25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У справе Аўтуховіча новы падазроны – былы міліцэйскі начальнік Гародні

6

Праваабаронцы адзначаюць, што пераслед ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча з’яўляецца помстай за яго дзейнасць па раскрыцці карупцыі ў Гарадзенскай вобласці.

Праваабаронца, былы следчы пракуратуры Алег Воўчак паведаміў БелаПАН, што па справе Аўтуховіча ў якасці падазронага праходзіць адзін з былых кіраўнікоў аддзела УУС Гарадзенскага аблвыканкама па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачынасцю Міхаіл Казлоў.

Паводле яго словаў, Казлоў быў затрыманы каля месяца таму, і змешчаны ў следчы ізалятар № 1 у Менску па вуліцы Валадарскага.

«Яму інкрымінуюць артыкул, звязаны з неданясеннем пра злачынства, што рыхтуецца. Быццам ён ведаў, што Аўтуховіч рыхтуе тэрарыстычны акты, і не паведаміў пра гэта», — сказаў Воўчак.

Ён адзначыў, што Міхаіл Казлоў яшчэ ў 2005 годзе вёў праверку скаргаў аб карупцыі ў Ваўкавыску, якія пісаў Аўтуховіч.

«Менавіта Казлоў правяраў скаргі Аўтуховіча ў дачыненні да начальнікаў падатковай інспекцыі Ваўкавыска. Факты, выкладзеныя ў скаргах Аўтуховіча, знайшлі пацверджанне. Тады ж Казлоў узбудзіў крымінальную справу супраць начальнікаў падатковай інспекцыі. Ён накіраваў дакументы ў пракуратуру Гародні, потым гэтыя дакументы былі накіраваныя ў Генеральную пракуратуру. Генеральная пракуратура справу спыніла. Аўтуховіч сапраўды камунікаваў з Казловым, але гэтая камунікацыя адбывалася праз скаргі Аўтуховіча Казлову», — паведаміў Воўчак.

«На мой погляд, такім чынам становіцца відавочна, што крымінальная справа, узбуджаная супраць Аўтуховіча, з'яўляецца помстай за яго дзейнасць па раскрыцці карупцыі ў Гарадзенскай вобласці», — заявіў Алег Воўчак.

8 лютага 2009 года ў Ваўкавыску былі затрыманыя прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 КК. 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» была ўзбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні. Аўтуховіч і Асіпенка працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 Менска.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках