25 лiстапада 2024, панядзелак, 15:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сустрэча Сідорскага і Пуціна: гандаль працягваецца

22
Сустрэча Сідорскага і Пуціна: гандаль працягваецца

Сёння ў Маскве пройдуць перамовы прэм'ераў РФ і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Сяргея Сідорскага.

Расейскія СМІ адзначаюць, што ў сувязі з апошнімі падзеямі перамовы будуць складанымі.

Беларускія ўлады не хаваюць, што галоўная тэма сустрэчы — вылучэнне Менску апошніх $500 млн з ухваленага раней двухмільярднага расейскага крэдыту. Аднак перад прыездам Сідорскага кіраўнік Мінфіна РФ Аляксей Кудрын заявіў, што Расея не будзе крэдытаваць беларускую эканоміку.

Як піша газета «Коммерсант», сённяшнія перамовы Сяргея Сідорскага і Уладзіміра Пуціна наўрад ці будуць лёгкімі для беларускага боку. Негатыўны фон перад гэтай сустрэчай стварыў Аляксандр Лукашэнка, які ў канцы мінулага тыдня абрынуўся на расейскага прэм'ера з гучнымі абвінавачваннямі, заявіўшы, у прыватнасці, што менавіта Пуцін зрывае інтэграцыйныя працэсы паміж дзвюмя «саюзным» дзяржавамі. Пасля выступу беларускага кіраўніка назіральнікі ў Менску нават прагназавалі адмену камандзіроўкі Сяргея Сідорскага ў Расею. Аднак гэтыя чуткі адзі за адным абверглі прэс-сакратары беларускага і расейскага прэм'ераў Аляксандр Цімашэнка і Дзмітры Пяскоў.

Неафіцыйна расейскія чыноўнікі, якія курыруюць ва ўрадзе і ў МЗСе дачыненні з Беларуссю, угледжваюць у паводзінах Лукашэнкі спробу ўбіць клін паміж прэм'ерам і прэзідэнтам РФ.

Прычым далёка не першую. У МЗС РФ нагадалі, як падчас вераснёўскага візіту ў Літву Лукашэнка намякаў на канфлікт паміж Дзмітрыем Мядзведзевым і Уладзімірам Пуціным, заяўляючы пра «складаныя ўнутрапалітычныя канфігурацыі» у Расеі і «падводныя плыні» у Крамлі, якія толькі «калі-нікалі выскокваюць на паверхню». «Яму чамусьці здаецца, што паміж Пуціным і Мядзведзевым тлее канфлікт. І ён спрабуе на гэтым гуляць. Ён гэта робіць не толькі публічна, але і падчас двухбаковых кантактаў. Проста скардзіцца Мядзведзеву на Пуціна»,— распавёў удзельнік некалькіх раўндаў перамоваў прэзідэнтаў РФ і Беларусі.

Між тым расейскі адказ на выпад Аляксандра Лукашэнкі ўсёткі надыйшоў. Яго ўчора зраніцы абвесціў кіраўнік расейскага Мінфіна і перакананы праціўнік крэдытавання беларускай эканомікі Аляксей Кудрын. Ён паведаміў, што Масква не збіраецца вылучаць Менску апошні транш у $500 млн з крэдыту ў $2 млрд ($1,5 млрд беларускія ўлады ўжо атрымалі), а таксама не дасць Украіне запытаны ёю крэдыт у $5 млрд. «Пакуль мы не разглядаем працягу крэдыту Беларусі. На двухбаковай аснове не дамо»,— заявіў Кудрын. Паказальна, што пры гэтым кіраўнік Мінфіна распавёў пра планы ўрада РФ пазычыць грошы Сафіі і Белграду. Паводле яго словаў, зараз разглядаецца магчымасць вылучыць крэдыт Баўгарыі ў €3,8 млрд на будаўніцтва АЭС «Белене», а таксама дапамагчы Сербіі з пакрыццём бюджэтнага дэфіцыту і фінансаваннем шэрагу інвестыцыйных праектаў.

Аляксей Кудрын і раней выказваўся супраць крэдытавання Беларусі, намякаючы на тое, што перад гэтым беларускім уладам варта абгрунтаваць неабходнасць атрымання грошай і пераканаць расейскі бок у тым, што яны змогуць расплаціцца. Відавочна, доказы плацёжаздольнасці падаліся Кудрыну непераканаўчымі. Ва ўсялякім выпадку, у Мінфіне РФ патлумачылі нежаданне крэдытаваць Беларусь сумневамі ў тым, што Менск зможа вярнуць даўгі.

«Знешнегандлёвы дэфіцыт Беларусі ў студзені—ліпені гэтага года склаў больш за $4 млрд. Аб'ём іх золатавалютных рэзерваў падтрымліваецца на ўзроўні $3 млрд. толькі за кошт знешніх крэдытных рэсурсаў,— патлумачылі супрацоўнікі Мінфіна РФ, знаёмыя з фінансавым становішчам Беларусі.— Пры гэтым Менск разлічвае атрымаць да канца года ад МВФ каля $2 млрд і адначасова просіць грошы ў нас. Такая гонка за знешнімі запазычаннямі ставіць пад сумнеў здольнасць вярнуць у будучыні расейскія крэдыты».

Нягледзячы на заяву Аляксея Кудрына, у Менску ўсё ж разлічваюць, што па выніках перамоваў з Уладзімірам Пуціным Сідорскі прывязе з Масквы запаветныя $500 млн. «Беларусь працягне перамовы з Расеяй пра атрыманне $500 млн крэдыту,— заявіў учора беларускім СМІ міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец. — Дамоўленасці пра тое, што РФ дасць крэдыт, не знятыя. Наш зварот быў, і падыходаў сваіх мы пакуль не змянялі».

Так ці інакш, але пасля таго, як Лукашэнка выказаў усё, што ён думае пра Уладзіміра Пуціна, Сяргею Сідорскаму сёння трэба будзе вельмі пастарацца, каб з'ехаць на радзіму не з пустымі рукамі. Тым больш што ў Крамлі назапасілі цэлы спіс нявыкананых беларускімі ўладамі абяцанняў. Прычым як палітычных кшталту непрызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, гэтак і эканамічных.

Найбольш значныя з іх датычаць паліўна-энергетычнай сферы. Па словах крыніцы «Коммерсанта» у адміністрацыі прэзідэнта РФ, яшчэ ў красавіку бакі дамовіліся актыўна супрацоўнічаць на гэтым накірунку. А ў чэрвені беларускаму боку быў накіраваны адпаведны план дзеянняў, які з расейскага боку рыхтаваў віцэ-прэм'ер Ігар Сечын. У ім ідзе гаворка пра буйныя інвестыцыйныя праекты ў газавай, нафтавай і газахімічнай прамысловасці і ўдзел расейскіх кампаніяў у прыватызацыі НПЗ «Нафтан», «Гродна Азот» і іншых.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках