26 лiстапада 2024, aўторак, 6:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навумаў апраўдваецца за адстаўку Хэнлана

16

Былы трэнер «Дынама» Глен Хэнлан кіраўніка Федэрацыі хакея Уладзіміра Навумава проста ігнаруе, а новы не каментуе прызначэнне.

Менскае «Дынама», саступіўшы хабараўскаму «Амуру» (1:4) у чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі, страціла магчымасць увайсці ў зону плэй-оф на Захадзе. Але галоўнае здарылася на пасляматчавай прэс-канферэнцыі, на якую галоўны трэнер «Дынама» не прыйшоў. Замест яго перад журналістамі выступіў кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Уладзімір Навумаў, абвясціўшы, што ўвесь трэнерскі штаб каманды адпраўлены ў адстаўку. У сераду, 21 кастрычніка, камандзе будзе прадстаўлены новы рулявы — шматгадовы капітан зборнай і цяперашні настаўнік «Гомеля» Аляксандр Андрыеўскі, піша газета «Салідарнасць».

На пытанне, ці ўзгадняў ён адстаўку Глена Хэнлана з прэзідэнтам НАКа Аляксандрам Лукашэнкам, Уладзімір Навумаў адказаў адмоўна. «Гэтае маё асабістае рашэнне. Хаця разумею, што не ўсімі яно можа быць успрынятае адназначна», -- заявіў кіраўнік ФХБ.

-- Вы ўсе бачылі сённяшнюю гульню, -- сказаў Уладзімір Навумаў (цытуецца па агенцтве БелТА). -- Я перакананы, што пры тым падборы гульцоў, які ёсць зараз у «Дынама», каманда так гуляць не павінна… Глен Хэнлан прасіўся ў адстаўку яшчэ чатыры гульні таму. Але ў мяне не было сумневу, што гэта трэнер высокай кваліфікацыі, і яго адстаўку я не прыняў. Зараз я чакаў, што Глен Хэнлан прыйдзе на прэс-канферэнцыю і растлумачыць усю сітуацыю. Але паколькі ён не прыйшоў, мне прыйшлося абвясціць пра адстаўку самому. Гэтае рашэнне прынятае не на эмоцыях. Казаў і кажу, што ў каманды няма характару. І цяперашні трэнерскі штаб не зможа яго выхаваць. Ёсць трэнеры, якія здольныя паспяхова працаваць з камандай толькі на кароткім адрэзку. Магчыма, ёсць доля і маёй віны ў тым, што няправільна пабудаваў працу трэнерскага штаба. Умовы ж для гульцоў у менскім «Дынама» створаныя цудоўныя. Думаю, яны зразумеюць нашае рашэнне.

Уладзімір Навумаў таксама распавёў, што за 20 хвілінаў да пачатку прэс-канферэнцыі размаўляў з галоўным трэнерам «Гомеля» Аляксандрам Андрыеўскім, якому прапанаваў узначаліць менскае «Дынама».

-- Думка запрасіць Аляксандра Андрыеўскага на пасаду настаўніка менскага «Дынама» у мяне ўзнікла яшчэ месяц таму. Таксама я разглядаў і такі варыянт, каб даверыць яму беларускую каманду, якая будзе ў наступным годзе выступаць у Маладзёжнай хакейнай лізе. На маю сённяшнюю прапанову Андрыеўскі адказаў маўчаннем, якое я расцэньваю як знак згоды. Усёткі ад такой прапановы цяжка адмовіцца. На той выпадак, калі б Андрыеўскі не пагадзіўся, я запрасіў бы ўзначаліць менскае «Дынама» настаўніка «Юнацтва» Міхаіла Захарава.

Аляксандр Андрыеўскі ў гутарцы з Уладзімірам Наумовым выказаў асцярогу, што не ўсе гульцы цяперашняга складу «Дынама» яго добра прымуць. На што старшыня хакейнай федэрацыі адказаў: «Тады будзеш гуляць складам «Гомеля» у Менску».

Ці застанецца Глен Хэнлан на пасадзе настаўніка зборнай Беларусі? Уладзімір Навумаў заявіў, што прапануе канадцу рыхтаваць дружыну да Алімпіяды ў Ванкуверы, але не ўпэўнены, што той адкажа згодай.

Калі канадскі спецыяліст адмовіцца, дык плана «Б» у Уладзіміра Наумова пакуль няма.

-- У мяне няма запаснога варыянту, але ёсць час - каля двух тыдняў. Ці не шкадую пра тое, што занадта рана адпусціў Міхаіла Захарава ўзначаліць зборную Украіны? Не. Вельмі хачу, каб ён прайшоў гэтую школу і давёў усім, у тым ліку і мне, што ён насамрэч сапраўдны трэнер, - заявіў Уладзімір Навумаў.

Аляксандр Андрыеўскі: шанец з прысмакам шоку

На афіцыйным сайце ХК «Дынама» ужо апублікаванае інтэрв'ю з Аляксандрам Андрыеўскім, якому ў сераду зраніцы павінна быць уручанае стырно кіравання камандай. Вестка пра круты паварот у яго трэнерскай кар'еры стала нечаканасцю і для настаўніка «Гомеля».

— Наагул ад каментароў пакуль хацелася б ухіліцца, ці мала што…

Але вы ўжо афіцыйна абвешчаныя як пераемнік Глена Хэнлана, і раніцай будзеце прадстаўленыя камандзе ў гэтай якасці.

— Бачыце, толькі заўтра раніцай, яшчэ цэлая ноч наперадзе. Але да прызначанага часу прыбуду ў Менск… Добра, пытайцеся.

Ці маглі вы, скажам, у аўторак удзень меркаваць, што вечар прынясе такую вестку?

— Не, вядома. У нас была каляндарная гульня з «Сокалам», тэлефанаванне з Менска з прапановай паступіла адразу пасля заканчэння нашай пасляматчавай прэс-канферэнцыі. Як снег на галаву.

Вашая першая рэакцыя?

— Адразу — шок. Але зараз ужо прайшоў хоць нейкі час, які быў неабходны на хаця б беглае асэнсаванне таго, што адбылося. Што магу сказаць — ад такіх шанцаў не адмаўляюцца. КХЛ — ліга, якая бурна развіваецца, магчымасць папрацаваць у якой даецца далёка не кожнаму.

Уяўляеце сабе цяперашні стан вашай новай каманды?

— Прызнацца, не вельмі. «Ужывую» не давялося ўбачыць ніводнага паядынку «Дынама». Ды і па тэлебачанні бачыў толькі адзін перыяд матчу з «Магніткай». Часта гульні «Гомеля» накладваліся на туры КХЛ ці да матчу, які нядаўняга прайшоў, паказвалі ў запісы занадта позна. Будзем разбірацца па ходзе.

Уладзімір Навумаў заявіў, што вам будзе дадзеная свабода пры выбары асістэнтаў, але вашаму гомельскаму памочніку Андрэю Скабелку пажадана застацца ля стырна «Гомеля»…

— Другое, напэўна, разумна. Што да кандыдатаў памочнікаў пры працы з «Дынама», дык такія-сякія думкі ў мяне ўжо ёсць. Але агучваць прозвішчы па зразумелай прычыне пакуль не хацелася б.

Верагодна, вы будзеце вольныя ўносіць і змены ў склад. Магчыма, захочаце ўзяць з сабой некалькіх хакеістаў «Гомеля» ці «узняць» вядомых вам выканаўцаў у аснову з салігорскага дынамаўскага фарм-клуба?

— І гэтага не выключаю. Але, ізноў жа, пакуль без абвяшчэння імёнаў.

Як паглядзіць на такое развіццё падзей кіраўніцтва «Гомеля»?

— Мяне запэўнілі, што ўсе магчымыя пытанні будуць уладжаныя.

Не ці выкліча цяжкасцяў праца са шматлікім легіёнам «Дынама»?

— Упэўнены, што праблемай гэта не стане, агульную мову знойдзем хутка. Увогуле ж, паўтаруся, для мяне гэта стане выдатнай школай працы на найвышэйшым узроўні.

Наступны матч менскае «Дынама» згуляе дома 22 кастрычніка з новакузнецкім «Металургам».

Уладзімір Навумаў і Глен Хэнлан некалькі дзён таму ўдзельнічалі разам у дабрачынным марафоне

Фота Юлія Дарашкевіч, "Наша Ніва"

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках