Таварышы, канец!
25- 22.10.2009, 13:26

Сайт www.charter97.org публікуе фатаграфіі забароненай беларускімі ўладамі выставы пра венгерскую Рэвалюцыю -- «Свабода і дэмакратыя».
Напярэдадні амбасадар Венгерскай Рэспублікі Феранц Контра адказаў на пытанні www.charter97.org.
-- Спадар Амбасадар, што значыць для Вас і Вашай краіны гэтая выстава?
-- 23 кастрычніка венгерскі народ святкуе 53 гадавіну рэвалюцыі 1956 года. Праз некалькі дзесяцігоддзяў, роўна 20 гадоў таму, у гэты ж дзень была абвешчаная Венгерская Рэспубліка. Гэта дзве самыя яскравыя падзеі 20 стагоддзя ў гісторыі нашай краіны. Гэта нашае нацыянальнае свята, і з гэтай нагоды мы хацелі паказаць выставу, якая ў 20 частках дэманструе 20 гадоў нашай гісторыі.
Мы дамовіліся з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі пра кошт, пра дату, пра месца правядзення выставы і прыёма з нагоды венгерскага нацыянальнага свята, аднак за восем дзён да гэтай даты нам адмовілі. Без тлумачэнняў. Тобок тлумачэнне было наступным: у нас ёсць свая выстава, і мы не можам размясціць вашую. Я павінен падкрэсліць, што мы хацелі выставіць як фатаграфіі гістарычных падзеяў, гэтак і здымкі сучаснай Венгрыі, яе купальняў, каб паказаць, як турыстам прыемна бавіць час у нашай краіне. Але нам не далі такой магчымасці. Мы вельмі шкадуем пра гэта, але прынялі гэта да ўвагі.
-- Як Вы лічыце, наколькі важна было для беларусаў убачыць гэтую выставу?
-- Я не хацеў бы даваць вам прамы адказ на гэтае пытанне. Я скажу, што гэтая выстава важная для нас. Чаму я пазбягаю прамога адказу? Гэтая выстава называецца «Свабода і дэмакратыя». Свабода і дэмакратыя ў Венгрыі, пра тое, як 20 гадоў таму мы навучыліся размаўляць з апазіцыяй.
Тут ёсць фатаграфіі, на якіх бачна, як міліцыя ганяецца за апазіцыянерамі, якія потым сталі палітыкамі, міністрамі, дэпутатамі парламента.
Тут ёсць інфармацыя пра тое, што ў нас 20 гадоў таму адбыўся круглы стол, за які селі ўлада і апазіцыя і дамовіліся, што змена сацыялістычнай сістэмы, якая зжыла сябе, адбудзецца мірна. Гэта важныя гістарычныя падзеі. Затым прайшлі свабодныя парламенцкія выбары, і апазіцыя прыйшла да ўлады.
Гэтая выстава важная для нас. Яна перакладзеная на пяць ці шэсць моваў і з поспехам прайшла ў розных краінах свету, у тым ліку ва Украіне і Расеі. Нідзе не было праблемаў з гэтай выставай, толькі ў Беларусі, і я вельмі шкадую пра гэта.
-- А чаму менавіта ў Беларусі, на Ваш погляд, узніклі праблемы?
-- Я думаю, што сама назва выставы для некаторых людзей гучыць дзіўна. Ніхто не прасіў у нас матэрыялы загадзя, пра гэта казалі толькі ў мяне ў кабінеце ці ў карэспандэнцыі з Будапештам. Не ведаю. Відаць, хтосьці падумаў: а навошта нам выстава?
Калі людзі цікавяцца, калі яны хочуць знаёміцца з гісторыяй Венгрыі, нам гэта вельмі прыемна. Я не ведаю, каму не спадабалася гэтая выстава. Але я ўсёткі думаю, што гэтае рашэнне – не даць нам магчымасць паказаць, павярнулася супраць таго ці тых людзей, якія забаранілі. Зараз узнік ажыятаж. Мы чытаем на сайтах і ў блогах, што людзі хочуць ведаць, дзе можна паглядзець выставу.
Я буду вам вельмі ўдзячны, калі сайт Хартыі’97 размесціць фатаграфіі з выставы. Я думаю, чым больш людзей змогуць азнаёміцца з гэтай выставай – тым лепш. Падчас учорашняга прыёму мы маглі паказаць выставу толькі гасцям, а гэта ўсяго 200-250 чалавек. А так выстава будзе дасягальная для ўсіх, хто цікавіцца нашай гісторыяй.
ВЕНГРЫЯ: АД ПАДЗЕННЯ ЖАЛЕЗНАЙ ЗАСЛОНЫ ДА ДАЛУЧЭННЯ ДА ШЭНГЕНСКАЙ ЗОНЫ






Тыя, хто ратуецца ад залпу 25 кастрычніка 1956 года ля Парламента















"Таварышы, канец!" – самы эфектны плакат перадвыбарчай кампаніі. Патыліца апошнягя савецкага ваеннаслужачага, генерал-лейтэнанта Віктара Шылава, які 19 чэрвеня 1991 г. пакінуў Венгрыю



УСЮ ВЫСТАВУ МОЖНА ПАГЛЯДЗЕЦЬ НА САЙЦЕ АМБАСАДЫ ВЕНГРЫІ Ў БЕЛАРУСІ