26 лiстапада 2024, aўторак, 6:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Шклове застрэліўся міліцыянт – ужо дзевяты за год

68

Участковы інспектар, лейтэнант міліцыі скончыў жыццё самагубствам з пісталета Макарава.

Трагедыя адбылася тыдзень таму. Участковы інспектар, лейтэнант міліцыі, знаходзячыся на службе, у абед прыехаў да маці ў кватэру і там стрэлам у галаву з пісталета Макарава застрэліўся, паведамляе «Ежедневник».

Пракуратура Шклова ў цяперашні час праводзіць разбіральніцтва, выяўляючы, якія прычыны прымусілі афіцэра міліцыі скончыць жыццё самагубствам.

У 2009 годзе МУС літаральна захліснула хваля самагубстваў міліцыянтаў. Так у красавіку ў Воршы з аўтамата проста ў збраярні застрэліўся маёр аддзела ўнутраных справаў на транспарце. Следам за ім у Менску з табельнага пісталета застрэліўся ўчастковы. Праз месяц, у траўні, павесіўся міліцыянт батальёна міліцыі Ленінскага аддзела аховы Берасця. У чэрвені наклаў на сябе рукі рэчыцкі АМАПавец. У жніўні скончылі жыццё самагубствам яшчэ два міліцыянты: у Барысаве застрэліўся супрацоўнік патрульна-паставой службы, а ў Менску павесіўся ўчастковы інспектар.

У верасні ў Чавускім РАУСе Магілёўскай вобласці літаральна на працягу двух-трох тыдняў адбыліся дзве спробы суіцыду супрацоўнікаў міліцыі. Спачатку спрабаваў застрэліцца супрацоўнік ізалятара часавага ўтрымання. Ён суправадзіў абвінавачанага на паседжанне суду, потым даставіў назад, выйшаў у двор РАУСа, дастаў пісталет Макарава і стрэліў сабе ў грудзі. Куля прайшла міма сэрца, пашкодзіўшы лёгкія. Самазабойцу атрымалася выратаваць. Праз пару тыдняў палез у пятлю міліцыянт-кіроўца Чавускага РАУС. Як распавялі сведкі, прыйшоўшы са службы, ён сеў на канапу, расклаў вакол фатаграфіі з сямейнага альбома, доўга глядзеў на іх, а потым кудысьці моўчкі выйшаў. Жонка знайшла яго павешаным у пуні.

Атрымліваецца, што з красавіка па кастрычнік, усяго за сем месяцаў, у Беларусі адбылося 9 спробаў суіцыду вартаўнікоў правапарадку, з якіх восем скончыліся трагічна.

Яшчэ год таму МУС з задавальненнем адзначала, што ў параўнанні з расейскімі міліцыянтамі, беларускія больш псіхалагічна ўстойлівыя і рэдка сканчаюць жыццё самагубствам. Калі ў Расеі за год, суіцыд ужываюць каля 200 супрацоўнікаў МУС, дык ў Беларусі фіксавалася 2-3 выпадкі ў год.

Як адзначала два гады таму МУС, гэтага атрымалася дасягнуць за кошт таго, што «прафадсяванне» прэтэндэнтаў на міліцэйскую пасаду было арганізаванае на належным узроўні. Паводле дадзеных МУС, яно складаецца з некалькіх этапаў.

Спачатку прэтэндэнт праходзіць гутарку ў тэрытарыяльным падраздзяленні, дзе плануецца праходжанне далейшай службы, затым ідзе праверка фізічнай і маральна-псіхалагічнай прыдатнасці асобы. А дэпрэсіўныя і іншыя расстройствы, якія перашкаджаюць займацца прафесійнай дзейнасцю, выяўляюць непасрэдна спецыялісты ваенна-медычных камісіяў. Яны ж ацэньваюць псіхічныя, фізіялагічныя, асабістыя, паводніцкія і інтэлектуальныя якасці чалавека. Заключнае выпрабаванне – індывідуальная гутарка з псіхолагам, які дае вызначэнне: «не цалкам» ці «у асноўным» адпавядае.

«На скарачэнне самагубстваў у органах унутраных справаў шмат у чым паўплывала стварэнне псіхалагічных падраздзяленняў, працаўнікі якіх закліканыя адсочваць сітуацыю ў міліцэйскіх калектывах. Гэта забяспечыла своечасовае рэагаванне на асабістыя праблемы супрацоўнікаў», -- паведамляла раней МУС. Цяпер ведамства маўчыць.

Між тым, досвед Расеі падказвае, што каля 60% самазабойцаў-міліцыянтаў, звярнуліся да скрайняга кроку ў стане алкагольнага ап'янення. І вось тут, магчыма і крыецца корань праблемы беларускага МУС. Як сведчыць міліцэйская статыстыка, толькі п'янымі за рулём у 2009 годзе міліцыянтаў пачалі выяўляць ледзь не ў два разы часцей, чым, напрыклад, у 2007 годзе.

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках