25 лiстапада 2024, панядзелак, 22:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крызісу няма. Валюты ў абменьніках — таксама

7

У абменных пунктах многіх гарадоў Беларусі нестае валюты. Каб набыць даляры і эўра, людзям даводзіцца займаць чаргу задоўга да адкрыцьця абменьнікаў.

Але набыць валюту ўдаецца ня кожнаму, сьведчаць паведамленьні карэспандэнтаў «Радыё Свабода».

Магілёў

Учора найдаўжэйшая чарга ў Магілёве была ля абменьніка ў цэнтральным магілёўскім унівэрмагу. Паводле назіраньняў журналіста Андрэя Белагубава, парадак ля абменьніка пільнуюць ахоўнікі.

«Ці ёсьць у абменьніку валюта?» – пытаецца журналіст у спадарыні каля абменьніка.

«Была і скончылася. Аднак была», - сьцьвярджае спадарыня.

Па ейных словах, набыць валюту жадае шмат людзей.

«Шмат. Я ўжо стаю хвілінаў трыццаць. Аднак раніцай тут вялікі натоўп стаяў», - распавяла жанчына.

Яшчэ адзін суразмоўнік «Радыё Свабода» кажа, што пасьпеў у цэнтры аббегчы чатыры абменныя пункты, але нідзе не набыў патрэбнай сумы: няма валюты, нават і зь беларускімі рублямі праблема.

«Няма нідзе. Кажуць, нават і беларускіх рублёў няма», - абураецца мужчына.

Набыць валюту не ўдалося і яшчэ адной спадарыні. Яна паведамляе, што ўжо стамілася абыходзіць абменьнікі.

«Так, нідзе няма», - кажа яна.

«Шмат хацелі набыць?» – запытвае журналіст.

«Не, няшмат. Хацелі проста набыць у сувязі з рознымі чуткамі», - паведаміла спадарыня.

Адразу ж пасьля дванаццатай гадзіны абменьнік ля абласной управы Нацыянальнага банку зачыніўся. Згодна з шыльдай — «з-за тэхнічных праблемаў».

Гомель

У абменных пунктах Гомелю валюты хапае для продажу толькі на першыя гадзіны працы. Пазьней набыць даляры й эўра можна толькі «з колаў»: адзін чалавек здае, іншы набывае. У асаблівым дэфіцыце ў абменьніках — амэрыканская валюта.

«Даляры хацелі купіць - няма! Трэці ўжо абменьнік. Няма нідзе ні даляраў, ні эўра!” - кажа малады чалавек, які ў пошуках валюты абышоў на прывакзальнай плошчы абменьнікі «Беларусбанку», «Белпрамбудбанку» і «Белаграпрамбанку».

Берасьце

Жыхары Берасьця ў тэлефанаваньнях на «Радыё Свабода» скардзяцца, што попыт на валюту зашкальвае. На чыгуначным вакзале ўтвараецца нават тузаніна. Няма валюты і ў райцэнтрах вобласьці.

«У мясцовым «Белаграпрамбанку» восем пунктаў абмену валюты. Гатоўкі няма ў ніводным. Вядома, што людзі абураюцца», - паведамляе Станіслаў Халадовіч з Івацэвічаў:

Кліенты банкаў забіраюць беларускія рублі.

«Пераважна ў Івацэвічах сёньня кліенты банкаў здымаюць беларускія грошы. Хутчэй за ўсё, гэтыя грошы ўкладаюць у тавары», - распавядае Станіслаў Халадовіч.

Горадня

У Горадні ў некаторых банках можна яшчэ купіць эўра. З далярамі — цяжэй: людзі чакаюць, калі хто іх здасьць. Курс такі: даляр — купоўля 2655 рублёў, продаж — 2708; эўра — купоўля 3610, продаж — 3720 рублёў.

Паводле гарадзенцаў, курс будзе падвышацца. Ля абменнага пункту абласнога аддзяленьня Нацбанку на вуліцы генэрала Карбышава -- чарга каля пятнаццаці чалавек.

«Проста будзе падвышэньне з наступнага месяца. Курс будзе недзе 3100 рублёў прыблізна, арыенціровачна. Я хачу даляры набыць — лічыцца, што выгадней. Я нядаўна браў у Доме сувязі,толькі там былі даляры, ды й то драбяза. А абышоў у цэнтры — нідзе не было», - кажа спадар ля абменнага пункту.

Па ягоных словах, не прыбавілася валюты і пасьля сьвятаў.

«Наўрад. Проста людзі здаюць валюту, па меры здачы зьяўляецца», - кажа спадар.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках