25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Ладуцька: «Супраціў магчымы, і ўлада не ўсемагутная»

1

Моладзевыя лідэры каментуюць акцыю салідарнасці, якая прайшла 16 лістапада на Кастрычніцкай плошчы Менска.

«У адрозненне ад акцыяў салідарнасці ў верасні і кастрычніку, сённяшняя разагнаная не была. У першую чаргу я звязваю гэта са стойкасцю дэмакратычных актывістаў. Сваімі жорсткімі дзеяннямі ўлада хацела запалохаць патэнцыйных удзельнікаў. Але яны ўбачылі, што людзей на акцыях менш не становіцца, а рэзананс атрымліваецца гучным. Да таго ж, я думаю, улады проста спалохаліся, што пытанне адносна санкцыяў, якое разглядаецца ў Брусэлі, будзе разгледжанае не на іх карысць. Па-мойму, гэта вельмі відавочны адказ тым, хто кажа, што санкцыі на беларускі рэжым не дзейнічаюць. На самой справе рэжым вельмі баіцца санкцыяў і нават пагрозы неістотных санкцыяў», - заявіў у інтэрв'ю jeans-by.com адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

«Акцыя 16 лістапада - гэта маленькая перамога дэмакратычных сілаў. Не толькі таму, што яна прайшла без затрыманняў. Нашая заслуга, несумнеўна, у гэтым ёсць: калі мы кожны раз прыходзім на плошчу, нягледзячы на збіццё і арышты, мы яскрава даем зразумець уладзе, што такімі метадамі нас спыніць нельга, што мы гэтага не баімся. Таму мірнае правядзенне Дня салідарнасці - гэта дасягненне кожнага адважнага чалавека, які ўдзельнічаў у папярэдніх акцыях.

Аднак нашая перамога галоўным чынам заключаецца ў тым, што ў неймаверна цяжкіх умовах, у атмасферы страху, мы змаглі мабілізаваць на акцыю каля паўсотні чалавек. Зараз нават для шмат якіх беларусаў, якім неабыякавая праблема палітвязняў, акцыі 16 дня месяца ўяўляюцца толькі збіццём і магчымасцю быць затрыманым. Нашая задача - гэты стэрэатып разбурыць. 29 кастрычніка, вывесіўшы 100 нацыянальных сцягоў над праспектам Незалежнасці, мы паказалі, што ў нашай краіне можна змагацца з рэжымам і можна перамагаць. 16 лістапада мы гэта пацвердзілі. Супраціў магчымы, і ўлада не ўсемагутная. Кожны беларус можа зрабіць свой пасільны ўнёсак у агульную справу», - заявіў у інтэрв'ю актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алег Ладуцька.

16 лістапада на працягу 40 хвілінаў дэманстранты стаялі на плошчы з партрэтамі палітвязняў і бясследна зніклых апазіцыянераў, транспарантам «Мы памятаем» і бел-чырвона-белымі сцягамі. Супрацоўнікі міліцыі, насуперак звычаю, не перашкаджалі мірнай акцыі. Тым не менш, за Палацам рэспублікі на плошчы стаялі аўтазакі і аўтобусы, поўныя супрацоўнікаў АМАПа.

Нагадаем, што ўсе мінулыя акцыі салідарнасці на Кастрычніцкай плошчы былі жорстка разагнаныя супрацоўнікамі АМАПа, іх удзельнікі былі збітыя і арыштаваныя. Мірны ход цяперашняй акцыі яе ўдзельнікі звязваюць з тым, што сёння ў Брусэлі разглядаецца пытанне падаўжэння візавых санкцыяў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў з боку Еўразвяза.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках