26 лiстапада 2024, aўторак, 1:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія пісьменьнікi абураныя «расейскамоўным» перапісам

9

У Беларусі дзявяты дзень працягваецца ўсеагульны перапіс насельніцтва. Найбольш спрэчак у грамадзтве выклікаюць анкетныя пытаньні, зьвязаныя з мовай.

Паэт і перакладчык Сяргей Законьнікаў паведаміў «Радыё Свабода», што перапісчыкі ў ягоным доме былі. Перапіс сям’і адбыўся, але не без інцыдэнтаў, характэрных для гэтай кампаніі

«Калі да мяне прыходзілі, я ляжаў хворы на грып, і на пытаньні адказвала жонка, -- кажа спадар Законьнікаў. -- Беларускамоўныя блянкі ў іх былі, але ніхто не запытаўся — а якія блянкі вам трэба? Пачалі запаўняць расейскія, а жонка тады і пытаецца: а беларускія ў вас ёсьць? Дык мы ж ужо пачалі запаўняць і нічога зьмяніць нельга — адказваюць. Ну, а тое, што адказвалі пра родную беларускую мову, то тут зразумела ўсё. Ну, якая ж мова можа быць, калі мы ў сем’ях нашых ва ўсіх — у маёй сям’і, у сям’і маіх дзяцей — усе размаўляем па-беларуску? Якая ж тут мова можа быць яшчэ?»

Перапісная кампанія не абмінула таксама і дом паэта Генадзя Бураўкіна. У сям’ю Бураўкіных перапісчыкі ўвогуле прыйшлі толькі з расейскамоўнымі перапіснымі лістамі.

«Была такая сытуацыя, што сьпярша мілая дзяўчына прыйшла і ў яе не было блянка на беларускай мове, -- гаворыць Генадзь Бураўкін. -- Я запытаўся: даруйце, але вы Канстытуцыю чыталі, што ў нас дзьве дзяржаўныя мовы? І што ў вас павінна быць у партфэлі палова блянкаў па-беларуску, а палова па-расейску? А яна адказала — ну вы ж разумееце, што ня я гэты партфэль складаю. Ну, і мы з жонкай адмовіліся зь ёй супрацоўнічаць, пакуль яна ня прыйдзе зь беларускім блянкам. Назаўтра яна прыйшла зь сяброўкай і беларускамоўнымі блянкамі, і мы міла і хораша закончылі працу. На ўсе пытаньні былі адказы, што родная мова беларуская, размаўляем дома па-беларуску. Усё б нармалёва было, калі б ня тое, што напачатку не было беларускіх блянкаў».

Падчас перапісу ў сям’і вядомага перакладчыка Васіля Сёмухі паўстала пытаньне ня толькі беларускамоўных блянкаў, але і роднай мовы.

«У першы дзень я іх адправіў. Яны прыходзілі другі дзень, бо я патрабаваў беларускамоўных блянкаў, -- паведаміў спадар Сёмуха. -- А ў іх на той момант не было ніводнага. Паабяцалі, што прыйдзем заўтра. Прыйшлі. Я пацікавіўся, колькі ў іх было беларускамоўных блянкаў, у іх было два — так нам далі — кажуць. Пыталіся — якая родная мова, якая засвоена першая, я ім адказаў, што заходнепалескі дыялект. Яны запісалі са зьдзіўленьнем».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках