25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сідорскі зноў едзе ў Маскву на сустрэчу з Пуціным

32

Прэм’еры сустракаліся ўсяго тры тыдні таму, і тады кіраўнік беларускага ўрада Сяргей Сідорскі вярнуўся ў Беларусь з пустымі рукамі.

Працоўны візіт прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага ў Маскву адбудзецца 28 кастрычніка. Ён возьме ўдзел у паседжанні Савета міністраў «саюзнай дзяржавы». Пра гэта паведаміў карэспандэнту БелТА прэс-сакратар прэм’ера Аляксандр Цімашэнка.

Адбудуцца таксама перамовы ў пашыраным складзе прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі Сяргея Сідорскага і Уладзіміра Пуціна.

Акрамя гэтага, у гэты дзень адбудзецца сустрэча кіраўніка беларускага ўрада з кіраўніком Сбербанка Расеі Германам Грэфам.

Паводле інфармацыі Сталага камітэта «саюзнай дзяржавы», будуць прааналізаваныя вынікі выканання Плана сумесных дзеянняў урадаў Беларусі і Расейскай Федэрацыі па мінімізацыі наступстваў фінансавага крызісу, паляпшэнню параметраў плацёжнага балансу, удасканаленню ўмоваў вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці і ўзаемнага гандлю, падведзены вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін за першае паўгоддзе 2009 года.

Узаемны знешнегандлёвы абарот Расеі і Беларусі ў першым паўгоддзі 2009 года склаў $10,5 млрд. Агульнае падзенне тавараабароту ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года склала 41,4%.

Як паведамілі ў Саўміне Беларусі, Савету міністраў «саюзнай дзяржавы» будзе таксама дакладзена пра падрыхтоўку Праграмы пашырэння расейска-беларускага супрацоўніцтва ў паліўна-энергетычнай сферы.

Нагадаем, што ў апошні раз прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі сустракаліся ўсяго тры тыдні таму – 6 кастрычніка. Тады на без таго няпросты фон расейска-беларускіх адносінаў наклалася інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі на прыканцы мінулага тыдня расейскім журналістам, дзе ён не толькі востра крытыкаваў палітыку Крамля ў адносінах Менска, але і абвінаваціў асабіста Пуціна ў развале «саюзнай дзяржавы». З улікам гэтага рэзультатыўнасць перамоваў прэм’ер-міністраў выклікала вялікія пытанні.

Асвятленне галоўнага пытання – адмовы Расеі вылучыць апошнюю частку крэдыту ў 500 млн. дал., за рашэннем якога і прыляцеў у Маскву Сідорскі, - прэм'еры ў прысутнасці прэсы абмяркоўваць не сталі. Пазней не паведамлялася ці абмяркоўвалася гэта праблема ўвогуле, і пытанне пра крэдыт так і застаецца не вырашаным. Падчас апошняй сустрэчы Пуцін нагадаў Сідорскаму пра тое, што Беларусь атрымлівае расейскія нафту і газ па нізкіх коштах, што стварае дадатковую ўстойлівасць эканомікі рэспублікі.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках