25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лех Валенса: Сёння патрэбная глабальная салідарнасць

Лех Валенса: Сёння патрэбная глабальная салідарнасць

Лідэры беларускай апазіцыі былі запрошаныя ў Гданьск на цырымонію ўручэння прэміі імя Леха Валенсы – былога прэзідэнта Польшчы і лідэра прафсаюза «Салідарнасць».

Сёлета прэмія імя Леха Валенсы за абарону правоў чалавека, свабоды самавыяўлення і дэмакратыі была прысуджаная вядомым праваабаронцам з Ірана Шадзі Садр, Ладан і Ройя Баруманд.

Шадзі Садр – юрыст, журналістка і абаронца правоў жанчынаў у мусульманскіх краінах, адна з лідэраў руху супраць такога віду пакарання, як пабіванне камянямі. Была арыштаваная пасля разгону акцыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў апошніх прэзідэнцкіх выбараў.

Сёстры Ладан і Ройя Баруманд заснавалі і ўзначальваюць няўрадавую арганізацыю «Abdorrahman Boroumand Foundation», якая займаецца абаронай правоў чалавека і развіццём дэмакратыі ў Іране. Праваабаронцы вядуць маніторынг парушэнняў правоў чалавека і ўдзельнічаюць у руху супраць расізму. Іх бацька быў забіты іранскімі спецслужбамі ў Парыжы.

Узнагарода была заснаваная Лехам Валенсам у гонар 25-годдзя ўручэння яму Нобелеўскай прэміі свету, якое адбылося ў 1983 годзе за заслугі ў барацьбе з камуністычным рэжымам. Акрамя Леха Валенсы ў камітэт прэміі ўваходзяць былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавал, міністр замежных справаў Францыі Бернар Кушнер, былы прэм'ер-міністр Польшчы Ян Кшыштаф Бялецкі, экс-міністр замежных справаў Польшчы Уладзіслаў Барташэўскі, прэзідэнт Фонду Леха Валенсы Пётр Гульчынскі, а таксама былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч.

Ва ўрачыстасцях з нагоды ўручэння прэміі імя Леха Валенсы, якія праходзілі ў старадаўнім гданьскім палацы Артура, прынялі ўдзел палітыкі, дыпламаты, бізнэсмэны, праваабаронцы, эксперты і журналісты з розных краінаў свету.

Ад Беларусі на цырымонію ў якасці сябра камітэта прэміі быў запрошаны Станіслаў Шушкевіч, а таксама каардынатары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка.

Удзельнічаючы ва ўрачыстасцях, беларускія дэмакраты правялі шэраг важных сустрэчаў. З Андрэем Саннікавым, Станіславам Шушкевічам і Зміцерам Бандарэнкам сустрэліся легендарны лідэр польскай «Салідарнасці» Лех Валенса і старшыня Сената Польшчы Багдан Барусевіч.

«Лех Валенса запрасіў нас у офіс свайго фонду, і мы каля гадзіны гутарылі пра сітуацыю ў Беларусі. Былы прэзідэнт Польшчы заявіў, што ён усёй душой з тымі, хто змагаецца за свабоду нашай краіны і адзначыў, што лічыць сваім абавязкам садзейнічаць прыходу дэмакратыі ў Беларусь.

Працяглая і вельмі цікавая гутарка ў нас была са старшынём Сената Польшчы Багданам Барусевічам. Я не магу раскрываць усе тэмы нашай гутаркі, але магу сказаць, што мы казалі пра сітуацыю ў Беларусі, шляхі дэмакратызацыі краіны, пра тое, што трэба зрабіць, каб Еўропа разумела праблемы Беларусі і разумела іх правільна», -- паведаміў сайту www.charter97.org экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Пра сустрэчы з Лехам Валенсам і Багданам Барусевічам сайту www.charter97.org распавёў таксама лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

«Лех Валенса ўразіў нас словамі пра тое, што сітуацыя ў Беларусі -- яго асабісты боль. Лідэр «Салідарнасці» прызнаўся, што мог бы зрабіць для нас больш, з'яўляючыся прэзідэнтам Польшчы, і таму імкнецца прыцягваць увагу да Беларусі – апошняй дыктатуры Еўропы – паўсюль, дзе толькі можна. Валенса застаецца не проста сімвалам перамогі народа над таталітарызмам, але і актыўным барацьбітом за правы чалавека ва ўсім свеце. Прысуджэнне прэміі яго імя іранскім журналісткам і грамадскім дзеячкам – яскравае сведчанне таму.

Экс-прэзідэнт Польшчы кажа, што сёння як ніколі патрэбная глабальная салідарнасць, таму што праблема толькі адной краіны вельмі хутка становіцца праблемай для ўсяго свету. Валенса лічыць, што мы не павінны супакойвацца да таго часу, пакуль у свеце дзеецца беззаконне, несправядлівасці, парушаюцца правы чалавека. Лідэр «Салідарнасці» падкрэсліў, што Беларусь – частка Еўропы і выказаў нечаканае меркаванне, што Польшча сябе адчувае некамфортна ў Еўразвязе без Беларусі і Украіны», -- сказаў Андрэй Саннікаў.

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» паведаміў, што падчас сустрэчаў з экс-прэзідэнтам Польшчы і старшынём Сената гэтай краіны абмяркоўваліся апошнія падзеі ў Беларусі, а таксама новая палітыка Еўразвяза ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

«Лепш за ўсё нашыя аргументы падтрымаў сам Лукашэнка, які аддаў тэрыторыю Беларусі пад ваенныя манеўры з Расеяй і абвесціў, што гэтае мерапрыемства будзе адбывацца ўвесь час. Я думаю, што пасля такіх дзеянняў сур'ёзныя палітыкі не павінны звяртаць увагі на пустыя абяцанні беларускага дыктатара», -- заявіў Саннікаў.

На ўрачыстасцях у Гданьску беларускія дэмакраты таксама сустрэліся са знакамітым польскім рэжысёрам Кшыштафам Занусі.

«Здзівіла, што сусветна вядомы рэжысёр добра ведае і прымае блізка да сэрца нашыя праблемы. Высветлілася, што Кшыштаф Занусі дапамагае шмат якім творчым людзям з Беларусі, асабліва моладзі. Занусі выказаў надзею на найхутчэйшую нармалізацыю сітуацыі ў нашай краіне», -- паведаміў Андрэй Саннікаў.

Лаўрэаты прэміі імя Леха Валенсы: Ладан і Ройя Баруманд, Шадзі Садр

Узнагароды ўручалі Лех Валенса, экс-прэм'ер Польшы Ян Кшыштаф Бялецкі і Станіслаў Шушкевіч

У офісе экс-прэзідэнта Польшчы

Станіслаў Шушкевіч і Лех Валенса адказваюць фотакарэспандэнтам

Рэжысёр Кшыштаф Занусі і прэзідэнт фонду Л. Валенсы Пётр Гульчынскі

На сустрэчы з Маршалкам Сената Польшчы Багданам Барусевічам

Беларускія апазіцыянеры разам з Кшыштафам Занусі

Зміцер Бандарэнка ў офісе Леха Валенсы

Зміцер Бандарэнка, Андрэй Саннікаў, Лех Валенса, Станіслаў Шушкевіч

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках