэтай праграмай, і мяне яна крыху насцярожыла. Таму што ні ў аднаго міністра няма ніякай уласнай праграмы. Ёсць старая наменклатурная традыцыя нешта абнаўляць», - кажа эканаміст.

А што рабіць?

Эксперт Леанід Злотнікаў лічыць, што для выхаду з крызіснай сітуацыі неабходная эканамічная свабода прадпрымальным людзям, а таксама арганізацыйная перабудова эканомікі, каб буйныя беларускія вытворчасці распаліся на больш мабільныя малыя прадпрыемствы і фірмы, і прыватызацыя.

Але Леанід Заіка простым людзям раіць «у большай ступені спадзявацца на сябе, а не разлічваць на ўрад і дзяржаву».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках