25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галівуд ашаламіла праўда пра Беларусь

31
Галівуд ашаламіла праўда пра Беларусь

Суўладальнік студыі «Dreamworks», стваральнік серыяла «Застацца ў жывых», вядучыя акторкі Галівуда і знакамітыя журналісты будуць уздымаць праблемы Беларусі ў свеце.

28 кастрычніка ў Лос-Анджэлесе адбыўся другі этап цырымоніі ўзнагароджання беларускай журналісткі Ірыны Халіп прэміяй Міжнароднага фонда жанчын у СМІ ў намінацыі «За мужнасць у журналістыцы». Першы этап, як мы ўжо паведамлялі, адбыўся 20 кастрычніка ў Нью-Ёрку.

Беларуская журналістка ўганараваная гэтай узнагародай разам з радыёрэпарцёркай з Камеруна Агнес Тае і журналісткай з Ірана Джыле Бан'ягуб. Прэмію ў намінацыі «За дасягненні цягам усёй кар'еры» атрымала таксама журналістка з Ізраілю Аміра Хас.

Цырымонія ўзнагароджання прэміяй у Лос-Анджэлесе прайшла ў вялікай бальнай залі аднаго з самых знакамітых галівудскіх гатэляў Beverly Hills.

«Гэта была вячэрняя цырымонія, у духу Каліфорніі Галівуда, а не дзелавога Нью-Ёрка. У залі сабраліся прадстаўнікі тэле- і кінаіндустрыі, вядомыя прадзюсеры кіно, тэлебачання, рэжысёры, акторы, дызайнеры, журналісты. Для іх, аказваецца, такога кшталту падзея не экзотыка, а норма. Гэтыя людзі спрабуюць сачыць за тым, што адбываецца ў свеце, бо, як ні парадаксальна, здавалася б «лянівая» Каліфорнія, «лянівы» Галівуд дастаткова актыўны», -- распавяла сайту www.charter97.org Ірына Халіп.

Арганізатарам цырымоніі быў адзін з самых знакамітых і ўплывовых галівудскіх прадзюсераў Дэвід Гэфан – суўладальнік (у тым ліку разам са Стывенам Спілбергам) студыі «Dreamworks», прадзюсер фільмаў «Інтэрв’ю з вампірам», «Лаўка жахаў», брадвейскіх мюзіклаў «Кошкі» і «Дзяўчаты мары».

«Зоркі Галівуда вельмі актыўныя ў сваёй грамадскай дзейнасці і падтрымліваюць, у тым ліку, журналістаў з краін, у якіх свабода слова падвяргаецца ганенням. Калі мы пазнаёміліся і Дэвід Гэфан, даведаўся, што я з Беларусі, ён сказаў: «Вы ведаеце, Беларусь - гэтае вельмі жорсткае месца». Бацькі Гэфана родам з Літвы, і ён сапраўды разумее, што такое жыць у нашай краіне», -- заўважыла Халіп.

Адным з ганаровых гасцей цырымоніі быў вядомы галівудскі рэжысёр Джэй-Джэй Абрамс – стваральнік серыяла «Застацца ў жывых» («Lost») і рэжысёр блокбастара «Місія невыканальная».

«Пры знаёмстве са мной Абрамс сказаў, што яму вельмі хочацца ведаць больш пра Беларусь, але Галівуд занадта гультаяваты, каб у рэдкія вольныя ад тэле- і кінавытворчасці хвіліны шукаць навіны з іншых кантынентаў. Недахоп інфармацыі адчуваецца вельмі востра, і вядомы рэжысёр папрасіў мяне дасылаць навіны з Беларусі, каб ён і яго дабрачынны фонд маглі распаўсюджваць іх у Галівудзе. Я сказала, у нас ёсць выдатны сайт www.charter97.org, у якога ёсць ангельская версія і ўсе навіны з Беларусі, у тым ліку і мае артыкулы. У адказ Абрамс запэўніў мяне, што будзе чытаць і распаўсюджваць навіны з сайта Хартыі’97. «Калі мы будзем ведаць, што ў вас адбываецца, мы зможам вам дапамагчы», - сказаў рэжысёр, маючы на ўвазе беларускую грамадзянскую супольнасць і журналістаў», - распавяла журналістка.

Прадстаўляла журналістаў прэміі Міжнароднага фонда жанчын у СМІ акторка тэатра і кіно Энджы Харман (вядомая ў Беларусі па серыяле «Закон і парадак»).

«Энджы Харман, якая таксама з'яўляецца праваабаронцай, заявіла, што зоркі Галівуда не так абыякавы, як можа падацца на першы погляд. Яны спрабуюць нешта рабіць, каб змяніць свет. Праблема - у адсутнасці інфармацыі пра Беларусь. І калі амерыканскія рэжысёры і акцёры будуць атрымліваць больш інфармацыі пра нашу краіну, то ў іх будзе больш магчымасцяў рэагаваць і чымсьці нам дапамагчы», -- распавяла Ірына Халіп.

Паводле журналісткі, перад выступам на цырымоніі, падчас якога яна паўтарыла сваю нью-ёркскую прамову, ёй не давялося нават тлумачыць галівудскай аўдыторыі, што за краіна Беларусь, і што тут адбываецца.

«За мяне гэта выдатна зрабіла вядомая тэлевядучая CNN Джудзі Вудраф. Яна не толькі працытавала словы Лукашэнкі аб тым, што ён думае пра свабоду слова, але і паведаміла пра апошнія акцыі апазіцыі ў Менску, пра тое, як амапаўцы збівалі і арыштоўвалі мірных дэманстрантаў, як не давалі фатографам і аператарам здымаць тое, што адбываецца, і пазбавілі журналістаў магчымасці збіраць сведчанні бязмежжа. Джудзі Вудраф паабяцала, што Беларусь стане важнай тэмай у амерыканскіх СМІ, таму што яны ўсё выдатна разумеюць, што такая дзяржава ў Еўропе не менш небяспечная за Іран, Ірак і Афганістан. І я вельмі спадзяюся, што пра Беларусь сапраўды будуць казаць у свеце», -- сказала беларуская журналістка.

Уразіла журналістку і тое, што пра лаўрэатаў прэміі «За мужнасць у журналістыцы» напісалі не толькі вядучыя амерыканскія СМІ, але і вядомы амерыканскі часопіс «Гламур».

«Журналісткі гэтага выдання сказалі, што для іх вельмі важныя актуальныя палітычныя навіны і становішча жанчын у прафесіі ў іншых дзяржавах света. Гэта мяне ўразіла, бо мне цяжка сабе ўявіць глянцавую прэсу дзе-небудзь у найбліжэйшых дзяржавах, якая ўдзяляе ўвагу жанчынам, якія змагаюцца – за правы чалавека, за свабоду слова, за экалогію, за што заўгодна. Актыўным жанчынам. А амерыканскі «Гламур» пра гэта піша. У ЗША ўсё ж цалкам іншая сітуацыя і ў амерыканцаў іншая ментальнасць», - сказала журналістка.

Узрушаючай была і сустрэча з акторкамі знакамітага серыяла «Дзёрзкія і прыгожыя», якія таксама прысутнічалі на цырымоніі:

«Чароўныя галівудскія красуні, якія прыйшлі на цырымонію, каб нас павіншаваць, вытрымалі разам з намі дзікі напад фатографаў. Пасля таго, як мы прастаялі хвілін 10 перад успышкамі фотакамер, я сказала: «Якая ў вас ўсё ж жахлівая праца! Калі ў вас так кожны дзень я не ўяўляю, як вы жывеце!». На што гэтыя мілыя «глянцавыя» дзяўчыны мне сказалі: «Ведаеш, у нас як раз усё лёгка. Вось як вы там, журналісты ў Беларусі, робіце сваю працу і выжываеце -- нам цалкам незразумела. Для нас тое, што вы робіце - гэта подзвіг».

Ірына Халіп і рэжысёр серыяла «Застацца ў жывых» Джэй-Джэй Абрамс

Аміра Хасс, Ірына Халіп і суўладальнік студыі «Dreamworks» Дэвід Гэфан

З Энджы Харман

Дзёрзкія і прыгожыя

З узнагародай «За мужнасць у журналістыцы»

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках