25 лiстапада 2024, панядзелак, 14:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Ярашук: Дырэктары прадпрыемстваў – расходны матэрыял

30
Аляксандр Ярашук: Дырэктары прадпрыемстваў – расходны матэрыял

Сістэма, створаная Аляксандрам Лукашэнкам, трымае дырэктарат і чыноўнікаў у страху.

Так прафсаюзны лідэр Аляксандр Ярашук пракаментаваў змену дырэктараў «Беларуськалія» і БМЗ.

«Праблема ў тым, як улада ставіцца да такіх людзей, камандзіраў вытворчасці. Яна падкрэслівае, што вы – ніхто, які б ўзровень кіравання не мелі – вы проста расходны матэрыял»,- заявіў прафсаюзны лідэр у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

«Андрэй Башура (экс-дырэктар «Беларуськалія») быў кіраўніком, які быў абсалютна на сваім месцы, які карыстаўся вялікай павагай і аўтарытэтам у калектыве, у тым ліку і з боку незалежнага прафсаюза»,- сказаў Аляксандр Ярашук.

«Гэта быў адказны, сумленны чалавек і самастойны кіраўнік. Але пазбаўляліся ад яго выключна непрыстойным чынам, не так, як гэтага заслугоўвае такі кіраўнік. Апошні кантракт, які з ім заключылі, быў з здзеклівым запісам - там было запісана «да прызначэння новага генеральнага дырэктара», - цытуе старшыню БДКП «Тэлеграф».

«Наступным можа стаць хто заўгодна. Сістэма ўсіх трымае ў страху, каб кожны ведаў, што ў любы момант можа быць зняты»,- лічыць Аляксандр Ярашук.

Нагадаем, што 13 кастрычніка беларускі правіцель прызначыў кіраўнікоў двух найбуйнейшых прадпрыемстваў – Металургічнага завода і «Беларуськалія», а таксама шэрага міністэрстваў.

Генеральным дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускі металургічны завод» прызначаны Анатоль Савёнак.

Нагадаем, што раней БМЗ узначальваў Мікалай Андрыянаў. 16 красавіка 2009 года Лукашэнка ўказаў на факты карупцыі, якія мелі месца на Гомельшчыне. «Сёння ў Гомельскай вобласці па маім даручэнні завершана праверка так званай паляўнічай справы, дзе вялікія начальнікі міліцыі, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў напаляваліся так, што сёння даводзіцца разбірацца ў рамках крымінальнай справы. Не буду забягаць наперад, людзі пра гэта даведаюцца, але прабачэння не будзе нікому», - сказаў тады беларускі кіраўнік. Хуткім часам пасля гэтага Мікалай Андрыянаў пайшоў на бальнічны, а вярнуўся на завод толькі для таго, каб развітацца з супрацоўнікамі.

Генеральным дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Вытворчае аб’яднанне «Беларуськалій» прызначаны Валер Кірыенка. Раней прадпрыемствам кіраваў Андрэй Башура.

Сёлета ў студзені Генеральная пракуратура адну за адной пачала ўзбуджаць крымінальныя справы супраць службовых асобаў РУП «ВА Беларуськалій» і кіраўнікоў прадпрыемстваў-партнёраў калійнага гіганта. У жніўні Генпракуратура заявіла, што не сумняецца, што на прадпрыемстве дзейнічала арганізаваная злачынная група. Яе асновай былі намеснік начальніка Службы эканамічнай бяспекі РУП «ВА Беларуськалій» і дзве службовыя асобы Упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння прадпрыемства. Апроч іх у групу ўваходзілі дырэктары і іх намеснікі ААТ БелРасМаш» і ЗАТ «Завод «Электрамашына». Усяго, паводле дадзеных следства, АЗГ налічвала сем чалавек.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках