25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Козік вылучыў Мілінкевіча ў каардынатары ад Беларусі

39

З такой ініцыятывай кіраўнік афіцыйных прафсаюзаў выступіў на Грамадзянскім форуме краін «Усходняга партнёрства».

Нагадаем, што першае паседжанне Форума грамадзянскай супольнасці праходзіла 16 і 17 лістапада ў Брусэлі. Канферэнцыя арганізавана Швецыяй, якая старшынюе ў Еўразвязе, Еўракамісіяй і Сацыяльна-эканамічным камітэтам ЕЗ. У ёй бралі ўдзел каля 240 грамадскіх арганізацый з шасці краін-партнёраў – Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Гэта няўрадавыя арганізацыі, аб’яднанні працадаўцаў і прафсаюзы. З Беларусі былі запрошаныя прадстаўнікі 27 арганізацый.

Падрабязнасці пра тое, як праходзіў Форум, сайту charter97.org распавёў прадстаўнік Хартыі’97 і грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзімір Кобец.

«Вынікамі працы Форума стала прыняцце выніковага дакумента, які будзе прадстаўлены 8 снежня гэтага года Радзе міністраў Еўразвяза для практычнага выкарыстання. Хачу адзначыць, што ключавымі момантамі, адлюстраванымі ў дакуменце, сталі патрабаванне Форума вызваліць палітвязняў у краінах «Усходняга партнёрства», даць свабоду сродкам масавай інфармацыі, у тым ліку свабодны доступ да Інтэрнэту, дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства і правесці свабодныя выбары. Таксама ў выніковым дакуменце ўтрымліваецца прапанова адмены візавага рэжыму для грамадзян краін-удзельніц «Усходняга партнёрства», распрацоўкі для кожнай з краін «дарожнай мапы», а да гэтага – увядзенне бясплатных, шматразовых шэнгенскіх віз», -- паведаміў дэмакратычны актывіст.

Паводле Уладзіміра Кобеца, прыняццю выніковага дакумента ў такім фармаце паспрыяла таксама заяўленая на Форуме пазіцыя грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

«Намі была распаўсюджана заява пра сітуацыю ў Беларусі, якая склалася ад моманту далучэння краіны да праграмы «Усходняе партнёрства». У дакуменце канстатавалася, што ні па адным пункце сітуацыя з дэмакратыяй у Беларусі не палепшылася», - заявіў актывіст «Еўрапейскай Беларусі».

На яго думку, праявай салідарнасці з боку дэлегатаў з іншых краін стала абранне прадстаўніка Беларусі Сяргея Мацкевіча спікерам Форума. Менавіта ён уручыў выніковы дакумент мерапрыемства камісару Еўразвяза па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі добрасуседства Беніце Ферэра-Вальднер і кіраўніку МЗС Швецыі, якая старшынюе ў ЕЗ, Карлу Більдту.

Уладзімір Кобец адзначае, што ад Беларусі ў Форуме бралі ўдзел 27 арганізацый, аднак шмат хто з іх прадстаўлялі нікому невядомыя арганізацыі.

«Калі шчыра, многіх з іх я бачыў упершыню і не знаёмы з іх дзейнасцю ў Беларусі. Гэта да пытання пра адбор удзельнікаў форума. Час пакажа, якім чынам усе гэтыя людзі будуць працаваць. Дарэчы, дзіўным было тое, што старшыня афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік вылучыў прапанову абраць Аляксандра Мілінкевіча каардынатарам Форума грамадзянскай супольнасці ад Беларусі. Але гэта прапанова не атрымала падтрымкі», -- паведаміў актывіст.

Тым не менш, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» адзначае, што насамрэч Форум грамадзянскай супольнасці – выдатная і знакавая падзея.

«Тое, што прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці шасці постсавецкіх краін атрымалі магчымасць абмяркоўваць дзённыя праблемы сваіх краін у сталіцы Еўразвяза Брусэлі, у рамках праграмы «Усходняе партнёрства», дае надзею на тое, што праграма не застанецца сухім дакументам для нацыянальнай і еўрапейскай бюракратыі, а пойдзе на карысць простым людзям», -- заявіў Уладзімір Кобец.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках